З патрыятычным настроем. У Ляхавічах раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» падвяла вынікі работы

Прадcтаўнікі вытворчай і сацыяльнай сфер, бізнесу, дзяржслужачыя – такі сённяшні склад раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», якая налічвае 860 чалавек. Больш за паўсотні з іх сталі дэлегатамі справаздачна-выбарнай канферэнцыі, якая прайшла 20 мая ў СШ № 2 і падвяла вынікі дзейнасці з мая 2019 года. У яе рабоце прынялі ўдзел старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

– Адметна, што за справаздачны перыяд створаны тры пярвічкі.
Не было фактаў выхаду з арганізацыі. Гэта сведчыць пра якасны склад нашых радоў, – падкрэсліў старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Леанід Калбаса.
Сярод членаў «Белай Русі» шмат тых, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Але яны вылучаюцца актыўнай жыццёвай пазіцыяй, і арганізацыі без іх ніяк. Таму і было прынята рашэнне раённага савета грамадскага аб’яднання аб вызваленні тых, хто выйшаў на пенсію, і людзей з абмежаванымі магчымасцямі ад выплат членскіх узносаў. Так раённая арганізацыя «Белая Русь» падтрымлівае пераемнасць пакаленняў, падкрэслівае паважлівае стаўленне да прадстаўнікоў старэйшага ўзросту і тым самым дае ўрокі маладому пакаленню.
Леанід Калбаса падрабязна спыніўся на ўдзеле раённай арганізацыі «Белай Русі» ў шматлікіх акцыях і мерапрыемствах, на добрых ініцыятывах, накіраваных на кансалідацыю грамадства, расказаў пра дапамогу і клопат, якімі «Белая Русь» ахоплівае розныя катэгорыі насельніцтва. Сваімі дабрачыннымі справамі прадстаўнікі грамадскага аб’яднання не любяць хваліцца, але кропак дабрыні
нямала.
Агульнавядома, што пажар лепш папярэдзіць. Таму «Белая Русь» спансіруе набыццё аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў пэўным катэгорыям насельніцтва.
А супрацоўнікі ТЦСАН, сярод якіх і члены «Белай Русі», сумесна з РАНС абследуюць домаўладанні землякоў і ўстанаўліваюць устройствы ў дамах і кватэрах адзінока пражываючых грамадзян, неўладкаваных сем’яў, тых, хто трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю і г. д. Падчас акцыі «За бяспеку разам!» летась і з пачатку гэтага года закуплена і ўстаноўлена 55 АПА, заменена 30 сілкавальных элементаў да іх.
Традыцыяй стала і ўшанаванне стогадовых землякоў, якія ў падарунак атрымліваюць харчовыя наборы. Члены раённай арганізацыі з кветкамі і цёплымі пажаданнямі сустракалі з раддома ляхавічанку, якая нарадзіла трэцяе дзіця ў галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Ляхавіцкая арганізацыя шмат увагі надае рабоце з падрастаючым пакаленнем, выступае за здаровы лад жыцця і прымае ўдзел у разнастайных спаборніцтвах і конкурсах.
«Белая Русь» – сапраўдная патрыётка, узважана і асэнсавана ацэньвае падзеі і працэсы з агульнадзяржаўных і агульнанародных пазіцый. Пацвярджэнне таму – актыўны ўдзел членаў «Белай Русі» ва ўсіх палітычных і грамадскіх кампаніях, у тым ліку выбарчых. Члены арганізацыі ўваходзілі ў склад участковых камісій, былі назіральнікамі. З тымі, хто ўпершыню быў задзейнічаны ў гэтай рабоце, праводзілася вучоба. Падчас выбарчых кампаній працавала грамадская прыёмная і штаб, куды ў час прэзідэнцкай выбарчай кампаніі звярнуліся 37 землякоў.
Члены «Белай Русі» праводзілі ў працоўных калектывах тлумачальную работу па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, збіралі прапановы для дапаўнення Асноўнага Закона. Пасля абагульнення ад Ляхавіцкай арганізацыі было прадстаўлена
27 прапаноў змяненняў і дапаўненняў у Асноўны Закон краіны.
І, дарэчы, некаторыя былі ўключаны ў праект Канстытуцыі.
Акцыя «Беларусь памятае. Памятаем кожнага», аўтапрабегі «За Беларусь!», традыцыйны ўдзел ва ўсіх дзяржаўных святах і г. д. – «Белая Русь» заўсёды выдзяляецца і знешняй экіпіроўкай, і масавасцю.
«Белая Русь» на прынцыпах сяброўства будуе ўзаемаадносіны са шматлікімі арганізацыямі раёна. Сярод іх ветэранская, прафсаюзная, БРСМ, Камуністычнай партыі  Беларусі, Беларускі саюз жанчын. У раёне створаны каардынацыйны савет грамадскіх арганізацый, які ўзначальвае Мікалай Юрлевіч.
Вопытам работы падзяліліся старшыні пярвічак райвыканкама Марына Завадская, ТЦСАН – Наталля Ісаханава, дырэктар Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча Вольга Бурак. Дарэчы,
у конкурсе «Залатое пяро «Белай Русі» – 2019 навучэнка Жарабковіцкай СШ Вераніка Казакевіч стала лепшай у вобласці і рэспубліцы. Перамогу ёй прынесла эсэ «Каб памяталі» ў намінацыі «Мая непаўторная радзіма» (кіраўнік работы Галіна Навумік).
Леанід Калбаса назваў самыя масавыя пярвічныя арганізацыі, сярод якіх пярвічкі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (старшыня – Наталля Ісаханава), створаная нядаўна –
цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый (старшыня Аксана Ткачэнка), Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча (старшыня Ніна Казакевіч).
Ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўзнагароджаны актыўныя члены раённай арганізацыі і ўручаны білеты тым, хто ўступіў у рады «Белай Русі».
На справаздачна-выбарнай канферэнцыі пастаўлены задачы і вызначаны перспектывы работы, зроблена справаздача кантрольна-рэвізійнай камісіі, выбраны савет раённай арганізацыі.
На пасаду старшыні раённай арганізацыі «Белая Русь», дзейнасць якой прызнана здавальняючай, зноў абраны Леанід Калбаса.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.