Ляхавіччына: «Сафія» зноў дапамагае
Добрыя, карысныя справы не ведаюць межаў і перашкод. А канкрэтная дапамога заўжды дарэчы. Тым больш, калі адрасавана яна ўстановам, якія клапоцяцца пра жыццё і здароўе людзей. Геаграфія добрых спраў міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання «Сафія» вельмі шырокая. Дэвіз аб’яднання – «Дапамагаць людзям, каб яны змаглі ў далейшым дапамагчы самі сабе».
«Сафія» ўжо дапамагала ўстановам аховы здароўя і сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на Ляхавіччыне. Калісьці гэта арганізацыя ў якасці спонсарскай дапамогі падарыла пральную машыну, ложкі, крэслы, сталы, шафы, тумбачкі, прасавальныя дошкі, прас, кухонны камбайн для жыльцоў Ганчароўскага дома сумеснага пражывання пажылых людзей і інвалідаў. Летась абноўкі – дзесяць новых ложкаў з матрацамі, дзесяць тумбачак, два бактэрыцыдныя цыркулятары паветра, супрацьпролежневыя матрацы, шэсць чатырохмесных набораў для сталовай – прыехалі ў Крывошынскую абласную псіхіятрычную бальніцу.
Сёлета «Сафія» зноў завітала ў наш раён з падарункамі. На гэты раз іх атрымальнікам стала Альхоўская бальніца сястрынскага догляду. Чатыры медыцынскія ложкі з матрацамі, шэсць прыложкавых тумбачак, тры супрацьпролежневыя матрацы, дэталі для ложкаў, пральная і сушыльная машыны – усё вельмі дарэчы для гэтай медустановы.
– Удзячны «Сафіі» за дапамогу. У Альхоўскай бальніцы сястрынскага догляду знаходзяцца ў асноўным пажылыя землякі, якім патрэбны асаблівы медыцынскі клопат і дапамога. І атрыманыя абноўкі абавязкова будуць выкарыстаны па прызначэнні, – адзначае галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіц-кая ЦРБ» Георгій Хлябовіч.
МДГА «Сафія» з 2019 года плённа супрацоўнічае з сацыяльнымі службамі, установамі аховы здароўя, адукацыі Брэстчыны.
Рэалізуюцца разнастайныя праекты, якія накіраваны на тое, каб агульнымі намаганнямі зрабіць умовы жыцця састарэлых грамадзян ці інвалідаў больш камфортнымі. За гэты час на Брэстчыне іх нямала: у Крывошынскай аблбальніцы, Маларыцкай цэнтральнай раённай бальніцы, аблпсіхбальніцы «Магілёўцы», Брэсцкай гарадской бальніцы паліятыўнай дапамогі «Хоспіс», Алтушскай бальніцы сястрынскага догляду ў Маларыцкім раёне, Брэсцкім сацыяльна-педагагічным цэнтры і іншых.
Галіна КАНЬКО.