Дарожна-светлавы акцэнт. ЗВАРОТЫ: ВЫРАШАНА СТАНОЎЧА
Час паказвае, што разнастайныя формы дыялогу «ўлада – народ» даюць свой плён. Запатрабаваны як прамыя тэлефонныя лініі, так і асабістыя прыёмы грамадзян службовымі асобамі, а таксама калектыўныя сустрэчы з прадстаўнікамі органаў улады розных узроўняў.
Адна з асноўных праблем, якая найбольш часта хвалюе землякоў, – дарожная. Так, сёлета ў лютым падчас сустрэчы з памочнікам Прэзідэнта Беларусі па Брэсцкай вобласці з жыхарамі Востраўскага сельсавета ад імя землякоў да Валерыя Вакульчыка звярнуўся Аляксей Пташук. Размова ішла пра ўладкаванне вуліц Савецкай і Камсамольскай у Востраве, а таксама ўчастка дарогі Р-43. Гэтыя дарожныя ўчасткі – зона адказнасці ДРБУ-200. Кіраўніцтву арганізацыі і было адрасавана даручэнне аб правядзенні неабходных работ. Зразумела, пакуль ляжаў снег і былі мінусавыя тэмпературы, уладкаванне дарог не праводзілася. Як толькі надвор’е дазволіла, работнікі ДРБУ-200 узяліся за справу, а 29 красавіка выкананы ямачны рамонт дарожнага пакрыцця на ўказаных участках.
– Гэта праблема з’яўляецца ў Востраве не першы год. ДРБУ-200 праводзіць ямачны рамонт, але якасць яго не заўжды добрая. Таму і звярнуліся за дапамогай да памочніка Прэзідэнта. Зроблены ў красавіку рамонт сапраўды якасны, прэтэнзій у аграгараджан няма. Дзякуй за разуменне і клопат. А такога кшталту сустрэчы адназначна маюць станоўчы эфект, – адзначае Аляксей Пташук.
Дарожная тэматыка, дакладней, утры-манне вуліцы Цэнтральнай у вёсцы Куршынавічы, стала нагодай для тэлефоннага звароту старасты вёскі Зоі Біліновіч на прамую лінію, якую праводзіў Камітэт дзяржкантролю па Брэсцкай вобласці ў студзені 2022 года.
– Канешне, кожны жадае, каб дарога, па якой ездзіш, была камфортнай. У рэшце, жыхары бліжэйшых вёсак дачакаліся, што будзе пакладзены асфальт да Куршынавічаў, Мядзведзічаў. У Камітэт дзяржкантролю звярталіся з просьбай аказаць дапамогу ў перапрафіляванні праезнай часткі адной з вуліц Куршынавічаў. Прыемна, што былі пачутыя, – расказвае Зоя Біліновіч.
Як паведамілі ў ДРБУ-200, 14 красавіка праезная частка вуліцы Цэнтральнай была прагрэйдзіравана.
Не менш актуальная камунальная тэма. Змяненне рэжыму работы вулічнага асвятлення гарадской вуліцы Радужнай, дэмантаж кантэйнера для паасобнага збору цвёрдых бытавых адходаў – пытанні, што ўзняў ляхавічанін на прыёме, які праводзіў у красавіку старшыня райвыканкама Мікалай Мароз. Для вырашэння «светлавой» тэмы спатрэбіўся ўсяго адзін тыдзень. Як адзначыў дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі, да 21 красавіка зменены рэжым работы вулічнага асвятлення. Таксама дэманціраваны кантэйнер для паасобнага збору ЦБА.
Ёсць у гэтых трох праблем адзін агульны момант. Перш чым звярнуцца за дапамогай да прадстаўнікоў улады і кантралюючых органаў, грамадзяне пісалі ці тэлефанавалі непасрэдна ў службы, у чыёй кампетэнцыі і адказнасці вырашэнне азначаных пытанняў. Але чамусьці заяўнікі не былі пачуты…
Галіна КАНЬКО.