За тры месяцы да «Дажынак». Аграгарадок Навасёлкі рыхтуецца да «Дажынак»
Знаёмцеся: сталіца сёлетніх раённых «Дажынак» – аграгарадок Навасёлкі. Да свята-ўшанавання лепшых хлебаробаў Ляхавіччыны, якое звычайна ладзіцца напрыканцы жніўня – упачатку верасня, не так шмат часу. Таму ўжо ў красавіку – маі пачаліся падрыхтоўчыя работы.
У райвыканкаме створана спецыяльная група, якая курыруе, кантралюе, удакладняе ход рамонту, добраўпарадкавання, навядзення чысціні ў кожным куточку гэтага населенага пункта. Распрацаваны план мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні аграгарадка Навасёлкі для падрыхтоўкі і правядзення раённага свята «Дажынкі-2022».
ДРБУ-200 запланавана добраўпарадкаванне дарогі Ляхавічы – Навасёлкі (абрэзка кустоў, падкошванне прыдарожнай паласы), замена дарожных знакаў, нанясенне разметкі дарогі, уладкаванне вуліц Маладзёжнай, Школьнай, Спартыўнай, навядзенне парадку і рамонт прыпыначных пунктаў на вуліцы Школьнай у Навасёлках.
Зона адказнасці раёна электрасетак – замена 17 ліхтароў вулічнага асвятлення на энергазберагальныя на вуліцах Цэнтральнай і Маладзёжнай, а таксама дэмантаж слупоў непрацуючай лініі электраперадачы на тэрыторыі Навасёлкаўскага дзіцячага садка.
Нямала разнастайных работ трэба выканаць ААТ «Шлях новы», бо сталіца «Дажынак» – цэнтральная сядзіба гаспадаркі. Устаноўка варот на тэрыторыю мехдвара, рамонт павеці для сельгастэхнікі –
работы, што павінны быць зроблены ў красавіку – ліпені. Усяго тры месяцы даецца на тое, каб уладкаваць тэрыторыю каля адміністрацыйнага будынка «Шляху новага». Завяршаецца афарбоўка агароджы па вуліцах Цэнтральнай, Маладзёжнай, Спартыўнай, Калгаснай.
Свой участак і ў КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». У прыватнасці – пракласці цеплатрасу для падключэння дзіцячага садка да цэнтральнага ацяплення, адрамантаваць агароджу могілак у Пранчаках.
На падпарадкаваных аб’ектах павінны навесці парадак ААТ «ААБ Беларусбанк», РУП «Белпошта» Навасёлкаўскі СДК, сярэдняя школа, амбулаторыя ўрача агульнай практыкі і іншыя арганізацыі.
– Разам з рознымі службамі прыкладзём усе намаганні, каб Навасёлкі сталі яшчэ больш утульнымі, – адзначае старшыня Навасёлкаўскага сельвыканкама Аляксандр Мацюшэнка.
– Канешне, да агульнага добраўпарадкавання далучаюцца і жыхары нашага аграгарадка. Кожны дбайны гаспадар будзе не толькі падтрымліваць парадак на сваім прысядзібным участку, але і пастараецца дабавіць эксклюзіўнасці ў афармленні клумбаў, двара. Зробім усё магчымае, каб сустрэць герояў жніва і ўдзельнікаў свята не толькі шчыра, ветліва, але і прыгожымі краявідамі і суцэльнай чысцінёй, – упэўнена стараста Навасёлак Таццяна Пішч.
Адны з першых, хто ўзяўся за навядзенне парадку на падведамасных тэрыторыях і аб’ектах, – райспажыўкааперацыя: рамантуецца уваход у тутэйшы магазін райпо.
Зразумела, што гэта далёка не поўны пералік таго, што трэба паспець зрабіць да раённага свята.
Галіна КАНЬКО.