Агонь не даруе памылак. Не паліце траву!
Гарачыя дні зараз у супрацоўнікаў РАНС: штодзень выязджаюць яны на тушэнне пажараў у экасістэмах, праводзяць прафілактычныя рэйды па папярэджанні ўзгаранняў сухой расліннасці. Увагай выратавальнікаў ахоплены ўсе населеныя пункты раёна. Прычым на прафілактыку працуюць у звязцы з зацікаўленымі службамі.
Агонь – працэс гарэння, які не паддаецца кантролю, справіцца з ім самастойна немагчыма. Дзеянні наўдачу ў такіх сітуацыях не праходзяць бясследна: жаданне выпаліць мінулагоднюю траву, сельскагаспадарчыя адходы, развесці вогнішча – усё гэта можа закончыцца знішчэннем домаўладанняў, а таксама стратай маёмасці. 23 сакавіка каля 17 гадзін выратавальнікі спяшаліся на тушэнне пажару ў вёску Літву – гарэў дах гаспадарчай пабудовы. Агонь не пакінуў шанцаў збудаванню. Прычына здарэння – палы травы.
З-за пажарнай сітуацыі выратавальнікі працуюць у рэжыме 24/7. Не паспявае астыць і спецтэхніка. З пачатку года на тэрыторыі раёна зарэгістравана 18 пажараў, у агні загінулі тры чалавекі, у тым ліку адно дзіця. Па стане на 23 сакавіка ў прыродных экасістэмах здарылася 57 узгаранняў на плошчы больш за
14 гектараў.
Можа варта задумацца над наступствамі нядбайных адносін да правілаў пажарнай бяспекі і спыніць безадказнасць, чалавек?!
Супрацоўнікі РАНС чарговы раз нагадваюць пра забарону выпальвання сухой травы на корані. У адпаведнасці з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі выпальванняў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 30 БВ. Пры нанясенні страты ў буйным памеры заканадаўствам прадугледжана і крымінальная адказнасць.
Пры выбары спосабу ўтылізацыі смецця прыярытэт лепш аддаць бяспечнаму. Калі ўсё ж вырашылі развесці вогнішча на сваім падворку, варта абавязкова выконваць меры бяспекі. Рабіць гэта трэба толькі ў бязветранае надвор’е і на бяспечнай адлегласці, не пакідаць агонь без нагляду. Пад рукой важна мець першасныя сродкі пажаратушэння.
Юрый БУЙКЕВІЧ, начальнік РАНС.