Мы разам будуем новую журналістыку!
У жыцці ўсё не проста так, і выпадковасцей амаль не бывае. Гісторыя цыклічна, яна вучыць, тлумачыць, зберагае памяць пакаленняў і праектуе будучыню. Гартаючы падшыўку раённай газеты, паглыбляешся ў летапіс Ляхавіччыны. Колькі ўсяго пройдзена, колькі намаганняў прыклалі нашы землякі, каб мы сёння жылі ў такім утульным горадзе, мелі тое, што сёння часта лічым звычайным і звыклым.
Падзеі, святы, адкрыцці, сустрэчы, ушанаванні, віншаванні… Раёнка заўжды была побач, захавала-зберагла ў сваіх шчырых радках памяць кожнага пражытага дня.
Так сімвалічна, што народжаная ў падполлі раёнка «Совецкі патрыёт» інфармацыйна біла ворага з 1943-га. І так прыемна сёння ўсведамляць, што жывы і заўсёды на сувязі з намі наш калега Вікенцій Бурло (на здымку). Менавіта ён ўваходзіў у першы склад рэдкалегіі, якая ў 43-м пачынала шлях сённяшняга «Весніка». Вось на каго нам раўняцца.
Сёння «веснікаўцы» імкнуцца ўвасобіць у сваіх радках жыццё сучасных Ляхавіч. Здаецца, і жывём мы ад серады да суботы, ад суботы да серады. І як толькі ў вашы дзверы «стукаецца» свежанькі «Ляхавіцкі веснік», газетчыкі ізноў запускаюць чарговы мазгавы штурм і думаюць, як апраўдаць давер чытачоў. Паверце, кожны ў рэдакцыі таксама з прыдыханнем адкрывае любімую раёнку, таксама хвалюемся, ці ўсё атрымалася. Ёсць прафесійны страх, не хочацца вас расчараваць.
Дзякуй, паважаныя падпісчыкі, што ў складаны час вы былі і застаяцеся побач. Інфармацыйная прастора сёння часта характарызуецца словамі «вайна», «процістаянне». І каштоўнасць праўдзівай інфармацыі з рэальнага месца з рэальнай гісторыяй цяжка пераацаніць. Апраўданы выбар чытачоў. І наш пазаштатны аўтарскі склад натхняе і падбадзёрвае «веснікаўцаў». Таму ў прафесійнае свята – Дзень друку – віншаванні калегам, кожнаму, хто мае дачыненне да друкаванага радка. А значыць, і вас, падпісчыкі. За тое, што нашы радкі прапускаеце праз сваё сэрца.
Мы гэта цэнім. Шчыра прызнацца, кожны ранішні званок з падзякай, прыемным словам, нават крытыкай ці нязгодай успрымаем як ацэнку і кампетэнтнае меркаванне. Працуем дзеля вас і з вамі, вучымся разам.
У раёнцы заўжды працавалі ўлюбёныя ў справу людзі, не рабілі дзеля работы, стваралі з душой і ад сэрца.
Творча-генетычна такая любоў перадаецца з кожнай зменай творцаў-журналістаў. Са святам, паважаныя ветэраны рэдакцыі! На вас усё трымаецца, творчы падмурак «Совецкага патрыёта»,
«Будаўніка камунізма», «Ляхавіцкага весніка» сёння годна трымае імідж раёнкі. Здароўя і шчасця, родныя!
Сіла раёнкі – у яе ўнікальнасці, традыцыях, вопыце і настаўніцтве. Пагадзіцеся, сёння інфармацыя з рэгіёнаў – на вагу золата. У барацьбу з ілжывай інфармацыяй, фэйкавым настроем апанентаў, часам парушэннямі прафесійнай журналісцкай этыкі ўключыліся ўсе рэдакцыі раённых СМІ. І дзякуючы праўдзе паказалі дзейснае супраціўленне. Усё проста: спрацавала генетыка. Слова ў руках прафесіяналаў набывае вялікую сілу, «джаліць» балюча, падтрымлівае адчувальна, стаіць на абароне праўды.
У свята віншуем і ганарымся юнай журналісцкай зменай. Сумесны праект «ЛВ» і аддзела па адукацыі райвыканкама «Школьны дзённік» крочыць з нумара ў нумар, рабяты дзеляцца з намі сваім школьным жыццём, перамогамі і дасягненнямі, выхоўваюцца і растуць разам з намі. Мы натхняемся вашымі публікацыямі, акаўнтамі ў інстаграме
і цік-току, дзякуй, што адзначаеце «ЛВ» у сваіх запісах. Тандэм з майстэрства і жадання эксперыментаваць стварае новую журналістыку. Як вы любіце сваю краіну, малую радзіму, шануеце гісторыю і пра гэта можаце так прыгожа расказаць на ўвесь
свет – дарагога варта. Не разгубіце гэта ў сабе, зберажыце і перадайце сваім дзецям!
Дзякуй, калегі, за тое, што побач.
У адзінстве магчыма зрабіць усё, што задумалі. Мы ствараем цікавую, праўдзівую, унікальную інфармацыйную прастору рэгіёна!
Галоўны рэдактар
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.