Халодная вясна 22-га. З вяртаннем спрыяльнага надвор’я ў сельгасарганізацыях Ляхавіцкага раёна прадоўжылася яравая сяўба

Паўза доўжылася больш за тыдзень, што па пасяўным вымярэнні часу азначае ледзь ці не вечнасць. Паніжэнне тэмпературнага градуса і – самае галоўнае – «неадэкватны» для красавіка снегапад, канешне ж, мелі свае наступствы.

Фота з архіва «ЛВ»

З аднаго боку негатыў: аграспецыялісты нагадваюць пра каштоўны, але вымушана страчаны час, запавольванне агульных тэмпаў работ, фактар прыгнечанасці тых ранніх яравых плошчаў, якія былі засеяны яшчэ напярэдадні снежнай падзеі. Але снег – гэта якасная і вельмі патрэбная ва ўмовах агравясны-2022 вада. Снег растаў, наталіў глебу вільгаццю, якая стала вельмі і вельмі дарэчнай – з’явілася для насення збожжавых і зернебабовых сапраўдным бальзамам. І ў гэтым безумоўны плюс сёлетняй халоднай агравясны.
Пачынаючы з мінулай нядзелі, усё вярнулася, і для многіх аграрыяў нашага раёна гэты дзень не стаў ні выхадным, ні нават кароткім працоўным. На пасяўным палетку сустрэлі і правялі яго, у прыватнасці, хлебаробы ААТ «Жарабковічы», «Нача», «Ляхавіцкі льнозавод». Рыхтаваліся палі, выконваліся пасяўныя работы.
Як сведчыць аператыўная статыстыка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, за першы пасля вымушанай паўзы дзень кожнай з названых арганізацый атрымалася адсеяцца на некалькіх дзясятках ранніх зерневых гектараў.
Панядзелак сустрэў нас ранішнімі мінус два, якія паступова выраслі амаль што да дзесяці са знакам плюс, і вывеў веснавыя палявыя клопаты вяскоўцаў на ўзровень масавасці. І гутарка не толькі пра раннія і зусім не зерневыя сельгаскультуры.
Але спачатку пра іх. Пачынаючы з гэтага дня, пасяўныя работы аднавілі ўсе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Скажам больш: для некаторых гаспадарак раёна гэты дзень стаў завяршальным, што тычыцца сяўбы ранніх збожжавых і зернебабовых. У іх ліку ЗАТ «Белпрампрыбор» і ААТ «Нача». На сваіх ранніх, адпаведна, 130-ці і 220-ці гектарах названыя акцыянерныя таварыствы работы завяршылі. З яравых у «Белпрампрыбора» значацца ячмень і зернебабовыя, у «Начы» – увесь спектр названых культур: авёс, ячмень, пшаніца, зернебабовыя.
На завяршальнай фазе знаходзіцца першы этап сяўбы ў ААТ «Шлях новы». Ёсць падставы меркаваць, што за адзін дзень удалай і ўдарнай работы сейбіты гаспадаркі здолеюць фінішаваць. У «Шляху новым» асноўны ўпор зроблены на яравым ячмені і зернебабовых.
Самым буйным у раёне ранне-яравым сейбітам з’яўляецца ААТ «Жарабковічы». Па завяршэнні работ клін гаспадаркі будзе знаходзіцца ў межах амаль што тысячы гектараў. Пакуль работы вядуцца ў асноўным на ячменных і палях, прызначаных для яравой пшаніцы. І нямала што ў гэтым накірунку ўжо зроблена: засеянымі з’яўляюцца больш за 600 гектараў, а работы вядуцца, у тым ліку, на параўнальна новых землях у складзе гаспадаркі – тальмінавіцкіх.
Называць можна і іншых. СВК «Ляхавіцкі» даўжэй за некаторых іншых «запрагаў», але дзякуючы высокім тэмпам работ справіўся ўжо з раннімі веснавымі яравымі ледзь ці не напалову ад запланаванага. Актыўныя на веснавым палетку СУП «Белазем’е», ЗТАА «БелДан», працуе «Ліпнянка».
А на завяршэнне пра лён і дзве арганізацыі раёна, якія з названай культурай працуюць. На дваіх Ляхавіцкія льнозавод і льнонасенстанцыя маюць намер сёлетнім сезонам пасеяць 2600 гек-
тараў паўночнага шоўку. Яўным фаварытам тут, канешне ж, з’яўляецца льнозавод.
2200 заводскіх пасяўных гектараў будуць размеркаваны на розных землях, у палях, размешчаных у шэрагу лакацый раёна. І некаторыя з іх ужо сустрэлі сваіх завадчан-сейбітаў. Мінулы панядзелак адкрыў таксама сяўбу льну. І вынік не здаецца сціплым: за дзень ільнозавод пасеяў сем дзясяткаў гектараў, ільнонасенстанцыя – тры дзясяткі.
Іван КАВАЛЕНКА.