Песні пра галоўнае. У Ляхавічах прайшло раённае свята ваеннай і патрыятычнай песні «Памяць»

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

«Нам песня будаваць і жыць дапамагае» – радкі з «Марша вясёлых рабят» не страчваюць актуальнасці і сёння. У Год гістарычнай памяці і напярэдадні Дня Перамогі самадзейныя артысты і творчыя калектывы Ляхавіччыны праз песню выказваюць любоў да Айчыны, услаўляюць мужны подзвіг салдатаў Вялікай Айчыннай вайны, натхняюцца прыгажосцю беларускіх краявідаў, ушаноўваюць таленавітых і працалюбівых землякоў.

Пра гэта і многае іншае былі музычныя нумары і тэатралізаваныя кампазіцыі на раённым свяце ваеннай і патрыятычнай песні «Памяць», што прайшло ў гарадскім Доме культуры. Кожная песня стала асобнай гісторыяй, прасякнутай шчырасцю і глыбінёй пачуццяў.
Сярод гасцей канцэрта – Ала Свянтэцкая з вёскі Крывошын, маці мужнага салдата Сяргея, які праходзіў тэр-міновую службу і 25 гадоў
назад спыніў групавы ўцёк зняволеных на чыгуначнай станцыі Баранавічы-Палескія, а сам загінуў… Ад калектыву вайсковай часці 7404, дзе служыў Сяргей Свянтэцкі, маці Героя Беларусі – кветкі і музычнае прызнанне.
Амаль год мінуў з таго дня, як у небе над Баранавічамі здарылася трагедыя: падчас вучэбна-трэніровачнага палёту разбіўся ваенны самалёт Лідскай авіябазы. Лётчыкі Андрэй Нічыпорчык і Мікіта Куканенка цаной свайго жыцця адвялі самалёт ад жылых дамоў у Баранавічах. У гонар і памяць лётчыкаў – Герояў Беларусі – наш зямляк Сяргей Купчынскі напісаў музыку да песні «Апошні палёт», аўтарам слоў стала яго сяброўка Ларыса Залеская. Днямі прыйшла цудоўная навіна: народная арт-група «ВІНС-акорд» – выканаўцы песні-прысвячэння – заваявала званне лаўрэата першай прэміі XXV фестывалю ваеннай песні «Зорка» ў намінацыі «выканаўцы вайсковай песні».

Мінута маўчання ў памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны і мірнага часу.
І зноў гучыць песня пра галоўнае – пра мір і радасць жыцця.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.