Сем праменняў шчасця. У Ляхавічах выбралі лепшую мнагадзетную сям’ю
Як жа ганарова і пачэсна гучыць: «Ордэнам Маці ўзнагароджваецца…». Менавіта з гэтай узрушана-шчымлівай нагоды ў мінулую пятніцу ў гарадскім Доме культуры пачаўся раённы агляд-конкурс «Лепшая шматдзетная сям’я-2022». Ганаровая місія ўручыць узнагароду дзяржаўнай важнасці зямлячкам, якія нарадзілі і выхоўваюць пецярых дзяцей, прадастаўлена старшыні раённага Савета дэпутатаў Юрыю Чаранкевічу.
Пад апладысменты прысутных на сцэну падымаюцца ляхавічанкі Марына Калоша і Кацярына Палуян. Ім, такім мілым і прыгожым захавальніцам самейнага ачага, клапатлівым і працавітым, надзейным і добразычлівым – не толькі любоў дзяцей і мужа, але і грамадскае прызнанне і дзяржаўная адзнака і падтрымка.
Юрый Чаранкевіч павіншаваў жанчын з такой значнай узнагародай і са шчырымі пажаданнямі ўручыў ордэн Маці і, канешне ж, кветкі.
Таксама ён адзначыў, што ў Беларусі шматдзетным сем’ям аказваецца асаблівая падтрымка – гэта і дапамогі, і прадастаўленне льготаў на будаўніцтва жылля, і сямейны капітал, і шэраг іншых прэферэнцый.
І вось ён, трыумфальны пачатак конкурснай праграмы. У якасці прэтэндэнтаў на перамогу – сем’і Біза, Палуянаў, Марцінкевічаў. Знаёмімся разам з журы і гледачамі з кожнай.
Алена Мікалаеўна, Яўгеній Іванавіч Біза і іх тры прыгажуні Лізавета, Кацярына, Анастасія. Кацярына Рыгораўна – мама, Рыгор Іванавіч – дзядуля і іх выдатная дзіцячая пяцёрка – Сафія, Таццяна, Мацвей, Ясенія, Ксенія (яна – студэнтка, зараз на вучобе, таму не змагла прысутнічаць на конкурсе) – гэта Палуяны. У Марцінкевічаў наступны склад: Святлана Іванаўна, Уладзімір Уладзіміравіч і малодшыя – Алеся, Яўгеній, Аляксей.
Пачалася фінальная частка спаборніцтваў. Папярэдняя стартавала раней у выглядзе імправізаванай выставы-прэзентацыі, якая размясцілася тут жа ў зале. Разнастайныя дыпломы, падзякі – дарослым за працу, дзецям за поспехі ў вучобе, спорце, творчасці, а таксама вырабы на любы густ, якія стваралі сем’і ў вольны ад вучобы, работы, хатніх спраў час.
Кожная сям’я падрыхтавала адметную візітную картку, дзе адлюстраваны асноўныя падзеі ў жыцці дарослых і дзяцей, гісторыя свайго роду, а таксама расказ пра сямейныя традыцыі і звычаі, поспехі і дасягненні бацькоў і дзяцей. «У ляхавіцкім царстве, у сямейнай дзяржаве» – так пачала сваё прадстаўленне сям’я Біза. І, як высветлілася, яны не толькі пабудавалі і зрабілі ўтульным дом, але яшчэ ахвотна ездзяць у падарожжы, у тым ліку і па прыгожых мясцінах Ляхавіччыны. З якой жа любоўю і пяшчотай Палуяны расказвалі пра гісторыю сваёй сям’і, ахарактарызаваўшы яе так: «Мы – сем «я». Дарэчы, у іх родзе нямала жанчын-продкаў, якія калісьці былі ўзнагароджаны ордэнам Маці.
А яшчэ іх аб’ядноўвае вера ў Бога. Марцінкевічы нездарма
выйшлі ў беларускіх нацыянальных касцюмах. Яны любяць сваю Радзіму – квітнеючую Беларусь і ўтульную Ляхавіччыну. Старшыня
журы, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень шчыра падзякавала Марцінкевічам за тое, што яны прэзентавалі фотаздымкі прыгожых ляхавіцкіх краявідаў. Візітоўкі былі настолькі шыкоўнымі, разнапланавымі, захапляльнымі і цікавымі, што журы кожнай камандзе прысудзіла максімальную колькасць балаў.
Да чаго ж азартна, весела, на высокай ноце прайшлі конкурсы «Вачыма дзяцей», «Інтэлектуальны», «Зразумей мяне», дзе неабходна было прадэманстраваць фантазію, крэатыўнасць, уменне слухаць і хуткую рэакцыю.
Супер! Так адным словам можна было ацаніць заключны конкурс – творчы. Падчас яго апладысменты не сціхалі: сем’і дэманстравалі свае таленты. Кацярына Біза так віртуозна іграла на фартэпіяна, а яе бацька Яўгеній прыгатаваў фірменны торт «Птушынае малако». Апладысменты, шмат усмешак і мноства «дзякуй» – усё гэта адрасавана сям’і Палуянаў за прыпеўкі. Творчыя, актыўныя, вынаходлівыя, дружныя – такія яны, Марцінкевічы. А выдатны танец – таму яскравае пацвярджэнне.
Усе каманды паказалі выдатны прыклад, што сапраўдная сям’я багатая на таленты. Перамогу журы прысудзіла сям’і Біза. Але без грашовых сертыфікатаў і шматлікіх падарункаў не засталіся і іншыя каманды. Спонсарамі мерапрыемства выступілі раённыя арганізацыі ГА «Белая Русь», «Беларускі саюз жанчын», Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, а таксама ТЦСАН.
Толькі найлепшых слоў падзякі ў свой адрас заслугоўваюць супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якія з цеплынёй і клопатам арганізавалі, падрыхтавалі і правялі цудоўнае сямейнае свята, дзе камфортна было ўсім – удзельнікам і гледачам. А музычныя падарункі дарыў ансамбль «Ляхавіцкі настрой» і актыўныя наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян.
Галіна КАНЬКО.