Атэлье па модных законах. 27 сакавіка — Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі

КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» – прадпрыемства шматгаліновае, у гаспадарцы якога маецца і ўчастак «Бытавое абслугоўванне». Сёлета дзейнасць яго працаўнікоў ацэнена высокімі адзнакамі – закройшчыцы Вользе Рамановіч у намінацыі «бытавое абслугоўванне, гандаль і паслугі» за высокія дасягненні ў працы і вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Ляхавіцкага раёна па выніках работы за 2021 год прысвоена ганаровае званне «Чалавек года», а партрэт краўца Святланы Татарыновіч папоўніў Галерэю славы Ляхавіцкага раёна.

Святлана Татарыновіч і Вольга Рамановіч.

— Прафесіяналы шостага разраду, якія дасканала ведаюць усе нюансы тэхналогіі швейнай справы. Для іх няма розніцы, што ствараць: шыкоўнае паліто, прыгожая сукенка ці спецрукавіцы, –
такую характарыстыку дае сваім падначаленым майстар Ляхавіцкай ЖКГ Зінаіда Кумейша.
Калектыў участка бытавога абслугоўвання ці, як паміж сабой па-ранейшаму яго называюць калегі, атэлье – невялікі, але працаздольны: Вольга Рамановіч, Галіна Чарнэцкая, Святлана Татарыновіч і Алена Ляшкевіч. Прапісаны ўчастак у райцэнтры па вуліцы Леніна, 35, дзе прымаюць заказы на пашыў і рамонт адзення не толькі ад насельніцтва. Іх майстэрства запатрабавана прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна на пашыў спецадзення.
– Заказы паступаюць розныя, і кожны стараемся выка-наць так, каб кліент застаўся вынікам нашай работы задаволены, – падкрэслівае Вольга Рамановіч, якая займаецца не толькі раскроем матэрыялу для далейшага шыцця, але прымае і афармляе заказы, здымае меркі, робіць прымеркі, і г. д. У яе адказнасці таксама і хімчыстка, пракат рэчаў і іншае. Да справы адносіцца з ініцыятывай і творчасцю: параіць, які фасон падыходзіць чалавеку, што лепш будзе глядзецца на фігуры. Лічы, і дызайнер яна, і канструктар. У прафесіі Вольга Іванаўна 32 гады і справу сваю ведае выдатна. Стандартны раскрой, напрыклад, сукенкі, робіць без лякал –
вока напрактыкавана, і рука ўпэўнена кіруе нажніцамі. У багажы вопытнай закройшчыцы стварэнне адзення рознага фасону – на любы густ і ўзрост. Але адзін з заказаў усё ж адрозніваўся незвычайнасцю – сукенка-трансформер, якая пераўтваралася ў спадніцу, а тая – у штаны.

Роўныя, бы пад лінейку, выводзіць на машынцы радкі з нітак на тканіне кравец Святлана Татарыновіч. Сваю працоўную дзейнасць пачынала чатыры дзесяцігоддзі назад у Ляхавіцкім райбыткамбінаце, які з часам памяняў шыльду і падначаленасць, зараз з’яўляецца ўчасткам камунгаса. Святлана Віктараўна падкрэслівае, што вельмі любіць сваю работу і галоўная адзнака для яе, калі пашытая рэч становіцца ў заказчыка самай любімай.
За месяц калектыў участка бытавога абслугоўвання Ляхавіцкай ЖКГ выконвае больш за дзве сотні заказаў, сярод якіх і рамонт адзення, не менш за пяць соцень спецрукавіц, тры дзясяткі рабочых касцюмаў і іншае.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Слова віншавальнае

Раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў накіравалі віншаванні з прафесійным святам – Днём работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі – калектыву і ветэранам КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», усім, хто працуе і працаваў у сферы бытавога абслугоўвання і ЖКГ.