Дзе парадак, а дзе далёка да яго. З 21 сакавіка па 22 красавіка на Ляхавіччыне праходзіць месячнік добраўпарадкавання
Высвятлялі супрацоўнікі райЦГіЭ падчас сакавіцкага маніторынгу.
З 21 сакавіка па 22 красавіка на Ляхавіччыне праходзіць месячнік добраўпарадкавання.
Здавалася б, снег ужо даўно пакінуў наш райцэнтр, таму вуліцы, двары, тэрыторыі прадпрыемстваў і арганізацый павінны радаваць чысцінёй і парадкам, утульнасцю і камфортам. Так, дбайныя гаспадары прыклалі і аб’ядналі намаганні – і калі ласка, на іх тэрыторыях аптымістычная «парадкавая» карціна. Але, на жаль, з году ў год даводзіцца канстатаваць: не ўсе і не паўсюдна спяшаюцца развітвацца са смеццем, брудам, неўладкаванасцю. Хаця незразумела, няўжо самім прыемна, калі побач раскватараваўся бардак?
17 і 18 сакавіка супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогі праманіторылі вясновы парадак у Ляхавічах.
– Найбольш недапрацовак, крытычных заўваг на рахунку КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Спынюся на самых распаўсюджаных з канкрэтнымі адрасамі. Перапоўнены адходамі кантэйнеры для
збору другасных матэрыяльных рэсурсаў, засмечаны пляцоўкі ў дварах шматкватэрных дамоў № 54, 56, 62 па вуліцы Леніна. Паламаны лаўкі, урны каля пад’ездаў дамоў, у нездавальняючым стане дзіцячыя пляцоўкі і малыя архітэктурныя формы – такі беспарадак у дварах дамоў ад № 44 да № 52 таксама па вуліцы Леніна. Малапрыемная «парадкавая» карціна і каля пешаходных дарожак дома № 21б па вуліцы Чкалава, каля дома 37 па вуліцы Інтэрнацыянальнай, – аналізуе сітуацыю памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Данута Багдановіч.
Як заўжды, на кантролі санітарнай службы – і гаражныя масівы, і кааператывы. Як жа яны сустрэлі вясну?
– Смецце стала візітоўкай гаражных масіваў па вуліцах Чкалава, 60 гадоў Кастрычніка, Южакова (паміж першым і другім радамі), завулку Пушкіна (14 рад), па вуліцы Юбілейнай (звалка смецця паміж 11 і 12 радамі). Акрамя таго, у гаражным масіве па Юбілейнай засмечана і тэрыторыя адводнай канавы, не прыбрана сухая расліннасць, якую скасілі яшчэ мінулай восенню. Зноў праблемы ў гаражным масіве па вуліцы Арлоўскага: на тэрыторыі былой кантэйнернай пляцоўкі раскідана бытавое смецце, не высечана кустоўе, каля агароджы з боку тэрыторыі лясгаса ўладкавалася звалка рэшткаў драўніны, галін дрэў і будаўнічага матэрыялу, – прадаўжае пералік бесгаспадарчых адносін да добраўпарадкавання памочнік урача-гігіеніста.
Гарадскія могілкі – таксама зона адказнасці камунгаса. І тут ёсць пытанні да Ляхавіцкай ЖКГ. У прыватнасці, акцэнтавалі ўвагу супрацоўнікі райЦГіЭ на тым, што на праваслаўных могілках у райцэнтры тэрыторыя каля паўразбуранай капліцы, гаспадарчага вагончыка завалена бытавымі і будаўнічымі адходамі, беспарадак і каля кантэйнернай пляцоўкі. На каталіцкіх могілках (завулак Пушкіна) каля кантэйнераў для збору смецця складзіраваны будаўнічыя адходы.
Не па-гаспадарску сустрэла вясну і Ляхавіцкае райпо. Супрацоўнікі райЦГіЭ выявілі нямала фактаў неўладкаванасці. Данута Багдановіч сярод найбольш істотных правалаў у навядзенні парадку назвала кантэйнерныя пляцоўкі. Так, па даных санітарнай службы, раскіда-
ны ПЭТ-бутэлькі, смецце на пляцоўцы каля рэстарана «Ластаўка», перапоўнены кантэйнеры на рынку, там жа, каля мяснога павільёна, не прыбраны кветнікі ад мінулагодняй сухой расліннасці. Каля Дома гандлю кантэйнер і ўвогуле хутка згніе. Недалёка да траўмы, якую можна атрымаць пры ўваходзе ў магазін «Шчара», дзе разваліліся прыступкі, месцамі паадвальвалася плітка.
Не першы год не здымаецца праблема навядзення чысціні на тэрыторыі гаражнага кааператыва «АЎТО-2009», што на вуліцы Юбілейнай. І сакавіцкі рэйд паказаў наяўнасць смецця, склады з бітага шыферу, раскіданыя пластмасавыя бутэлькі.
Супрацоўнікі райЦГіЭ каля магазіна «Суседзі» так і не знайшлі кантэйнернай пляцоўкі, а паддоны, пустыя ёмістасці, поліэтылен захоўваюцца каля будынка магазіна. Няма сіл і часу прыбрацца і адказным за парадак на аўтадроме.
– У чарговы раз хочацца звярнуцца да жыльцоў жыллёва-будаўнічых кааператываў. Як можна спакойна хадзіць каля бардаку, глядзець, як вашы дзеці гуляюць сярод бруду? Гэта не толькі антысанітарыйна, але яшчэ і небяспечна. Вось некалькі прыкладаў такой абыякавасці. Каля ЖБК № 33 (дом № 46б па вуліцы Леніна) смецце вальготна сябе адчувае каля ўваходаў у падвалы. У ЖБК № 17 (вуліца Інтэрнацыянальная, 27) патрабуе рамонту і афарбоўкі
абсталявання дзіцячая пляцоўка, плюс нязменны атрыбут – смецце, – удакладняе Данута Багдановіч і дадае: – Па выніках маніторынгу адказным суб’ектам гаспадарання выдадзена 12 рэкамендацый для ўхілення выяўленых парушэнняў.
Вось такую сумна-непрыгожую, далёка не эстэтычную, карціну намалявалі землякі сваім зусім не гаспадарскім падыходам да месцаў, дзе жывём, працуем, адпачываем. Няўжо не сорамна і не агідна? Які прыклад дарослыя паказваюць дзецям? Лепшым адказам на гэтыя пытанні, будзе работа над памылкамі, а дакладней – сабрацца і талакой паклапаціцца пра чысціню і ўтульнасць на тэрыторыі, за якую адказваем.
Адназначна, сітуацыя з парадкам павінна выправіцца падчас месячніка па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі, што на Ляхавіччыне праходзіць з 21 сакавіка па 22 красавіка.
Галіна КАНЬКО.