Заяўка на стабільнасць?

Першы веснавы месяц – не толькі пярэдадзень яравой
кампаніі ў сельскагаспадарчых арганізацыях. Па традыцыі для асобных галіновых структур гэта яшчэ і час справаздач, калі падводзяцца вынікі мінулагодняй работы, выстаўляюцца адзнакі, ставяцца задачы на перспектыву.
Так было і ў ААТ «Шлях новы»: на наступны дзень за справаздачным гаспадарка выйшла на веснавую сяўбу. Нягледзячы на суботу, якая па палявым раскладзе і пры пасяўным надвор’і выхадным не бывае ніколі.

Сход прайшоў у Навасёлкаўскім фізкультурна-аздараўленчым комплексе. Акрамя акцыянераў і работнікаў таварыства, удзел у яго рабоце прынялі старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, яго першы намеснік – начальнік райсельгасхарчу Васілій Пыжык і намеснік апошняга Таццяна Кацуба, якая з’яўляецца прадстаўніком дзяржавы ў ААТ.
У аснове любога камерцыйнага праекта заўсёды знаходзіцца фактар рэнтабельнасці. Спачатку прыбытак, у залежнасці ад яго памеру ўсё астатняе: «сацыялка», культура, фізічная культура і спорт, а таксама іншыя неабходнасці і бонусныя дадатковасці. Справаздачны 2021-ы для «Шляху новага» атрымаўся адметным у плане эканомікі, з пункту гледжання фінансавага аздараўлення. Упершыню з 2017 года гас-
падарка нарэшце здолела «ўзбіцца» на прыбытак. Лічбы сціплыя, але красамоўна-паказальныя: прыбытак ад рэалізацыі склаў 170 тысяч рублёў, а ён жа, «ачышчаны» ад усіх абавязкаў, вырас у параўнанні з аналагічным папярэднім перыядам прыкладна ў 250 разоў – да 450 тысяч рублёў. Паказчыкі рэнтабельнасці рэалізацыі прадукцыі і продажаў прадэманстравалі рост. Між іншым, таксама ўпершыню за апошнія чатыры сезоны. Прадпрыемства не працуе ўжо «ў доўг» – тэмпы росту выручкі на аднаго работніка перавысілі тэмпы росту заработнай платы ў суадносінах амаль 1,2. І гэта пры тым, што ключавы вытворчы актыў гаспадаркі – плошча сельскагаспадарчых угоддзяў – з 2017 года скарацілася прыкладна на паўтары тысячы гектараў.
За дасягненне апошняга часу можна прыняць факт зніжэння фінансавых абавязкаў. Памеры даўгоў арганізацыі перад іншымі структурамі за шэсць апошніх месяцаў зменшыліся больш чым на мільён рублёў.
Канстатацыя паспяховасці? Зусім не: адзначаныя зрухі, хутчэй, могуць лічыцца першымі крокамі ў накірунку гаспадарчай стабільнасці «Шляху новага». Падчас справаздачнага выступлення дырэктар таварыства Андрэй Коктыш, які сваю цяперашнюю пасаду зай-
мае ўсяго толькі сем поўных месяцаў, адзначыў:
– Сёння мы перажываем не самыя лепшыя часы. Але мы справімся. Асноўныя задачы, што стаяць перад намі, – дабіцца ўстойлівых ураджаяў, якія б забяспечылі жывёлагадоўлю якаснымі кармамі, павялічыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы, дасягнуць удоя малака ад каровы не менш як 4198 кілаграмаў, атрымаць сярэднясутачныя прывагі не меншыя за 600 грамаў на галаву жывёлы.
Мінулы раслінаводчы год для «Шляху новага» быў, у прынцыпе, такім жа, як і для ўсіх аграрыяў раёна, і большасці Брэсцкай вобласці, – сухім і адчувальна менш прадукцыйным за папярэдні. Ураджайнасць збожжавых, зернебабовых і кукурузы на зерне атрымалася ў сярэднім роўнай 33,3 цэнтнера з гектара. Канешне ж, гэта не ўзровень «Шляху новага».
– Валавы збор збожжа ў вазе пасля дапрацоўкі склаў 6841 тону – на 1806 менш за ўзровень папярэдняга года. З-за недаўраджаю з пачатку 2021 года ў рацыёне жывёлы прысутнічалі пакупныя канцэнтраты. Што, безумоўна, павялічвае сабекошт прадукцыі жывёлагадоўчых фермаў. У сваю чаргу, іх недастатковасць вядзе да пагаршэння рацыёнаў і, у канчатковым выніку, з’яўляецца прычынай недабору малака, недаатрымання мяса, – гаворыць дырэктар.
Насенне рапсу лічыцца высокамаржынарнай прадукцыяй. Але таннай і простай у вырошчванні гэта культура ніяк не з’яўляецца. Для добрага ўраджаю, а іменна ад яго велічыні залежыць прыбытак, павінна многае скласціся: тэрміны, нормы, надвор’е, дакладнасць і майстэрства работы аграрыяў і іншае падобнае. У мінулым сезоне з кожнага гектара рапсавага поля гаспадарка сабрала
17 цэнтнераў насення ў вазе пасля дапрацоўкі. Як прагучала ў ходзе справаздачнага пасяджэння, у бягучым сезоне  гаспадарка абгрунтавана разлічвае на больш высокія і ўраджай, і эканамічны эфект ад гэтай алейнай культуры.
«Шлях новы» займаецца і вытворчасцю цукровых буракоў. Леташнія менш чым дзве з паловай сотні цэнтнераў салодкага кораня з гектара, верагодна, поспехам не лічацца. Як і не атрымліваецца назваць такім раслінаводчы 2021-ы ў цэлым. У тым ліку і ў сувязі з гэтым патрабаванне дырэктара, як падалося, прагучала дастаткова жорстка: агранамічнай службе гаспадаркі неабхода звяртаць асабліва пільную ўвагу на дакладнасць унясення ў пасяўныя палеткі патрэбных мікраэлементаў, бездакорнае выкананне тэхналогій вырошчвання ўсіх сельскагаспадарчых культур. Мэта – атрыманне высокіх ураджаяў, выхаду на значныя валавыя хлебныя зборы. У планах «Шляху новага» на 2022 год – падняць разам з кукурузай дзесяць з паловай тысяч тон зерня, больш за дзве тысячы тон насення рапсу,
15 тысяч тон цукровых буракоў; з мэтай забеспячэння цёплай зімоўкі статкаў буйной рагатай жывёлы – нарыхтаваць тысячу тон сена, 19 тысяч тон сенажу, і 30 – сіласу.
Іменна жывёлагадоўля займае прыярытэтнае месца ў структуры і валавой прадукцыі гаспадаркі. Асноўную выручку акцыянернаму таварыству дае малако. Яно, па словах дырэктара, самая надзейная і аператыўная крыніца фінансавых паступленняў. З фермаў «Шляху новага» на перапрацоўку на малочны завод штодзённа паступае
24-25 тон малака. За апошні год яго якасць нямала палепшылася. Але малочныя рэзервы гаспадаркі далёка не вычарпаны, і працаваць, канешне ж, ёсць над чым. Ёсць куды рухацца і ў плане аб’ёмаў-якасці, і лічбаў выручкі.
Справаздачны сход у Навасёлках адзначыўся яшчэ і фактам перасячэння са штогадовай акцыяй прафсаюза работнікаў АПК «Наш жывёлавод». Праходзіла яна на працягу некалькіх асабліва няпростых для жывёлагадоўлі зімова-стойлавых месяцаў да 1 красавіка. А завяршылася, у тым ліку, і ў Навасёлках і, у тым ліку, «смач-
нымі» падзякамі работнікам фермаў «Шляху новага» за іх
працу на карысць гаспадаркі, галіны і нашай краіны ад раённай арганізацыі прафсаюза АПК.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.