Дарога да сонца. Школьнікі з СШ №1 сярод лепшых на музычных конкурсах
Пра трэцякласніцу СШ № 1 Паліну Шалік, якая займаецца ў школьным гуртку эстрадных спеваў «КВІНТА» і чыё імя неаднойчы гучала сярод лепшых удзельнікаў музычных конкурсаў, раёнка пісала неаднойчы. І вось чарговая ўзнагарода і званне – лаўрэат II ступені III Міжнароднага музычнага конкурсу сучаснай творчасці Прэмія года «Акцэнты».
У конкурсе прынялі ўдзел больш за 1200 юных талентаў з розных рэгіёнаў Беларусі, Луганскай народнай рэспублікі, з Кітая. Наша зямлячка выконвала песню «Дарога да сонца», прычым вакальны нумар уключаў і харэаграфічную кампазіцыю.
Кіраўнік гуртка Аляксандр Сокал адзначае, што яго выхаванка не толькі тонка адчувае музыку, але і валодае добрай пластыкай. Адметныя творчыя здольнасці ўздымаюць Паліну на чарговую прыступку п’едэстала. Так, на міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці «Маленькая зорачка» ў намінацыі «7–9 гадоў» яна стала лаўрэатам I ступені.
У гэтай жа намінацыі вызначыліся і іншыя ўдзельнікі «КВІНТЫ». Сафія Доўнар і Надзея Гуліцкая сталі лаўрэатамі II ступені, а Сафія Юруць удастоена дыплома I ступені.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.