Сваё дрэва. У Ляхавічах стартуе дабрачынная акцыя «Тыдзень лесу»
У Беларусі 15-ы раз стартавала дабрачынная акцыя «Тыдзень лесу», якую сёлета Міністэрства лясной гаспадаркі – ініцыятар важнай справы – прысвячае Году гістарычнай памяці.
З 9 па 16 красавіка ўдзельнікі акцыі будуць садзіць лес, наводзіць парадак на месцах пахавання воінаў, загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Многія з нашых нераўнадушных землякоў, працаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Ляхавіччыны паспелі стаць пастаяннымі ўдзельнікамі тэматычнага тыдня. Сярод найбольш актыўных навучэнцы Малагарадзішчанскага ВПК, Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча, Ліпскай, Тальмінавіцкай, Востраўскай, Тухавіцкай, Начаўскай школ, СШ № 1 і каляджане.
Прычым летась навучэнцы працягвалі работы па пасадцы і дапаўненні лясных культур і пасля заканчэння акцыі. У выніку плошча новых насаджэнняў перавысіла 52 гектары.
Па выніках «Тыдня лесу-2021» у намінацыі «самая актыўная школа» пераможцам прызнаны Малагарадзішчанскі ВПК. Ляхавіцкі лясгас узнагародзіў гэту ўстанову дыпломам і грашовым сертыфікатам на суму 500 рублёў для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Сёлета таксама будуць вызначаны крэатыўныя і актыўныя ўдзельнікі «Тыдня лесу-2022». Для гэтага валанцёрам неабходна засведчыць сваю працу адметным фотаздымкам ці відэа і размясціць іх у сацыяльных сетках з хэштэгамі #НеделяЛеса2022 ці #ТыдзеньЛесу2022. Журы вызначыць дзясятку пераможцаў.
Паўдзельнічаць у «Тыдні лесу» можа кожны – дастаткова звярнуцца ў лясгас і заявіць пра сваё жаданне. Неабходным пасадачным матэрыялам і інвентаром забяспечаць непасрэдна на месцы працы.
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне 6-21-01 ці на сайце Ляхавіцкага лясгаса lesgas.by.
Наталля АДАМЕНКА, намеснік дырэктара лясгаса.