Унікальны тыдзень для лясной справы. На Ляхавіччыне стартаваў «Тыдзень лесу»

Добраахвотная акцыя «Тыдзень лесу» на Ляхавіччыне стартавала непадалёку ад вёскі Крывошын, з месца, што стала малой радзімай Героя Савецкага Саюза Гаўрыіла Здановіча. А напрыканцы тыдня – 16 красавіка – ляхавічане далучацца да рэспубліканскага суботніка.

Якая ж унікальная рэспубліканская добраахвотная акцыя «Тыдзень лесу», ініцыяваная Міністэрствам лясной гаспадаркі. Кожны куточак нашай Беларусі гэтымі днямі становіцца больш прыгожым і зялёным – сотні-тысячы беларусаў садзяць сваё дрэва. Такая добрая традыцыя прыжылася і стала па-сапраўднаму сваёй у сем’ях, працоўных калектывах, установах адукацыі…


Сёлетняя кампанія па стварэнні новых лясоў прымеркавана да Года гістарычнай памяці. Сёлетні 15-ы па ліку «Тыдзень лесу» ўжо на старце сабраў нямала прыхільнікаў зялёнай традыцыі. Мінулая субота ў раёне адзначана як лясная. Раённы Савет дэпутатаў ініцыяваў пасадку лесу непадалёку ад Крывошына. Туды
раніцай накіраваліся прадстаўнікі розных арганізацый і прадпрыемстваў, службаў, прафсаюзаў, грамадскіх аб’яднанняў.
– 10 красавіка споўнілася 122 гады з дня нараджэння Гаўрыіла Станіслававіча Здановіча – Героя Савецкага Саюза, які нарадзіўся ў вёсцы Крывошын. У Год гістарычнай памяці лясны масіў каля гэтай вёскі выбраны для пасадкі будучага лесу. Сімвалічна і вельмі патрыятычна, – адзначыў старшыня дэпутацкага корпуса раёна Юрый Чаранкевіч.
Ён таксама нагадаў, што па краіне працягваецца месячнік добраўпарадкавання. Кожнаму па сілах далучыцца да марафону чысціні і прыкласці намаганні, каб Ляхавіччына літаральна «заззяла». Тым больш 16 красавіка ўся краіна выйдзе шчыраваць на рэспубліканскім суботніку. Месцаў, дзе патрэбна чыстая сіла талакі, – дастаткова.
Дырэктар лясгаса Сяргей Амбражэй, які таксама ў гэты дзень побач з калегамі на лясной перадавой, падкрэсліў, што будучы сасновы лес раскватараваўся на плошчы 1,3 гектара. І хутка да сонейка пацягнуцца больш за сем тысяч маладзенькіх дрэўцаў. Дарэчы, участак належыць Крывошынскаму лясніцтву.
Добраахвотная акцыя вельмі дарэчы ўбудавалася ў працоўны расклад экалагічных студатрадаў Ліпскай і Малагарадзішчанскай школ. Яны ўжо ў справе і будуць займацца азеляненнем на працягу тыдня.
Да тыдня лесу далучаюцца заўсёдныя актывісты гэтай традыцыі – работнікі Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння, калектывы і вучні СШ № 1, Начаўскай і Жарабковіцкай СШ, прыродаахоўнай службы, ТЦСАН, агракаледжа, торфабрыкетнага завода, ветэраны.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.