Бярозавік, не падвядзі. У большасці лясніцтваў Брэсцкай вобласці нарыхтоўку арганізавалі яшчэ некалькі тыдняў назад, у Ляхавіцкім раёне першы бярозавік пайшоў толькі на гэтым тыдні. Да яго нарыхтоўкі прыступілі ўсе шэсць лясніцтваў

Сёлетняя вясна дакладна не спяшаецца. І гэта ўжо факт, які адчувальны не толькі ў полі, дзе пасяўная пачалася пазней, але і ў лесе: бярозы на Ляхавіччыне толькі-толькі дзеляцца гаючым сокам.

Як расказала інжынер Ляхавіцкага лясгаса Анастасія Шчука, папярэдне правялі падрыхтоўчыя работы, вызначыліся з дзялянкамі для нарыхтовак:
– Цяпер дакладна цяжка вызначыцца, ці справімся з запланаванай нарыхтоўкай бярозавага ўраджаю, бо сок у сувязі з халодным надвор’ем ідзе надзвычай слаба. Асноўны наш спажывец у буйных маштабах – ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», які заказаў сёлета 500 тон бярозавіку, аналагічны паказчык для продажу заводу быў і летась. Зараз ідзе продаж соку насельніцтву, найбольш актыўна працуюць у такім накірунку Ляхавіцкае і Востраўскае лясніцтвы. Каб набыць неабходную колькасць, дастаткова патэлефанаваць у бліжэйшае лясніцтва вызначыцца з часам, прыехаць са сваімі ёмістасцямі і затаварыцца карысным прыродным прадуктам. Кошт аднаго літра соку для насельніцтва застаецца амаль мінулагоднім – 18 капеек за літр, – расказвае Анастасія Шчука.
Жадаючых сабраць гэтыя каштоўныя кроплі і наталіць імі вясновую смагу кожны год знаходзіцца нямала. Як патлумачыла інжынер лясгаса, для ўласных патрэб сок можна не толькі купіць, але і самастойна нарыхтаваць на спецыяльна вызначаных у кожным лясніцтве участках, абавязкова захоўваючы пэўную тэхналогію. Па-ранейшаму самастойная падсочка бяроз у лесе не дазваляецца. Рабіць гэта могуць толькі работнікі лясгаса. Дзе гэтыя «сокадаючыя» месцы, кожнаму жадаючаму дакладна паведамяць у бліжэйшым лясніцтве. Аднак, варта яшчэ ведаць, дзе забараняецца нарыхтоўка соку. Па словах галоўнага спецыяліста раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандра Курловіча, забараняецца, напрыклад, у прыбярэжных палосах вадаёмаў, у межах адводу чыгуначных і аўтамабільных дарог, іншых транспартных камунікацый, у населеных пунктах. Нельга збіраць сок у дэндралагічных парках, батанічных садах, у месцах, дзе сустракаюцца рэдкія віды раслін, занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, а таксама ў межах зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў, на тэрыторыі курортаў і арганізацый аховы здароўя і ў месцах масавага адпачынку людзей.
Бярозавы сок – гэта смачна, карысна, але за парушэнне правілаў яго збору прадугледжана адказнасць перад законам. За нарыхтоўку соку ў забароненых месцах прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у адпаведнасці з часткай 1 артыкула 16.19 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях – штраф да 20 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – да 100 БВ, на юрыдычную асобу – да 500 БВ. Такія ж памеры штрафу прадугледжаны згодна з часткай 2 артыкула 16.19 КоАП і за нарыхтоўку соку з прымяненнем забароненых метадаў (парушэннем тэхналогіі). Адначасова вінаватыя абавязаны аднавіць нанесеныя прыродзе страты.
Цяпер адзін з галоўных прадуктаў на канвееры ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» – бярозавік. Пакуль, па стане на 30 сакавіка, яго перапрацавана 20 тон.
За змену перапрацоўваецца 20 тон, улічваючы, што магутнасці разлічаны на работу трох змен, то зразумела, што за суткі можна перапрацаваць 60 тон. Але, на жаль, сыравіны не хапае. Дырэктар прадпрыемства Аляксандр Вашчук расказаў, што за традыцыйна кароткі – каля двух тыдняў – «сакавіты» сезон на заводзе плануецца закруціць у банкі каля 500 тон гаючага напітку, пастаўленага Ляхавіцкім лясгасам. Хаця, па словах кіраўніка прадпрыемства, папярэдне на заводзе думалі і пра 800 тон. Надвор’е і тут умяшалася: калі на вуліцы холадна, век у бярозавіку кароткі.
Акрамя ўласна натуральнага бярозавіку, гатуюцца запатрабаваныя ў пакупнікоў купажы кансерваванага напітку, іх на прадпрыемстве распрацавана каля дзесяці відаў.

Галіна КАНЬКО.