Такія юныя, а ўжо волаты. У адкрытым турніры па дзюдо «Ляхавіцкі волат» ўдзельнічалі юнакі і дзяўчаты 2008–2013 гадоў нараджэння

Дзюдо робіць з падлеткаў сапраўдных волатаў волі і цела. Галоўнае не ленавацца – трэніравацца. Калі ўдзельнікі адкрытага турніру СДЮШАР Ляхавіцкага раёна па дзюдо «Ляхавіцкі волат» – юнакі і дзяўчаты 2008–2013 гадоў нараджэння пакуль толькі вучацца, рыхтуюцца стаць у шэрагі «волатаў», то сярод ганаровых гасцей спаборніцтваў быў і самы сапраўдны, міжнароднага значэння волат.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

У высокім росце і магутным целаскладзе, ва ўсёй постаці Уладзіслава Цярпіцкага лёгка ўгадвалася багатырская сіла.
Член нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь з 2015 года, пераможца і прызёр шэрага спаборніцтваў топавага ўзроўню, майстар спорту міжнароднага класа прыехаў спецыяльна пад старт дзіцяча-юнацкага «Волата». Ляхавічы – яго родны горад, а раённая спартыўная школа з’яўляецца пачаткам пачаткаў. У гэтых сценах, на тым жа самым татамі былі зроблены першыя крокі ў прафесію паспяховага спартсмена. І ў многім дзякуючы яму, на «фундаменце» Цярпіцкага колішняя ДЮСШ стала спецыялізаванай школай алімпійскага рэзерву.
– Калі патэлефанавалі з прапановай наведаць дзіцяча-юнацкі турнір, ніякіх ваганняў, ехаць ці не, не ўзнікла. Заўсёды і выключна
з задавальненнем наведваю родны горад, сваю спартшколу, сустракаюся з трэнерамі. Каб быць тут сёння, прыйшлося ахвяраваць ранішняй трэніроўкай, а практычна адразу пасля адкрыцця «Ляхавіцкага волата» вымушаны вяртацца ў Мінск. Спазніцца,
а тым больш прапусціць прызначаную на пяць вечара трэніроўку не ўяўляецца магчымым. Трэба спяшацца, – падзяліўся Уладзіслаў. Зараз дзюдаіст трэніруецца пад кіраўніцтвам нядаўняга галоўнага трэнера зборнай каманды краіны Леаніда Свірыда, а 5 мая ў складзе зборнай адпраўляецца на турнір у Хабараўск Пажадаем земляку чыстых перамог і вернемся ў Ляхавічы, на турнір юных, спрытных і ўжо дастаткова ўмелых дзюдаістаў.
Пасля традыцыйнай цырымоніі ўрачыстага адкрыцця, у якой
прыняла ўдзел і выступіла з прывітальным словам намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, прагучала законнае для спаборніцтваў па дзюдо «Пачынайце!».
Трэці адкрыты турнір СДЮШАР Ляхавіцкага раёна адзначыўся
нядрэнным прадстаўніцтвам. Больш за дзясятак школ дзюдо з Івацэвічаў, Пружан, Кобрына, Давыд-Гарадка, Ляхавіч, некалькі баранавіцкіх і з аграгарадка Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна, а таксама з Клецка і Нясвіжа прымалі ўдзел у медальных разборках. Спаборніцтвы праводзіліся ў трох узроставых і некалькіх вагавых катэгорыях, доўжыліся два дні. Тры татамі дазвалялі вызначыцца з балельшчыцкімі прыярытэтамі. У дзяўчат сваё дзюдо і не юнацкія эмоцыі на татамі, у дзевяці-дзесяцігадовых адзінаборцаў недасканаласць тэхнікі кампенсавалася бескампраміснасцю вядзення схваткі. Спарынгі самых дарослых, тых, каму 14 ці крыху менш, вызначаліся і першым, і другім, і трэцім: эмоцыямі, пастаўленай кідковай тэхнікай, жаданнем змагацца і перамагаць. А пераможцамі спаборніцтва могуць лічыць сябе ўсе, хто ступіў на ляхавіцкае татамі і правёў на ім мінімум спарынгаў.
На спаборніцтвах кшталту «Ляхавіцкі волат» не вызначаюцца каманды-лідары, лепшыя па суме ўсіх выступленняў. Але, калі б пытанне ставілася іменна так, то каманда гаспадароў была б, магчыма, на вяршыне турнірнай піраміды. Выхаванцы трэнераў Віктара Богуша і Рашыда Байрашэўскага ўздымаліся на п’едэстал гонару ў розных узроставых і вагавых катэгорыях.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.