Побач. Разам. Узаемна
Сёлета 2 красавіка 26-ы раз запар адзначаецца Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі
Свята сімвалізуе блізкасць народаў не толькі на культурным і гістарычным узроўнях, нас аб’ядноўвае і агульная сацыяльна-эканамічная прастора, якая працягвае актыўна фарміравацца, адкрывае ўсё новыя адрасы плённага і ўзаемакарыснага супрацоўніцтва. А падзеі апошніх дзесяцігоддзяў, што адбываліся ў нашых краінах, а таксама на міжнароднай арэне, асабліва падкрэслілі важнасць, мэтазгоднасць і нават неабходнасць такіх цесных братэрскіх моцных сувязей паміж дзвюма дзяржавамі. Бо толькі разам, аб’яднаўшы намаганні, мы можам супрацьстаяць разнастайным націскам з боку іншых краін, блокаў, якія мараць пра сусветнае панаванне. Усё больш трывалымі і моцнымі становяцца эканамічныя, адукацыйныя, культурныя, спартыўныя стасункі.
Вось толькі кароткі экскурс па нядаўніх узаемавыгадных мерапрыемствах.
Важнейшыя пытанні развіцця Саюзнай дзяржавы вырашаюцца на шматлікіх форумах, сустрэчах, у тым ліку з удзелам першых асоб Беларусі і Расіі. Адна з перагаворных пляцовак, на якой прадстаўнікі дзелавых колаў могуць дамовіцца пра спосабы супрацоўніцтва і заключыць кантракт, – форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. На працягу васьмі гадоў форум праходзіць пад эгідай верхніх палат парламентаў дзвюх краін – Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі. Супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі Расіі і Беларусі суправаджаецца ўзрастаючым уплывам сучасных лічбавых тэхналогій на важнейшыя сферы жыцця грамадства і дзяржавы, уключаючы ахову здароўя, эканоміку, нацыянальную бяспеку. І калі гэта ў маштабах краіны, то акцэнтуем увагу на супрацоўніцтве Беларусі і Расіі з вектарам на Ляхавіччыну.
Эканоміцы і гандлю зялёнае святло
Па інфармацыі аддзела эканомікі райвыканкама, рэгіёны Расійскай Федэрацыі з’яўляюцца асноўнымі замежнымі гандлёва-эканамічнымі партнёрамі прадпрыемстваў і арга-
нізацый Ляхавіччыны. За мінулы год тавараабарот паміж расійскімі і ляхавіцкімі прадпрыемствамі склаў 39,8 працэнта ад усяго тавараабароту нашага раёна, у тым ліку 45 працэнтаў прыпадае на экспарт, 27,3 працэнта – імпарт.
У больш за два дзясяткі расійскіх рэгіёнаў накіроўваецца значная частка ўсяго экспарту раёна. У самых розных кутках краіны-суседкі спажыўцы набываюць казеін вытворчасці СААТ «Ляхавіцкі малочны завод».
У шэрагу рэгіёнаў добра ведаюць ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», які пастаўляе ў суседнюю краіну плодаагароднінную кансерваваную прадукцыю. На добрым рахунку высакаякасныя электратэхнічныя тавары, што выпускае ТАА «Трансэлектракамплект». Кармавыя дабаўкі і рэгулятары росту раслін – вытворчая візітоўка ТАА «Фермент» знайшла сваіх пастаянных пакупнікоў не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі. Плённае ўзаемавыгаднае міжнароднае супра-
цоўніцтва з расійскімі прадпрыемствамі на пастаўку льновалакна ў
ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». Не першы год даспадобы расіянам яблыкі, які прадае са свайго сада фермерская гаспадарка «Уладзімір плюс». На экспарт адпраўляе прадукцыю і Ляхавіцкае райпо. Асвоіла і расійскі рынак з рознымі дэталямі з пластмасы ТАА «Кампазітная кампанія».
«Мы разам. Спорт»
Выдатна выступілі беларускія спартсмены на сакавіцкім чэмпіянаце Расіі па біятлоне, які праходзіў ва Уфе. Сярод пераможцаў і прызёраў – Дзінара Алімбекава, Ірына Лешчанка, Мікіта Лабастаў, Дзмітрый Лазоўскі, Антон Смольскі. Таксама за медалі пазмагаюцца беларускія страляючыя лыжнікі і на чэмпіянаце Расіі па біятлоне, які праходзіць у Цюмені з 30 сакавіка па 3 красавіка. Усяго там прымаюць удзел каля 150 спартсменаў з Расійскай Федэрацыі і Беларусі. І, як адзначаюць спартыўныя спецыялісты і гледачы, менавіта ўдзел не толькі расіян павышае ўзровень спаборніцтваў і канкурэнцыю на стартах. Паралімпійскія спаборніцтвы «Мы разам. Спорт» сталі альтэрнатывай Паралімпійскім гульням у Пекіне, куды апалітызаваныя сусветныя функцыянеры ад спорту не дапусцілі беларускую і расійскую дэлегацыі. Спаборніцтвы адбыліся з 17 па 20 сакавіка гэтага года ў Ханты-Мансійску. Расія выйграла медальны залік – на рахунку каманды 106 узнагарод, а беларуская паралімпійская дружына заняла другое месца з 16 узнагародамі. Трохкратнай чэмпіёнкай гульняў у лыжных гонках стала Валянціна Шыц, два золата і адно серабро ў актыве лыжніцы Святланы Саханенка. Чатыры медалі прывезла ў Беларусь Дар’я Федзьковіч. А вось наш зямляк, неаднаразовы прызёр Паралімпійскіх гульняў Дзмітрый Лобан заваяваў у беларускую скарбонку дзве бронзы. Узнагарода такой жа якасці і ў жонкі Дзмітрыя – Лідзіі. Яшчэ адно трэцяе месца на рахунку Рамана Свірыдзенкі.
На працягу больш чым дзесяці гадоў на базе Ляхавіцкай СДЮШАР праходзіў адкрыты турнір па лёгкай атлетыцы на прызы ўраджэнца Ляхавіччыны Генадзія Валюкевіча – майстра спорту міжнароднага класа, чэмпіёна Еўропы ў трайным скачку. Кожны раз тытулаваны спартсмен-зямляк асабіста прыязджаў на спаборніцтвы і ўручаў узнагароды лепшым. Для яго наш раён – куточак блізкай і дарагой сэрцу малой радзімы, а Расійская Федэрацыя, дзе жыў, стала другой радзімай. Але і пасля смерці Генадзія Валюкевіча, спаборніцтвы, арганізаваныя ім, абавязкова праводзяцца як даніна памяці чэмпіёну і рэкардсмену: турнір на прызы Валюкевіча стаў турнірам яго памяці.
Супраць каранавіруса таксама разам
Узгадваючы цесныя партнёрскія сувязі паміж краінамі-суседкамі, нельга не сказаць і пра медыцынскае супрацоўніцтва. Калі вярнуцца ў мінулы год, то Беларусь стала першай дзяржавай, якая афіцыйна зарэгістравала распрацаваную ў Расіі вакцыну супраць каранавіруса «Спутнік V» і паспяхова пачала прымяняць прэпарат. У сакавіку 2022 года ў Беларусі на РУП «Белмедпрэпараты» ў прамысловых маштабах стартаваў выпуск распрацаванай у Расіі вакцыны супраць COVID-19, потым пачалі ў нашай краіне прымяняцца і іншыя расійскія вакцыны супраць каранавіруса, а паралельна вяліся распрацоўкі аналагічнага беларускага прэпарата.
Студэнт – з Расіі, дыплом – беларускі
Традыцыйна развіваюцца расійска-беларускія адукацыйныя стасункі. Выпускнікі беларускіх школ паступаюць у сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы Расіі, а расіяне прыязджаюць за ведамі і будучай прафесіяй у Беларусь. У тым ліку ў Ляхавіцкі аграрны каледж. Зараз у ЛАКу на аддзяленнях ветэрынарнай медыцыны, плодаагароднінаводства і агранаміі вучацца пяцёра грамадзян Расіі.
Маладыя расіяне разам з беларускімі равеснікамі слухаюць лекцыі, выконваюць практычныя і лабараторныя работы, з задавальненнем удзельнічаюць у культурна-масавых і спартыўных мерапрыемствах. Адчуваюць сябе як дома: утульна, шчыра, гасцінна.
Творча, па-славянску
Трывалыя сувязі беларусаў і расіян правераны стагоддзямі. У нас агульныя славянскія карані і гісторыя, разам нашы народы далучалі Заходнюю Беларусь да БССР. У адзіным парыве разам з іншымі братэрскімі народамі Савецкага саюза перамаглі фашызм і заваявалі Вялікую Перамогу ў маі 1945 года. А хіба не факт нашага адзінства, што ў Беларусі сярод дзвюх дзяржаўных моў – руская. І мы, ляхавічане, шануем і з павагай адносімся да рускай літаратуры.
Вось адно з пацвярджэнняў сказанага – нямала вуліц і завулкаў, толькі ў райцэнтры, якія названы ў гонар расійскіх знакамітасцяў: Пушкіна, Лермантава, Чэхава, Горкага, Ламаносава, Гагарына, Чкалава… А побач і беларускіх зорак: Купалы, Пташука, Каліноўскага, Еўлашоўскага, Арлоўскага, Цітовіча і іншыя. Вельмі сімвалічны лёс сусветна вядомага рэжысёра Міхаіла Пташука, які нарадзіўся ў невялікай вёсачцы Федзюкі Ляхавіцкага раёна Беларусі, а трагічна загінуў у сталіцы Расійскай Федэрацыі, калі спяшаўся на кінафестываль «Ніка», дзе яго фільм «У жніўні 1944-га» быў пераможцам у некалькіх намінацыях.
Пачынаючы з 1998 года на міжнародным фестывалі «Славянскі базар» у Віцебску асобны дзень прысвечаны Саюзнай дзяржаве. Заснавана і спецыяльная прэмія Саюзнай дзяржавы, якая прысуджаецца за творы літаратуры і мастацтва, што ўносяць вялікі ўклад ва ўмацаванне братэрства, сяброўства і ўсебаковага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі-ўдзельнікамі.
З году ў год праводзяцца разнастайныя творчыя конкурсы, прадметныя алімпіяды, з удзелам расійскіх і беларускіх навучэнцаў, студэнтаў.
І сярод пераможцаў – юныя ляхавічане. У мінулым годзе да 80-годдзя пачатку гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці расійскі Цэнтр навукі і культуры ў горадзе Брэсце падвёў вынікі літаратурна-гістарычнага конкурсу «Каб не было вайны». Удзел у ім узялі навучэнцы 5–11 класаў устаноў адукацыі Брэстчыны. Сярод пераможцаў вучаніца Востраўскай СШ Марыя Калько, Ксенія Краўчэня з СШ № 1,
Таццяна Трафімчук з СШ № 2 і Максім Гаспадура з Падлескага ВПК.
У адкрытым акруговым конкурсе дзіцячай песні «Узыходзячыя зорачкі» ў расійскім горадзе Запалярным салістка дзіцячай вакальнай студыі «Фа-Солька» Дараўскага СДК Данута Злакаманава стала дыпламантам I ступені.
Не адстаюць ад дзяцей і нашы дарослыя землякі. Народная эстрадная студыя «Экспрэс» стала дыпламантам III ступені ў намінацыі «вакальная творчасць» міжнароднага конкурсу мастацтваў Grodna Star, удзел у якім прынялі не толькі беларускія і расійскія таленты, але і калектывы, выканаўцы з Літвы, Украіны і іншых краін. Мастацкі кіраўнік Падлескага СДК Вольга Якуніна ўзнагароджана дыпломам I ступені V Міжнароднага конкурсу мастацтваў «Вышыня», які праходзіў у Магілёве, у намінацыі «вакал, сола». Пастаянна на творчым п’едэстале – гэта пра неаднаразовых лаўрэатаў міжнародных фестываляў-конкурсаў «Жар-птушка» ў Маскве, «Вялікі Пакроў» у горадзе Курску, «Песня мая – Расія» ў Санкт-Пецярбургу – народную эксперыментальную вакаль-ную групу «Берагіня» Дараўскага СДК.
Багатую скарбонку творчых перамог сабрала народная арт-група
«ВІНС-акорд». Вось толькі няпоўны пералік мінулагодніх трыумфаў: дыплом І ступені ІІІ Міжнароднага шматжанравага анлайн-конкурсу «Музыка. Мір. Перамога» (г. Санкт-Пецярбург), пераможца конкурсу падчас Усерасійскай акцыі памяці, прымеркаванай да 76-й гадавіны Вялікай Перамогі «Мастацтва скрозь вайну» (г. Масква) і іншыя.
І эмоцыі, і ўражанні, і адпачынак
З Расіі ў наш раён прыязджае нямала людзей. Адны – у якасці турыстаў, каб пазнаёміцца з багатай гісторыка-культурнай спадчынай і палюбавацца маляўнічымі краявідамі, адпачыць. Папулярнасць беларускіх санаторыяў у расіян з году ў год павялічваецца, тут можна і выдатна адпачыць, і паправіць здароўе. Унесла свае карэктывы і пандэмія каранавіруса. У многіх беларускіх здраўніцах распрацаваны і паспяхова сябе зарэкамендавалі рэабілітацыйныя пасткавідныя праграмы. З поспехам імі карыстаюцца і госці з Расійскай Федэрацыі. Падабаецца нашым суседзям і каларытны з камфортам адпачынак у аграсядзібах, у тым ліку і Ляхавіцкага раёна.
Нямала сярод ляхавічан тых, хто працуе ў розных рэгіёнах Расійскай Федэрацыі. А некаторыя расіяне прыязджаюць на Ляхавіччыну жыць і працаваць. Як паведамілі ў аддзяленні па грамадзянстве і міграцыі РАУС, у Ляхавіцкім раёне 257 грамадзян Расіі маюць від на жыхарства, 27 атрымалі дазвол на часовае пражыванне ў Беларусі.
Галіна КАНЬКО.