У варотах – скураны мяч. У Ляхавічах прайшоў раённы этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па футболе «Скураны мяч»

Гучнае «гол!» суправаджае радаснае «клас!» – на стадыёне «Колас» у мінулую сераду прайшоў раённы этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па футболе «Скураны мяч» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Эмоцыі зашкальвалі. Футбольныя каманды трох школ райцэнтра ў складзе хлопчыкаў 2012-2013 гадоў нараджэння сышліся ў паядынку за права прадстаўляць Ляхавіччыну на абласным этапе.
– «Скураны мяч» праводзіцца для аматараў дзіцячага футбола – тых, хто ганяе мяч у двары свайго дома і не запісаны ў адпаведную спартыўную секцыю ў СДЮШАР. Мэта спаборніцтваў, якія адбыліся ў Ляхавічах, – адкрыць новыя прозвішчы, убачыць юных футбалістаў у гульні, ацаніць іх магчымасці, каб сфарміраваць раённую каманду. Нехта з іх, верагодна, пасля зоймецца футболам прафесійна, – адзначае выконваючы абавязкі старшыні Ляхавіцкага ФСК Марына Бусько.
Гульня на стадыёне атрымалася відовішчнай і захапляючай. А статус пераможцы заваявала каманда гімназіі, якая падчас трох адборачных гульняў зарабіла шэсць ачкоў і забіла ў вароты сапернікаў у суме восем галоў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.