Рэцэпт ад кіберзлачынства

З пачатку года райаддзел Следчага камітэта ўзбудзіў восем крымінальных спраў па фактах крадзяжу грашовых сродкаў з карт-рахункаў. Пацярпелі, у тым ліку і нашы землякі.

Неўстаноўленая асоба, знаходзячыся ў неўстаноўленым месцы, маючы намер крадзяжу грашовых сродкаў, якія знаходзіліся на карт-рахунку банкаўскай плацежнай карткі… Большасць паведамленняў
пра факты выкрадання грошай з «пластыку» нашых землякоў пачынаецца менавіта так. Пацярпелыя прадавалі ці набывалі тавар у інтэрнэце і ўводзілі рэквізіты банкаўскай карткі па спасылцы, якую прапаноўвалі ім «добрыя» людзі ў віртуальнай прасторы. У выніку грошы адпраўляліся ў чужы «кашалёк».
Зламыснікі вынаходзяць новыя спосабы выманьвання грошай. 18 мая ў Беларусі ўзбуджана дзевяць крымінальных спраў па фактах тэлефоннага махлярства: за суткі ў даверлівых грамадзян выкралі 170 тысяч рублёў. Схема падману заснавана на чалавечых слабасцях: ашуканцы тэлефануюць, як правіла, пажылым лю-
дзям, прадстаўляюцца супрацоўнікамі праваахоўных органаў і паведамляюць, што іх сваяк вінаваты ў ДТЗ. Для «вырашэння пытання» патрабуюць вялікую суму грошай.
Меры, якія прымаюцца ў раёне, каб супрацьстаяць кіберзлачынствам, выявіць іх прычыны і ўмовы, што садзейнічаюць учыненню, – такое пытанне стаяла на парадку дня апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама.
Намеснік начальніка РАУС Мікалай Смаршчок расказаў, што ўсе злачынствы па лініі супрацьдзеяння кіберзлачыннасці ў нашым раёне ўчынены ў выніку пераходу пацярпелых па фішынгавых спасылках на інтэрнэт-рэсурсы і ўводу на падробленых старонках даных сваіх грашовых картак. Сярод прычын і ўмоў, што паспрыялі такой сітуацыі, – недастатковая лічбавая адукаванасць насельніцтва, грэбаванне мерамі бяспекі пры карыстанні інтэрнэтам.
На тэрыторыі раёна прафілактыка кіберзлачынстваў праводзіцца ў адпаведнасці з рэгіянальным планам, зацверджаным Брэсцкім аблвыканкамам.
У адпаведнасці з ім дзейнічаюць усе зацікаўленыя службы.
З 23 мая па 1 чэрвеня РАУС з мэтай абараніць непаўналетніх ад згубнага ўздзеяння інтэрнэту праводзіць рэспубліканскую прафілактычную акцыю «Дэкада кібербяспекі «КіберДзеці». У звязцы з праваахоўнымі органамі працуюць і супрацоўнікі ТЦСАН, камунгаса, якія даводзяць адпаведную інфармацыю да насельніцтва раёна.
А, напрыклад, ва ўстановах адукацыі раёна распрацавана інструкцыя па выкарыстанні сеткі інтэрнэт, у якой вызначаны парадак абароны службовай інфармацыі. Як расказала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская, сярод мер – невыкарыстанне бясплатных сэрвісаў электроннай пошты для перадачы службовых даных ці інфармацыі, якая ўтрымлівае персанальныя рэквізіты педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў. Персанальныя даныя навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі захоўваюцца з выкарыстаннем сэрвісаў, якія маюць дазвол Міністэрства адукацыі.


Як засцерагчыся ад тэлефонных махляроў?
Па-першае, калі незнаёмец па тэлефоне паведамляе трагічныя звесткі, не паддавацца паніцы і спыніць размову. Ні ў якім разе не давяраць такім званкам. Лепш адразу паспрабаваць звязацца з родным чалавекам і развеяць сумненні, зразумець, што зламыснікі спрабуюць завалодаць грашовымі сродкамі. Ну і, канешне, не трэба перадаваць грошы незнаёмцам.
Каб не стаць ахвярай інтэрнэт-зламыснікаў, не трэба пераходзіць па спасылцы і ўводзіць даныя сваёй банкаўскай карткі. Калі ж чалавек павёўся на «прапановы» зламыснікаў, трэба адразу звяртацца ў праваахоўныя органы.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.