Няласкавы май. У сельскагаспадарчых арганізацыях Ляхавіцкага раёна пачалася касьба траў. Пад першы ўкос запланавана дзевяць тысяч гектараў

Механізатар СВК «Ляхавіцкі» Віктар Кардаш
Механізатар Валерый Ракашэвіч.

Стартавала корманарыхтоўчая кампанія, якая на розных этапах і з невялікімі перапынкамі прадоўжыцца аж да глыбокай восені. Але аснова кармавога стала жывёлы на час яе стойлавага ўтрымання закладваецца іменна зараз.
Па стане на 26 мая, гаспадаркі раёна скасілі каля 1,2 тысячы гектараў травяных угоддзяў – больш за 12 працэнтаў ад запланаваных у бягучым годзе пад першую касавіцу дзевяці тысяч.

Работы праводзяцца ўсімі без выключэння: сельскагаспадарчыя прадпрыемствы косяць, сушаць скошанае да патрэбных 45–55 працэнтаў вільготнасці, убіраюць і трамбуюць сянажную масу ў папярэдне падрыхтаваныя траншэі. На пытанне, ці ёсць што касіць, усе, з кім давялося пагутарыць, ва ўнісон сцвярджаюць: шматгадовыя травы ў гэтым годзе выглядаюць больш блякла, чым, напрыклад, летась. Недаравальна халодны, месцамі з замаразкамі, абсалютна няласкавы май-2022 не дазволіў травам выцягнуцца, як мае быць,
як разлічвалі і хацелася б.
СВК «Ляхавіцкі» ў пракос стаў у самым пачатку тыдня.
І праз пару дзён гаспадарка ўжо выводзіла пад завяршэнне закладку першай са сваіх сянажных траншэй ураджаю-2022. Работа вялася вельмі актыўна: і на зялёных угоддзях, і на траншэі на тэрыторыі МТФ «Русінавічы», і што тычыцца рулонных нарыхтовак. Пры закладцы траншэі прымянялася тэхналогія закладкі пад умоўнай назвай «канверт». МАЗы, поўныя масы, МТЗ у тандэме з адмысловымі прычэпамі, гружаныя тым жа, прыязджалі адзін за адным. Быў рэжым нон-стоп – зялёная карусель. Часам перш чым заехаць на траншэю для выгрузкі, транспарту даводзілася пастаяць у «пробцы» – тры магутныя машыны-трамбоўшчыкі ледзь паспявалі разраўноўваць-разбірацца з чарговай партыяй сянажнай сыравіны. Не марудзячы, транспарт адпраўляўся на чарговы сянажны круг, каб зноў падставіцца пад «хобат» камбайна-кормаўборшчыка.
У той дзень і на тым полі іх было дзве адзінкі, работа працягвалася да позняга  часу.


Можна сказаць, што паралельна, а правільна – у баку ад комплексу работ па нарыхтоўцы сенажу траншэйнага спосабу захоўвання, працаваў яшчэ адзін камбайн-сянажанарыхтоўшчык – рулонны прэс-упакоўшчык сянажнай масы ў палімерную плёнку. Ён «навучаны» і падбіраць скошаную траву, і фарміраваць яе ў роўныя шчыльныя цыліндры, і загортваць апошнія ў поліэтылен. Апошні штрых «нараджэння» новага цыліндра – яго мяккая выгрузка на свежаскошаную і ўбраную паляну. На параўнальна невялікім па плошчы зялёным палетку ўжо знаходзілася тры-чатыры дзясяткі белых цюкоў-цыліндраў будучага сенажу.
Так, лік пакуль ідзе на дзясяткі-сотні, але ўжо вельмі хутка ён, дзякуючы працы корманарыхтоўшчыкаў, заканамерна трансфармуецца ў тысячы тысяч.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.