Раман са спортам. Сёння прафесійнае свята адзначаюць работнікі фізічнай культуры і спорту

Фізкультура – гэта здароўе, рух – жыццё. А здаровае жыццё – гэта шчасце. Дык будзьце шчаслівымі – займайцеся фізічнай культурай і спортам, заклікаем мы сёння, у дзень прафесійнага свята работнікаў названай галіны

Раман Рамана Станчыка са спортам пачынаўся ў дзяцінстве. Родную Навасёлкаўскую школу можна разглядаць як самы першы – стартавы адрэзак яго фізкультурна-спартыўнай дыстанцыі. А далей – спартшкола Ляхавіцкага раёна, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, тэрміновая вайсковая служба, дзе фізічная загартоўка з’яўляецца асновай падрыхтоўкі, узведзена ледзь ці не ў культ. А зараз у маладога чалавека і маладога спецыяліста працягваецца новы, адказны і высокі віток біяграфіі. Адказны, бо сёння ён ужо не сам па сабе, а знаходзіцца ў адказе за сваіх выхаванцаў. А высокі таму, што вучыцца і вучыць – дзве вялікія розніцы: зараз стыпендыят Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Раман Станчык з’яўляецца трэнерам-выкладчыкам па лёгкай атлетыцы СДЮШАР Ляхавіцкага раёна.
– Калі ішоў на свой першы ў якасці трэнера самастойны занятак, дужа хваляваўся. Адольвалі разважанні: як сустрэнуць, з чаго пачаць знаёмства з групай, наколькі атрымаецца наладзіць камунікацыю
з дзецьмі, зацікавіць іх, заахвоціць да заняткаў спортам і лёгкай атлетыкай у прыватнасці. Пад акампанемент такіх думак і праходзілі дэбютныя дні-тыдні работы. Паступова ўліўся, выхаванцы самі сталі цікавіцца, праяўляць жывы інтарэс. Вельмі важна, каб заняткі не былі стандартна-будзённымі, праходзілі на эмоцыях, практыкаванні ўтрымлівалі элемент гульні. Вясковых, як у мяне, дзяцей асабліва «заводзяць» падрыхтоўка і выезды на спаборніцтвы, – дзеліцца сваёй гісторыяй трэнер.


Навасёлкаўскі аздараўленчы комплекс уяўляе сабой многафункцыянальную пабудову. Тут размешчаны і «культура», і «медыцына», і бібліятэка.
А дастаткова рэдкія, блізкія да стандартых 20 на 40 метраў памеры гульнявой залы здольны выклікаць, як мінімум, спартыўны інтарэс многіх фізкультурнікаў-гульнявікоў. Зала належыць СДЮШАР раёна, і іменна яна з’яўляецца адным з месцаў трэнерскай службы Рамана Станчыка. Ён вядзе дзве складзеныя з вучняў мясцовай школы групы па падрыхтоўцы лёгкаатлетаў. Групы змешаныя – хлопчыкі і дзяўчынкі, малодшая (дзеці ўзростам да 12-13 гадоў) і старэйшая. Трэніроўкі, канешне ж, праходзяць у пасляўрочны час, дзеці, як прызнаецца, з ахвотай прыходзяць у залу і з натхненнем, настойліва праводзяць трэніровачны час.
– Сярод малодшых маіх выхаванцаў большасць складаюць дзяўчынкі, а ў старэйшай групе ўсё наадварот, там колькасная перавага за хлопцамі. Малодшыя дзеці адрозніваюцца, я б сказаў, больш
эмацыянальна шчырымі паводзінамі. Прыходзіш да такіх у групу – адразу ўсмешкі, «хор» пытанняў: а як гэта, а чаму тое, а калі? – расказвае трэнер-выкладчык.
Прыкладна па такім жа, як ў Навасёлках, прынцыпе арганізавана работа і ў Дараве: секцыя лёгкай атлетыкі ад СДЮШАР для мясцовых школьнікаў розных узростаў, тая ж спартыўная спецыяліза-
цыя – спрынтарскі і бег на сярэднія дыстанцыі, падобная методыка трэніровак, спаборніцтвы. А розніца ў тым, што гэта адбываецца на «гасцявым полі».
– Кіраўніцтва адукацыйнай установы на чале з дырэктарам Таццянай Жучэня пайшло насустрач. Для нашых заняткаў дазволена карыстацца ўсёй фізкультурна-спартыўнай інфраструктурай школы. А яна даволі поўная, ёсць практычна ўсё небходнае для лёгкаатлетычных трэніровак. Нядрэнна абсталяваны, у тым ліку для сілавых практыкаванняў, адкрыты стадыён, хоць і не настолькі вялікая, як у Навасёлках, але належных якасцяў, па-патрэбнаму ўкамплектаваная спартыўная зала. Хочацца падзякаваць калектыву школы і ад сябе, і ад імя маіх юных лёгкаатлетаў. Для іх тут ніякіх забарон, толькі дапамога і жаданне зрабіць нешта яшчэ, – заяўляе трэнер.
Што працаваць дзіцячым спартыўным настаўнікам – справа надзвычай клапатлівая, думаецца, запэўніваць нікога не трэба – гэта вядомая жыццёвая аксіёма. Але ж, як у любой справе, калі да яе з душою і імкненнем выканаць як мага больш якасна, ёсць нешта
сваё, асабліва важнае і значнае, без чаго не бывае прафесіі. На пытанне, што з’яўляецца найбольш няпростым і першачаргова значным у прафесіі трэнера, Раман Станчык адказвае так:
– Зыходзячы з майго даволі сціплага пакуль вопыту работы асабліва важным і дастаткова няпростым з’яўляецца момант пастаноўкі сваім выхаванцам правільнай тэхнікі выканання адпаведных віду спорту практыкаванняў, характэрных рухаў, базавых элементаў. Напрыклад, тэхнічны спрынтар далёка не заўсёды чэмпіён, але не тэхнічных чэмпіёнаў дакладна не бывае. Важна навучыць гэтаму
адразу, бо перавучваць, як мінімум, сабе даражэй. А, нярэдка, і немагчыма. Ды і недасканаласці выканання таго ці іншая элемента «прыцягваюць» траўмы, правакуюць спартыўныя захворванні.
А такі спорт нікому не патрэбны.
На заканчэнне гутаркі Раман Станчык павіншаваў усіх калег з прафесійным святам, падзякаваў кіраўніцтву СДЮШАР за трэнерскую навуку, падтрымку, вопыт, якім ён, дзякуючы ім, працягвае ўзбройвацца.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.