Задачы для эканомікі. Як спрацавалі ў Ляхавіцкім раёне розныя галіны народнай гаспадаркі ў 2021-м?
Умацаванне станоўчай дынамікі развіцця эканомікі і павышэнне якасці жыцця насельніцтва – менавіта на гэта летась была накіравана дзейнасць дзяржорганаў, а таксама прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Як спрацавалі розныя галіны народнай гаспадаркі ў 2021-м, якія планы рэалізаваны, а над чым давядзецца актыўней папрацаваць сёлета, разважае намеснік старшыні райвыканкама Андрэй НАВАГРАН.
Агульная эканамічная карціна
Развіццё галін эканомікі з’яўляецца асноўным фактарам, што забяспечвае станоўчую дынаміку паказчыкаў узроўню жыцця. Найбольш значнымі з пункту гледжання фарміравання валавога прадукту і структуры занятасці насельніцтва ў нашым раёне з’яўляюцца развіццё сельскагаспадарчай і прамысловай вытворчасці, будаўніча-мантажных работ, спажывецкага рынку.
Па такіх ключавых паказчыках эфектыўнасці, як тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал, сукупныя паступленні даходаў кансалідаванага бюджэту раёна, намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата, а таксама заданнях па тэмпах росту будаўніча-мантажных работ і ўводзе ў эксплуатацыю жылля запланаванае дасягнута, дзесьці нават з істотным плюсам.
У параўнанні з 2020-м, павялічыліся выручка і прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг, а таксама чысты прыбытак, рэнтабельнасць продажаў і рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг. Так што ў цэлым раён спрацаваў прыбыткова.
Са стратамі завяршыла мінулы год адно прадпрыемства – ПМК-13. Асноўная прычына – малыя аб’ёмы работ.
На жаль, не ўсё склалася, як хацелася б. Не забяспечана выкананне заданняў па тэмпах росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, прамысловасці, рознічнага тавараабароту, экспарту тавараў і энергазберажэнні.
Пра шэраг паказчыкаў – асобная размова.
Бюджэт кансалідаваны і асабісты
Летась даходы кансалідаванага бюджэту Ляхавіцкага раёна склалі 53,3 мільёна рублёў – 101 працэнт да гадавога плана і 115,9 працэнта да ўзроўню 2020 года.
Бюджэтныя расходы за справаздачны перыяд – 51,9 мільёна рублёў. Бюджэт выкананы з прафіцытам 1,4 мільёна рублёў.
Меры, што прымаліся па павышэнні паступленняў падатковых і непадатковых даходаў кансалідаванага бюджэту, па скарачэнні нядоімкі, дазволілі забяспечыць паступленне ўласных даходаў у аб’ёме 28,4 мільёна рублёў – больш, чым планавалася, і амаль на 30 працэнтаў вышэй, чым пазалетась.
Мінулагодні бюджэт раёна ў цэлым быў збалансаваны, забяспечаны своечасовасць і паўната бюджэтных разлікаў. Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць адсутнічае.
Сацыяльным індыкатарам узроўню і якасці жыцця насельніцтва выступаюць яго даходы, у асноўным – заработная плата. У эканоміцы Ляхавіцкага раёна ў студзені – снежні 2021 года былі заняты 9652 чалавекі. Памер сярэднямесячнай зарплаты летась склаў 1080,6 рубля і вырас на 11,8 працэнта. На 2,1 працэнта ў параўнанні з 2020 годам павялічылася рэальная заработная плата.
Разам з тым, ёсць прадпрыемствы, дзе сярэднямесячная зарплата не дасягнула 800 рублёў, а рэальная – знізілася.
Сярод іх, напрыклад, Ляхавіцкае ПМС, дзе намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата 775,3 рубля, а рэальная – 85,6 пра-
цэнта да ўзроўню пазамінулага года;
ПМК-13 ААТ «Пінсксаўгасбуд» (799,9 рубля, 93,2 працэнта). На гэтых прадпрыемствах прадукцыйнась працы ў параўнанні з 2020 годам знізілася, адпаведна, зменшылася і зарплата. А загрузка вытворчых магутнасцяў у многім залежыць ад дзеянняў кіраўніцтва прадпрыемства, яго ўмення манеўраваць рэсурсамі ў розных умовах.
Згодна са статыстычнымі і разліковымі данымі, па КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» прадукцыйнасць працы вырасла амаль на трэць. Аднак з-за недахопу абаротных сродкаў намінальная налічаная заработная плата павялічылася толькі на 8,6 працэнта, а рэальная склалася ніжэй за 100 працэнтаў.
Прамысловыя перспектывы
Адной з важнейшых галін эканомікі ў раёне застаецца прамысловасць. Асноўная доля аб’ёмаў – на рахунку перапрацоўчых прадпрыемстваў.
У 2019 і 2020 гадах рост аб’ёму прамысловай вытворчасці ў натуральным выражэнні (ІФА) сумарна склаў у Ляхавіцкім раёне больш за 142 працэнты, у 2020 годзе ён быў самым высокім на Брэстчыне: 120,3 працэнта пры сярэднеабласным 102,7 працэнта. Летась сітуацыя па гэтым паказчыку істотна пагоршылася (ІФА склаў 86,9 працэнта). Асноўная прычына – недахоп сыравіны на перапрацоўчых прадпрыемствах, што аказваюць асноўны ўплыў на фарміраванне ІФА. Так што актывізацыя ў пытаннях развіцця прадпрыемствамі сыравіннай базы стаіць вельмі востра.
Знізіўся летась яшчэ адзін прамысловы паказчык – удзельная вага інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб’ёме адгружанай. Прычына – зніжэнне попыту на кісласметанковае масла СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». Сёлета ёсць усе магчымасці сітуацыю выправіць. На малочным заводзе пачаты выпуск тварагу рассыпістага і яго фасоўка ва ўпакоўку flow-pack. Зараз тут праводзіцца мантаж лініі па фасоўцы масла ў дзесяціграмовую ўпакоўку. Ужо запушчана абсталяванне для разліву малака, вяршкоў і ёгуртаў ва ўпакоўку pure-pak, зараз вядуцца работы па забеспячэнні маркіроўкі данай прадукцыі.
Што датычыць нашых ільнозавода і кансервавага завода, то ўдзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі ў іх вырасла адпаведна на 1,1 і 0,3 працэнта.
Наогул, варта адзначыць, што інавацыйную прадукцыю выпускаюць многія прадпрыемствы раёна, але ў статыстыцы адлюстроўваюцца толькі тыя, дзе колькасць работнікаў перавышае 100 чалавек.
Спынюся яшчэ на адной важнай акалічнасці. У раёне вядзецца работа па ўбудоўванні малых прадпрыемстваў у кааперацыйныя ланцужкі з буйнымі прадпрыемствамі, што дазволіць пашырыць мясцовую вытворчасць. Так, ТАА «ТМТ» 60 працэнтаў сваёй прадукцыі адгружае на «БелАЗ», «Амкадор», «Таргмаш». ТАА «Інтэрлак» больш
за 70 працэнтаў прадукцыі прадае на мясакансервавыя камбінаты і кансервавыя заводы. ТАА «Акусцікмаш» працуе з «БелАЗам» і «Амкадорам».
Асноўнымі задачамі для прамысловых прадпрыемстваў на 2022 год з’яўляюцца загрузка вытворчых магутнасцяў, укараненне новых тэхналогій, у тым ліку энергазберагальных, асваенне выпуску новых перспектыўных прадуктаў, падрыхтоўка і прыцягненне кваліфікаваных працоўных рэсурсаў, павышэнне фінансавай устойлівасці, нарошчванне і дыверсіфікацыя экспарту.
Дарэчы, пра экспарт. Ён па выніках мінулага года склаў 97,9 працэнта пры заданні 102,5 працэнта. Зноў жа, паўплывала змяншэнне аб’ёмаў вытворчасці перапрацоўчых прадпрыемстваў.
Што датычыць геаграфіі экспарту, прадукцыя ляхавіцкіх прадпрыемстваў летась пастаўлялася ў 26 краін свету
(у 2020 годзе – у 23 краіны).
Гандлёвае месца
Гандаль – адна з важнейшых сфер жыццезабеспячэння, яе функцыяй з’яўляецца задавальненне патрэб насельніцтва ў таварах.
Рознічны тавараабарот – гэта выручка ўсіх магазінаў, сетак, рынкаў, павільёнаў, што гандлююць у розніцу. За 2021 год аб’ём рознічнага тавараабароту праз усе каналы рэалізацыі склаў 74,2 мільёна рублёў –
98,6 працэнта ў супастаўных цэнах да 2020 года пры заданні 100,5 працэнта. Знізілі тэмп росту тавараабароту асноўныя прадпрыемствы, чыя вага ў тавараабароце значная: райпо, прыватнае прадпрыемства «Гандлёвы дом «Уладзімір», Ляхавіцкі малочны завод, ТАА «Санта Рытэйл». Адна з прычын, што прывялі да гэтага, – павелічэнне колькасці магазінаў-дыскаўнтараў у Ляхавічах і адкрыццё так званых жорсткіх дыскаўнтараў у Баранавічах (чатыры аб’екты сеткі
«Грошык» і два аб’екты сеткі «Святлафор») і Баранавіцкім раёне (гандлёвы комплекс «Довад»).Так, праведзены аналіз паказаў, што больш як дзясятая частка пакупнікоў гандлёвага аб’екта «Грошык» на ўездзе ў Баранавічы – жыхары нашага раёна. Такім чынам толькі за восем месяцаў гандлёвыя аб’екты Ляхавіччыны недалічыліся каля мільёна рублёў выручкі.
Райвыканкам прапрацоўваў магчымасць адкрыцця жорсткіх дыскаўнтараў і на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна. Аднак з-за адсутнасці вялікіх плошчаў для размяшчэння аб’ектаў, пытанне так і не вырашылася.
Сярод іншых прычын зніжэння рознічнага тавараабароту – змяншэнне колькасці насельніцтва. Асабліва гэта адчувальна для райпо, асноўныя аб’екты якога размешчаны ў сельскай мясцовасці. Наогул, у выпадку з райпо свой негатыўны ўплыў аказалі і часовае закрыццё сельскіх гандлёвых аб’ектаў з-за кадравых праблем, перабоі з пастаўкай тавараў з-за невысокай плацежаздольнасці райпо, узровень цэн. Не сакрэт, што пастаўшчыкі адпускаюць прадукцыю сеткавым рытэйлерам з улікам аб’ёму закупкі па больш нізкіх цэнах. Зразумела, што пры такіх умовах у сеткавых магазінаў больш магчымасцяў прывабіць пакупніка цэнамі, акцыямі.
Тым не менш, трэба адзначыць, што ў аб’ектах спажыўкааперацыі ў большай частцы рэалізуюцца айчынныя тавары, і райпо нясе важкую сацыяльную нагрузку, гандлюючы ў сельскай мясцовасці, у тым ліку маланаселеных і аддаленых вёсках.
Інвестыцыі ў развіццё і планы
Галоўнай умовай развіцця эканамічнага патэнцыялу раёна з’яўляецца далейшае нарошчванне аб’ёму інвестыцый у асноўны капітал як за кошт максімальнага выкарыстання ўласных сродкаў суб’ектаў гаспадарання, так і шляхам прыцягнення знешніх інвестыцый.
На развіццё рэальнага сектара і сацыяльнай сферы за кошт усіх крыніц фінансавання арганізацыямі раёна летась накіравана
60,9 мільёна рублёў інвестыцый (тэмп росту 112,4 працэнта пры заданні 106 працэнтаў). Акрамя таго, прыцягнута 2,8 мільёна долараў прамых інвестыцый на чыстай аснове (за кошт рэінвеставання прыбытку).
Сёлета перад кіраўніцтвам раёна, перад кожнай сферай і арганізацыяй стаяць напружаныя планы. Рэзервы для іх выканання маюцца ва ўсіх сферах эканомікі.