Крымінал. Здарэнні Ляхавіччыны
Пралік
РАСК узбудзіў крымінальную справу па частцы 3 артыкула 209 па факце махлярства. Падзеі адбываліся яшчэ ў ліпені 2021 года. Адно з прадпрыемстваў Ляхавіччыны заключыла дагавор з закрытым акцыянерным таварыствам на пастаўку таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў на суму больш за 12 тысяч рублёў. Аднак дырэктар ЗАТ за гэты час не выканаў узятыя абавязацельствы па дагаворы, і разлік не адбыўся. Дарэчы, ад яго махлярскіх дзеянняў пацярпелі і іншыя юрыдычныя асобы, размешчаныя на тэрыторыі краіны.
Прадпрыемства з нашага раёна вымушана было звярнуцца ў праваахоўныя органы.
Несуны…
З сярэдзіны красавіка па 1 мая з гаспадарчай пабудовы ў Гарадзішчы, пакуль гаспадыня адсутнічала, невядомая асоба выкрала веласіпед коштам 150 рублёў.
У аграгарадку Падлессе з двара дома знікла ёмістасць для вады. Гаспадар ацаніў страту ў 120 рублёў.
У Макееўшчыне два мясцовыя жыхары забралі з двароў дамоў двух пенсіянераў металалом і іншую маёмасць.
Па ўсіх фактах крадзяжу ўзбуджаны крымінальныя справы.
У раёне з пачатку вясны павялічылася колькасць крадзяжоў. Супрацоўнікі РАСК і міліцыі просяць грамадзян не пакідаць свае рэчы без нагляду і забяспечыць надзейнае захоўванне маёмасці.
Пагасцілі
Двое ляхавічан 1984 і 1989 г.н. гасцявалі у адной з кватэр райцэнтра. Пасля сумеснага правядзення часу ў адной з кампаньёнак зніклі залатыя завушніцы коштам 1000 рублёў.
Райаддзел СК узбудзіў крымінальную справу па частцы 2 артыкула 206 Крымінальнага кодэкса. Грабеж, спалучаны з насіллем, не небяспечным для жыцця ці здароўя пацярпелага ўчынены групай асоб караецца штрафам або арыштам, абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.
Дапамажыце следству
У аграгарадку Падлессе неўстаноўленая асоба ў дзве гадзіны ночы дастала аконную раму і залезла ў дом да пенсіянера. На шчасце, гаспадар пачуў шум і прачнуўся, злачынца збег.
РАСК узбудзіў крымінальную справу, праводзіць следчыя мерапрыемствы па ўстанаўленні асоб, якія маюць дачыненне да гэтага злачынства.
Давяраць трэба не ўсім
Неўстаноўленая асоба спісала 222 рублі з банкаўскай карткі ў жыхара
раёна, які хацеў набыць па аб’яве вадкасць для парагенератара. Перапіска вялася ў мэсэнджары. Узбуджана крымінальная справа.
Дзмітрый ГАТОЎЧЫЦ, намеснік начальніка РАСК.