Маршрут адзінства і міру

«За адзіную Беларусь» – рэспубліканскі аўтапрабег
22 сакавіка сабраў разам прадстаўнікоў працоўных калектываў з усіх рэгіёнаў краіны, грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, дзяцей і дарослых, нераўнадушных патрыётаў Айчыны.
Калоны аўтамабіляў, быццам ручаі, уліваліся ў агульны транспартны паток,  які стартаваў ад Кургана Славы і прадоўжыў  шлях да мемарыяльнага комплексу «Хатынь».

Удзельнікі маштабнага аўтапрабегу аб’ядналіся, каб ушанаваць памяць ахвяр хатынскай трагедыі, якая здарылася 79 гадоў назад. Пра тыя жудасныя падзеі, што спынілі жыццё цэлай вёскі, адабралі права на заўтрашні дзень у 149 чалавек, з якіх 75 дзяцей, ведае кожны беларус. Хатынь стала сімвалам усіх беларускіх вёсак, спаленых у бязлітасным полымі Вялікай Айчыннай вайны.
Ляхавіцкая дэлегацыя, у складзе якой прадстаўнікі лясгаса, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, камунгаса і торфабрыкет-
нага завода, раённага аб’яднання прафсаюзаў, машыны
ўпрыгожаны дзяржаўнай сімволікай і сцягамі ведамстваў. Ляхавіччына ў адзінстве з усімі раёнамі! Нашы землякі прынялі ўдзел у мітынгу-рэквіеме і ўсклалі кветкі да мемарыяльнай пліты, на якой сярод іншых 186 населеных пунктаў высечана і назва вёскі з нашага раёна – Свяціца.
Мінута маўчання. Жалобны звон адгукаецца ў сэрцах беларусаў.
Удзельнікі памятнага маршруту падзяліліся з «ЛВ» эмоцыямі і ўражаннямі ад удзелу ў аўтапрабегу адзінства, падкрэслівалі важнасць падзеі ў Год гістарычнай памяці, падзяліліся сямейнымі гісторыямі пра лёс родных, якія зведалі ваеннае ліхалецце. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк упэўнена, што абавязак сучаснага пакалення – не дапусціць падобнай трагедыі.
– Падзеі вясны 1943 года востра ўспрымаем праз прызму сённяшняга дня. Ад таго на душы яшчэ больш балюча і горка. Трэба, каб усе цвёрда зразумелі каштоўнасць і крохкасць міру і спакою. Наш абавязак – ведаць гісторыю нашага народа – мужнага, стойкага і працалюбівага. Сёння мы, ляхавіцкая дэлегацыя, аддалі даніну павагі народнаму подзвігу, героям, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, – адзначае Тамара Пракап’юк.
– Пра хатынскую трагедыю балюча гаварыць, і немагчыма стрымліваць эмоцыі. Звычайная вёска, дзе людзі гадавалі дзяцей, сеялі і збіралі ўраджай, будавалі планы на будучыню… Такое ніколі не павінна паўтарыцца! – у намесніка дырэктара лясгаса Наталлі Адаменка на вачах выступаюць слёзы, калі яна расказвае пра Хатынь.
Свяціца – малая радзіма Яўгенія і Сяргея Рацэвічаў, якія працуюць у Ляхавіцкім лясгасе. З дзяцінства чулі пра трагічны лёс сваёй вёскі і землякоў. Для братоў удзел у аўтапрабегу – ушанаванне памяці ні ў чым не павінных аднавяскоўцаў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.