Калі буякі ўсыпаны ягадамі? Гэта пытанне вывучаў адзінаццацікласнік СШ № 2 г. Ляхавічы, за што і быў удастоены дыплома III ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Адзінаццацікласнік СШ № 2 Максім Рахманец удастоены дыплома
III ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. На заключным этапе XXXIII Рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў устаноў агульнай і дадатковай адукацыі, што адбыўся на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, на суд журы было вынесена 132 праекты. Наш зямляк вывучаў тэму «Уплыў кіслотнасці глебы на ўраджайнасць і габітус буякоў высакарослых ва ўмовах прысядзібнага ўчастка».

Настаўнік біялогіі і кіраўнік навукова-даследчай работы Таццяна Місюк задаволена дасягненнямі свайго навучэнца.
– Перамогі рабят – для мяне заўсёды гонар і натхненне. Даследаванне, якім займаўся Максім, мае практыка-арыентаванае значэнне. А сёння вельмі актуальна ўменне навучэнцаў прымяняць веды ў паўсядзённым жыцці. Удвая больш задаволена, што веды па біялогіі для Максіма сталі асновай для карыснага і цікавага праекта. А для настаўніка гэта самая высокая ацэнка дзейнасці, – не хавае радасці Таццяна Місюк.
Пачаліся даследаванні два гады назад і ўключалі кантрольныя замеры, назіранні, догляд, улік і збор ураджаю, параўнанне знешняга выгляду куста і смакавых якасцяў ягад. Адзін рад ягадніку падкісляўся сталовым воцатам, другі – яблычным, трэці абыходзіўся без падкормкі. У выніку эксперыментальна даказана, што падтрыманне пастаяннай кіслотнасці глебы дазваляе павысіць ураджайнасць ягад. Прычым расліна не хварэе. Таксама ўстаноўлена, што розныя віды воцату па-рознаму ўплываюць на ўраджайнасць буякоў. Акрамя таго, напрыклад, высветлілася, што яблычны воцат больш «па гусце» дажджавым чарвякам, чым сталовы, і ягада больш ураджайная. Даказана не толькі эфектыўнасць выкарыстання арганічных кіслот, але і арганічнага ўгнаення ў выглядзе мульчы драўнянага пілавіння.
Дыплому Міністэрства адукацыі папярэднічаў і паспяховы ўдзел у іншых канферэнцыях. Усюды Максім выступаў пераканаўча і вынікова.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва СШ № 2.