На мадэльераў вучаць у ЦДАДіМ г. Ляхавічы
Своеасаблівы дзень моды прайшоў нядаўна ў Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры маладзёжнай творчасці. Тут адбыўся абласны фестываль-конкурс юных мадэльераў Brestjuniorfashion.
Удзел у фестывалі ўзялі 24 разнапланавыя калекцыі, прадстаўленыя майстрамі з устаноў адукацыі нашай вобласці, а таксама да ўдзелу запрасілі гасцей з Гродзеншчыны.
Прыемна і ганарова, што дастойна прадставілі Ляхавіччыну выхаванцы і педагогі цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Іх калекцыя #KLETKA.MIX адразу знайшла нямала прыхільнікаў і заслужана мела прызнанне журы. Аўтары модных работ – таленавітыя рабяты з аб’яднанняў па інтарэсах «Свет лялек» і «Пляценне з паперы» і іх педагогі Алена Мацуль і Наталля Ксёнжык. Асаблівую адметнасць, вытанчанасць вобразам надалі галаўныя ўборы, сумкі з калекцыі аксесуараў «Стыльныя штучкі» аўтарства навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах «Масцярылка» і «Рукадзельніца» пад кіраўніцтвам Святланы Дубіны і Рэгіны Піваварчук. Нельга не адзначыць і ўклад у агульную прыгажосць аб’яднанняў па інтарэсах «Чароўны куфэрак», «Фантазія», «Бісерапляценне».
У намінацыі «стыльнае дапаўненне» юныя ляхавіцкія мадэльеры прадставілі калекцыі аксесуараў з футра, бісеру, саломы, тэкстылю, фаамірану. Ляхавічане ўзнагароджаны дыпломамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама: дыплом ІІ ступені ў «Чароўнага куфэрка», «Рукадзельніцы», дыплом ІІІ ступені ў «Масцярылкі», «Рукадзельніцы», «Свету лялек», «Пляцення з паперы».
Галіна КАНЬКО.