Сям’я Купрышаў: «За мір дзякуй, Беларусь!»

Бясцэннасць міру і шчаслівага жыцця сям’я Купрышаў, якая прыехала з Украіны, пазнала тут, на Ляхавіччыне

«Што за голас!», «Як цудоўна бярэ высокія ноты», «Вельмі прыгожа» – такія заслужаныя кампліменты гучалі ў адрас таленавітай выканаўцы Лізаветы Купрыш на адным з творчых конкурсаў. Такіх выступленняў, як і творчых перамог, у юнай зямлячкі ўжо надзвычай шмат.
Самабытны голас Лізаветы з кампазіцыяй «Спяваю табе, Перамога» нават гучаў на Чырвонай плошчы ў Маскве падчас святкавання 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Сёння 16-гадовая Лізавета Купрыш – наша зямлячка. Хаця нарадзілася яна ў Данецкай вобласці Украіны.
Ляхавіцкая старонка біяграфіі сям’і Купрышаў пачалася ў 2014 годзе. Тады сярод тысяч бежанцаў, якія ўцякалі ў нашу краіну ад вайны, што палымнела ва Украіне пасля так званай каляровай рэвалюцыі, былі Васілій і Руслана Купрышы разам з сынам Уладзіславам і дачкой Лізаветай. Лёсам наканавана ім было апынуцца ў Ляхавіцкім раёне, дакладней, у аграгарадку Нача.
– Лічу, што нашай сям’і па-сапраўднаму пашанцавала. Адразу пасля прыезду ў Беларусь мы атрымалі і жыллё ў аграгарадку Нача, і магчымасць хутка ўладкавацца на працу ў мясцовую гаспадарку, дачка пайшла вучыцца ў Начаўскую школу. Прынялі нас добразычліва і душэўна. Заўжды мясцовыя жыхары падтрымлівалі, падбадзёрвалі, шчыра клапаціліся. Колькі тут жывём, ні разу не пашкадавалі, што прыехалі. Гатова зноў і зноў паўтараць: беларусы – міралюбівыя і працавітыя, – расказвае Руслана Купрыш.
У сельгаспрадпрыемстве ў Русланы Міхайлаўны пасада надзвычай адказная – яна інжынер па ахове працы. Менавіта ад яе прафесіяналізму, дакладнага ведання нарматыўных дакументаў, а таксама ўмення знаходзіць агульную мову з работнікамі залежыць многае ў вытворчасці. Руслана Купрыш падкрэслівае, што кіраўніцтва гаспадаркі плённа працуе над стварэннем належных умоў для работнікаў у розных падраздзяленнях. Нездарма «Нача» прызнавалася лепшай па арганізацыі работы па ахове працы.
Але не толькі адданасцю прафесіі вызначаецца Руслана Міхайлаўна. Актыўная жыццёвая пазіцыя – таксама пра гэту прыгожую і шчырую жанчыну. Не дзіўна, што падчас жнівеньскіх падзей 2020 года, якія адбываліся ў нашай краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў, яна разам з іншымі неабыякавымі жыхарамі Ляхавіччыны ўдзельнічала ў мітынгу ў Брэсцкай крэпасці ў падтрымку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. І сёння з цеплынёй успамінае цудоўную атмасферу адзінства, якая там панавала!


– Украіна была і застаецца нашай Радзімай, там мы з мужам нарадзіліся, там з’явіліся на свет нашы дзеці. Але ветлівая і гасцінная Беларусь стала нашым другім домам. Не паўтарайце такіх памылак, беражыце тое, што ёсць у суверэннай Беларусі, прымнажайце яе багацці, не згубіце сваю незалежнасць. І яшчэ: не паддавайцеся на правакацыі тых, хто заклікае выходзіць на забастоўкі. Не працаваць – гэта паставіць крыж не толькі на эканоміцы краіны, асобнага прадпрыемства, але і на дабрабыце сваёй сям’і. А што тычыцца сельскай гаспадаркі, то ў нас клопатаў хапае заўсёды, нам не да забастовак. Як можна не любіць краіну, якая так гасцінна нас сустрэла. Уся наша сям’я паважае звычаі беларусаў, нам падабаецца ваш менталітэт, – разважае Руслана Купрыш.
«Малады, але вопытны і вельмі адказны – адным словам, спецыяліст-універсал» – так характарызуюць механізатара ААТ «Нача» Уладзіслава Купрыша. Ён задае тон і на пасяўной, і падчас апрацоўкі глебы і пасеваў, ды і за штурвалам збожжаўборачнага камбайна паказвае майстар-клас. Нездарма яго партрэт занесены на Дошку гонару сельгаспрадпрыемства. Пра тое, што юнак далёка пойдзе ў працоўных дасягненнях, можна было зразумець амаль адразу, як толькі ён стаў працаваць у «Начы» слесарам па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі. Амаль у першы год работы пераможна заявіў пра сябе на традыцыйным раённым конкурсе «Сапраўдны мужчына».
– Самае галоўнае – добрасумленна рабіць справу, якую табе даверылі.
І няважна, дзе і кім ты працуеш. Ад таго, як спраўляешся са сваім участкам работы, залежыць і агульны вынік, і, адпаведна, заработная плата. А як для чалавека сямейнага для мяне гэты аспект таксама значны, – гаворыць Уладзіслаў Купрыш. Дарэчы, Уладзіслаў – механізатар з вышэйшай адукацыяй, ён дыпламаваны спецыяліст у сферы арганізацыі перавозак і кіравання на аўтамабільным і гарадскім транспарце, гэту спецыяльнасць атрымаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту, што, безумоўна, дапамагае ў рабоце.


На жніве-2021 неаднойчы сярод тых, хто працай славіцца, гучалі і прозвішчы сямейнага экіпажа Уладзіслава і Васілія Купрышаў з «Начы». Сын і бацька віртуозна кіравалі камбайнам «КЗС-1218», прычым абавязкі старшага камбайнера ўскладзены на Купрыша-малодшага. Ён сябе на гэтай пасадзе паспрабаваў пазалетась у складзе маладзёжнага экіпажа з Яўгеніем Коктышам, а пачынаў яшчэ раней ў якасці другога нумара з Раманам Голя.
Шыкоўна засвяціўся Уладзіслаў Купрыш і на старонках раёнкі, і не толькі як перадавік на палявых работах, але і на подыуме «ЛВ», куды запрашаліся лепшыя маладыя кадры з усёй Ляхавіччыны. Прычым, аднолькава яму пасуе як рабочы камбінезон, так і дзелавы касцюм.
Менавіта на Ляхавіччыне нарадзілася яшчэ адна ўкраінская сям’я. Уладзіслаў ажаніўся са сваёй зямлячкай Ганнай, яна сацыяльны педагог, выпускніца Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. У маладой сям’і Купрышаў падрастаюць чатырохгадовы Арцёмка і Марк, якому ўсяго толькі восем месяцаў.
– Што яшчэ для шчасця трэба? У нас ёсць уладкаваны дом, работа, старэйшы сын наведвае дзіцячы садок, малыш расце, набіраецца сіл. Побач бацькі –дапамагаюць, падтрымліваюць. І, самае галоўнае, вакол віруе мірнае жыццё, – упэўнена маладая мама Ганна Купрыш.
Дысцыплінаваны, разважлівы, надзейны – гэта пра Купрыша-старэйшага. Васілій Мікалаевіч працуе майстрам-наладчыкам.
– А чаму б добра не працаваць? У «Начы» створаны выдатныя ўмовы, тэхніка добрая, з той, што псуецца, многае рамантуем сваімі сіламі. Калектыў таксама дружны. Мне і маёй сям’і тут камфортна. Так, мы зараз вельмі перажываем за тое, што адбываецца на нашай Радзіме – ва Украіне. Нікому не пажадаю перажыць жахі вайны, калі кожны дзень можа стаць апошнім, калі кожную хвіліну баішся за сябе і сваіх родных. Ніякай краіне нельга дапускаць такіх памылак. Апошні жудасны ўдар па Данецку, дзе загінулі нашы землякі, не паддаецца чалавечаму разуменню. «Блакітнае мірнае неба Беларусі» –
сёння гучыць з гонарам і вялікай каштоўнасцю жыцця. Зараз у нас, сельгаспрацаўнікоў, клопатаў хапае, з дня на дзень пачынаецца пасяўная кампанія. А ў сённяшніх умовах, калі Беларусіь ахоплена санкцыямі, трэба павялічваць выпуск сельскагаспадарчай прадукцыі. Над чым зараз і працуе «Нача», – гаворыць Купрыш-старэйшы.
Адназначна, у Начы Купрышы даўно сталі сваімі, нібы жылі тут шмат гадоў.
– Выдатная сям’я. Усе працавітыя, добразычлівыя, гатовыя прыйсці на дапамогу. З ускладзенымі на працоўных месцах абавязкамі спраўляюцца добра. Колькі ва Уладзіслава грамат за добрасумленную працу! Руслана Міхайлаўна – выдатны спецыяліст па ахове працы, а Васілій Мікалаевіч – майстар на ўсе рукі.
Лізавета – сапраўдная артыстка, праслаўляе гонар Ляхавіччыны культурнай, лічы, на міжнародным узроўні – перамагае на творчых конкурсах, – расказвае намеснік дырэктара ААТ «Нача» Галіна Рамейка.
– Як толькі сем гадоў назад прыехалі сюды з Украіны, яшчэ доўга ноччу не маглі спаць спакойна, сніліся выбухі. Разумею адчай і стан тых, хто зараз з’яўляецца бежанцам, як і тых, хто, нягледзячы ні на што, застаўся ва Украіне. Без слёз не магу слухаць навіны, глядзець рэпартажы з Украіны.
Як жа страшна, жудасна, балюча на душы і ў сэрцы за родных, сяброў, блізкіх. За ўвесь украінскі народ. Так хочацца, каб усё гэта хутчэй спынілася, каб паўсюдна ўладарыў мір, каб аднавіліся добрасуседскія братэрскія сувязі паміж народамі, каб, як і раней, мы маглі без праблем ездзіць адзін да аднаго ў госці, – узрушана гаворыць Руслана Купрыш і дадае: – Дзякуй, Беларусь, за мір!
А як жа цудоўна, калі вялікая сям’я Купрышаў збіраецца разам. Увесь свет круціцца вакол Марка і Арцёмкі. Для Лізаветы няма лепшай рэпетыцыі, чым выступленне перад роднымі.
Яна, дарэчы, збіраецца выбраць прафесію Радзіму абараняць. А дарослыя радуюцца таму, што ўсё ладзіцца на рабоце, і вельмі ўтульна ў доме, і цяпер ужо ў роднай Беларусі, якая стала другой радзімай.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.