Да подзвігу герояў дакраніся. Творчы праект СШ №1 г. Ляхавічы ўзнагароджаны дыпломам II ступені Міністэрства адукацыі
«Афганістан у лёсах нашых землякоў» – рэспубліканская дэкада грамадзянска-патрыятычных спраў, якая праходзіла ва ўстановах адукацыі краіны з 15 па 24 лютага, стала імпульсам для нараджэння новых тэматычных праектаў і конкурсаў.
Сёлета споўнілася 33 гады з дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Памяць пра тыя падзеі захоўваюць не толькі ветэраны баявых дзеянняў і іх сем’і, але і падрастаючае пакаленне.
У СШ № 1 да дэкады грамадзянска-патрыятычных спраў падышлі творча і адказна, распрацавалі пазнавальныя і цікавыя мерапрыемствы, а галоўным стаў удзел у рэспубліканскім конкурсе «У кожнага часу свае героі». У школе маюцца важкія напрацоўкі па афганскай тэматыцы, таму невыпадковы выбар намінацыі «Да подзвігу герояў дакраніся», дзе школьнікі выказвалі ўласнае бачанне афганскай вайны і ўдзелу ў ёй землякоў.
Задумы і ідэі настаўнік гісторыі Марына Глушко разам з педагогам-арга-нізатарам Вольгай Дыдышка ўвасобілі ў сацыяльную акцыю «Афганістан. Без права на забыццё». Акцыя ўключала шмат мерапрыемстваў і сустрэч: інтэрактыўную літаратурную пляцоўку «Афган. Наша памяць», адкрыты дыялог «Афганістан баліць у маёй душы…», конкурс відэаролікаў «У маім жыцці быў Афганістан», інтэрактыўны плакат, выс-таву кніг і г. д.
Асаблівы інтарэс у рабят выклікала экскурсія «Музей у чамадане» –
эмацыянальны расказ экскурсавода пра баявы шлях нашага земляка –
воіна-інтэрнацыяналіста выпускніка СШ № 1 Сяргея Сідора. Ён падзяліўся рэчамі, што нагадвалі яму пра дом у чужой краіне.
Патрыятычны ўрок «Выконваў заданне Радзімы» запрасіў школьнікаў на сустрэчу з воінам-інтэр-нацыяналістам земляком Юрыем Куніцкім, які расказаў пра сваю службу і ўзнагароджанне ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём «За адвагу», гаварыў і пра таварыства, уменне падтрымліваць адзін аднаго ў няпросты перыяд жыцця.
Актыўнічалі ў падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў навучэнцы з 10 «А» класа, члены БРСМ Вікторыя Навіцкая, Алена Жуган, Мікіта Болтуць, Ілья Шайкоўскі і Арцём Куляшэвіч.
Прадстаўнік творчай каманды Ілья Шайкоўскі абараняў праект у Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства, які выступаў і арганізатарам конкурсу пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Журы высока ацаніла працу нашых землякоў і ўзнагародзіла творчы праект дыпломам II ступені Міністэрства адукацыі.
– Вельмі прыемна ў Год гістарычнай памяці атрымаць такую адзнаку нашай з рабятамі дзейнасці. Лічу, што любоў да Радзімы, павагу да яе гісторыі неабходна выхоўваць на канкрэтных прыкладах, падзеях, асобах. А ўдзел школьнікаў у разнастайных конкурсах – гэта яшчэ і фарміраванне самастойнасці і даследчых уменняў, здольнасці аддзяляць галоўнае ад другараднага, прэзентаваць сябе і свае таленты, – падкрэслівае Марына Глушко.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва СШ № 1.