Аграрыі падрыхтаваліся па ўсіх пазіцыях. Ляхавіцкія аграрыі да пасяўной-2022 падрыхтаваліся дасканала. Тэхніка, удабрэнні, насенне і паліва – у поўнай гатоўнасці

Механізатар ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» Дзмітрый Юруць.

Некаторыя рэгіёны Брэстчыны адсеяліся ўжо ледзь ці не на дзясятай частцы сваіх ранне-пасяўных плошчаў. У нашым раёне пакуль суцэльныя на працягу тыдня арэлі. Тэмпературныя, калі дзённыя пад паўтара дзясятка градусаў цяпла падаюць да начных мінус двух-трох.
Разам з тым «падаюць» і надзеі аграрыяў выйсці ў палі з сеялкамі-пасяўнымі камбайнамі тут і зараз. Хоць раён у цэлым і кожная з гаспадарак у прыватнасці да такога разгортвання  падзей цалкам гатовыя – падрыхтаваліся па ўсіх пазіцыях. Калі не абсалютна, што бывае вельмі нячаста, то вельмі да таго блізка. І гэта меркаванне належыць першаму намесніку старшыні Ляхавіцкага райвыканкама – начальніку ўпралення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілію Пыжыку.
– Валодаем усім неабходным, каб правесці першы этап яравой сяўбы ў прымальныя тэрміны і з аптымальнай выканальніцкай якасцю. Тэхніка, насенны матэрыял, «гаручка», мінеральныя ўдабрэнні, кадры, настрой. Што яшчэ можа быць аргументам на карысць належнага выніку? – рытарычна пытаецца Васілій Мікалаевіч.
Яшчэ пільна неабходны пасяўныя цяпло і вільгаць, у наяўнасці якой аграрыі сёлета зацікаўлены надзвычай, засяроджаны на яе захаванасці асабліва.
Сеялак пакуль няма, але ў палях раёна назіраецца сапраўдны аншлаг тэхнікі. Амаль паўсюдна і не першы ўжо дзень працуюць апараты для ўнясення арганікі і мінеральных удабрэнняў, плугі, агрэгаты камбінаваныя ў якасці падрыхтоўшчыкаў глебы і культыватары-бароны на аперацыі па закрыцці ў ёй жа вільгаці. Працуюць усе і комплексна: ААТ «Жарабковічы», «Шлях новы» і «Нача», ЗАТ «Белпрампрыбор», ДП «Ліпнянка», СУП «Белазем’е», ЗТАА «Белдан».
ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», акрамя таго, што з’яўляецца адным з двух і найбуйнейшым вытворцам паўночнага шоўку, яшчэ і практыкуе вырошчванне яравых зерневых. Некаторай колькасці ячменю і, так бы мовіць, для сваіх патрэб, але, канешне ж, на карысць і ў залік раёна ў цэлым. Два нядаўнія дні апантанай работы льнозаводскіх «паляводаў» паставілі кропку на работах па фінальнай падрыхтоўцы плошчаў пад пасеў іменна ячменю. На леташнюю мінеральна ўдобраную з восені раллю спачатку выйшлі культыватары-бароны. Працавалі звышнарматыўна – яшчэ і пасля вячэрніх шасці гадзін быў заўважаны іх імклівы палявы бег, чуўся рытмічны гул матораў.
– Крытычна важна разабрацца з вільгаццю. Яе ў палях нямнога апрыёры. А тая, што ёсць, выпараецца з хуткасцю экспрэса, калі нічога не рабіць. Вось і робім: «закупорваем» яе, адсякаем шлях у паветра на карысць зваротнага накірунку – у глебу. На работах заняты тры спецыялізаваныя агрэгаты. Больш пакуль не патрабуецца, але рэзерв ёсць, – тлумачыць сітуацыю старшы аграном прадпрыемства Мікалай Герасімовіч.
Затым настае час агрэгатаў камбінаваных шыроказахватных. Пасля АКШ глеба набывае роўнасць, прыкачваецца, пазбаўляецца камякаватасці. Адным словам, выводзіцца пад сеялку.
У дзень наведвання заводскага сельгаспалетка, працаваў на ім тандэм АКШ. Адзін з агрэгатаў вёў Дзмітрый Юруць.
– Малады чалавек і механізатар са сталымі адносінамі да справы. Працаваў на заводзе яшчэ да прызыву ў войска, на яго ж вярнуўся пасля адносна нядаўняй дэмабілізацыі. Пакуль Дзмітрый кіруе АКШ, але гэта толькі на старце сезона. Будзе сяўба, догляд за пасевамі, перыяд цераблення льну, уборка трасты – будуць і новыя клопаты, іншыя заданні для Дзмітрыя. Думаю, справіцца, – характарызуе падначаленага Мікалай Герасімовіч.

Іван КАВАЛЕНКА.