Інжынер працоўнага настрою. Працоўныя і прафсаюзныя заслугі ляхавічанкі Вольгі Анікей ацэнены высокімі адзнакамі

Ёсць людзі, якія сваёй энергіяй запальваюць іншых, з імі немагчыма сядзець склаўшы рукі. Да такіх адносіцца і ляхавічанка Вольга Анікей

Пасада Вольгі Анікей – інжынер па ахове працы Ляхавіцкага малочнага завода – не прадугледжвае выключна кабінетнай дзейнасці. Гэта і пастаянныя зносіны з калегамі, і работа з дакументамі… Плюс актыўная грамадская дзейнасць: з 14 гадоў працы на прадпрыемстве 13 Вольга з’яўляецца нязменным прафсаюзным
лідарам. Такім чынам стаіць не толькі на варце аховы жыцця і здароўя сваіх калег, але і адстойвае іх працоўныя інтарэсы.
У раскладзе працоўнага дня – кантроль за забеспячэннем пажарнай і прамысловай бяспекі і вытворча-лабараторны, выкананне працаўнікамі патрабаванняў аховы працы і бяспекі, праходжанне калектывам медыцынскага і іншых аглядаў, забеспячэнне сродкамі індывідуальнай абароны. Важны і абавязковы момант – уводны інструктаж для навічкоў. Вольга Анікей падкрэслівае: на іх прадпрыемстве распрацавана і дзейнічае эфектыўная сістэма кіра-
вання аховай працы. І да кожнага накірунку прад’яўляюцца самыя высокія патрабаванні.
Адказная і прынцыповая, ініцыятыўная і нераўнадушная, а яшчэ вельмі актыўная, у калектыве яе паважаюць як прафесіянала, уважлівага і добразычлівага чалавека. А яна сваім настаўнікам у прафесіянальным плане лічыць былога дырэктара малочнага завода Вячаслава Жукоўскага, які ў свой час даў выдатны майстар-клас па кіраўніцкай дзейнасці, працы з дакументамі і ўменні быць доб-
рым арганізатарам.
Прагучыць, можа, і шаблонна, але Вольга – сапраўды адданы справе чалавек, які не пакідае работу за парогам прадпрыемства, а можа доўга расказваць, які ў іх зладжаны калектыў, і якую смачную прадукцыю вырабляюць на заводзе.
У прафсаюзную пярвічку тут аб’яднаны ўвесь калектыў – 251 чалавек.
Важную ўвагу прафкам надае культурнаму і здароваму адпачынку сваіх працаўнікоў.
Старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі малочнага завода адзначае, што актыўную дзейнасць членаў прафсаюза падтрымлівае зацікаўленасць наймальніка. Тут у пашане каштоўнасці здаровага ладу жыцця,і ў гэтым напрамку распрацавана сістэма мерапрыемстваў. Адпраўляюцца працаўнікі малочнага завода і на экскурсіі па Беларусі, удзельнічаюць ў разнастайных конкурсах і спаборніцтвах, злётах, сплаўляюцца на байдарках і, напрыклад, вызначаюць самае крэатыўнае фота са снегавіком.
Працоўныя і прафсаюзныя заслугі Вольгі Анікей ацэнены высокімі адзнакамі: па выніках працы за мінулы год партрэт інжынера па ахове працы  СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» занесены на Галерэю славы раёна, а лідара прафсаюзнай пярвічкі – на Дошку гонару Брэсцкай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.