Званок у шлях па новым жыцці. Разам з гімназістамі святочную выпускную ўрачыстасць раздзяліў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Брэсцкай вобласці

Май прыгожа падводзіць вынік школьнаму навучальнаму году.
У перадапошні дзень месяца ў кожнай школе, як заўжды, па-святочнаму натхнёна, па-настальгічнаму сумна, гучаць пяшчотныя і шчырыя пажаданні, хвалююцца ўсе: і школьнікі, і бацькі,
і педагогі. Непаўторнасць выпускнога моманту 30 мая адчулі
152 адзінаццацікласнікі, гучаў апошні званок і для 255 дзевяцікласнікаў нашага раёна.

Валерый Вакульчык уручыў узнагароду гімназістцы Ксеніі Сцепаньковай.
БОЛЬШ ФОТА ТУТ

СЛОВА ВЫПУСКНІКАМ
Ганаровай хваляй прагучаў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, павагай да гісторыі і адказнасцю за будучыню напоўніліся сэрцы гімназістаў падчас гэтых сімвалічных і важкіх хвілін.
– «Выпускны-2022» – важны этап у жыцці выпускнікоў, гімназіі, сям’і, горада, Брэстчыны і краіны. Вы, паважаныя выпускнікі, будучае краіны, вы прыклад для тых, хто працягвае вучыцца ў гімназіі. Чарговы этап жыцця завершаны, цяпер вам належыць пакінуць школьныя класы і бацькоўскі дом, самастойна прадоўжыць жыццёвы шлях. Вельмі важна не спыняцца ў рабоце над сабой. Асабліва важна – быць актыўным грамадзянінам сваёй краіны, быць патрыётам. Разумець, што твая сям’я, твая краіна клапоцяцца пра цябе, абараняюць цябе. І вы павінны адказваць тым жа. Усвядоміць, што я зрабіў для працвітання свайго горада, вёскі, краіны. Жадаю, каб кожны з вас, зыходзячы са свайго прызвання, характару, здольнасцяў, выбраў сваю дарогу ў жыцці, на якой вы праславіце сваю малую і вялікую Радзіму, – шчырыя словы адрасаваў школьнікам памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык.
Традыцыйнае ўзнагароджанне лепшых з лепшых пачалося з тых, хто на працягу года прадстаўляў гімназію на прадметных алімпіядах, творчых конкурсах рознага ўзроўню. Заслужаныя ўзнагароды гімназістам уручыў Валерый Вакульчык. Прыемная навіна: сертыфікат на набыццё новага камп’ютарнага класа дырэктару ўстановы ўручыў памочнік Прэзідэнта.
Шчырыя апладысменты і словы віншаванняў гучалі ў адрас выдатнікаў вучобы.
З віншаваннямі і пажаданнямі да выпускнікоў звярнуўся старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Мікалай Мароз. Выпускнікам сёння складаней, у іх цяпер адказны момант у жыцці, рабяты вырашаюць, з чым звяжуць сваё жыццё. Наперадзе кожнага чакае шмат новага, невядомага, але такога цікавага. І кожны з выпускнікоў сваімі справамі будзе ўносіць уклад у развіццё краіны і свайго раёна.
Шчыра і сардэчна, па-роднаму і пяшчотна звярнулася да выпускнікоў і гімназістаў дырэктар навучальнай установы Таісія Шыбун.
Шчымлівы момант… Кветкі педагогам – людзям, бязмерна ўлюбёным у сваю работу, якім і бацькі, і дзеці даверылі самае дарагое.
І вось ён гучыць. Чакана-нечаканы апошні званок, ён прадвеснік таго, што пачынаецца дарослае жыццё, самастойнае і такое непрадказальнае. Няхай яно не расчаруе маладую змену нашых землякоў. Няхай складанасці пераадольваюцца лёгка, няхай мары спраўджваюцца, паспяховых экзаменаў, дарагія выпускнікі! І памятайце, вас заўжды чакаюць дома, на малой радзіме – Ляхавіччыне.

Пытанні адукацыйнай важнасці
Таксама Валерый Вакульчык азнаёміўся з рабочымі момантамі гімназічнага жыцця. Адноўленая сталовая, інтэрактыўны клас біялогіі, спартыўная зала, класы, дзе займаюцца пачаткоўцы, школьны музейны куток – па кожным накірунку пагаварылі-абмеркавалі асобна. Сярод пытанняў, якія гучалі падчас размовы, – забяспечанасць кадрамі фізіка-матэматычнага профілю, напаўняльнасць класаў, атрыманне працоўнай прафесіі і г. д.
Таксама Валерый Вакульчык падрабязна спыніўся на выніках паступ-
лення, цікавіўся, ці ёсць профільная адукацыя, і ці гэта ідзе на карысць дзецям.
Як адзначыла начальнік аддзела па адукацыі Ляхавіцкага райвыкан-
кама Святлана Якубоўская, працэнт паступлення і ў гімназіі, і ў іншых
школах раёна высокі. Важна тое, што на працягу многіх гадоў рабяты пасля базавай і сярэдняй школы не застаюцца не занятыя. Хтосьці знаходзіць сябе ў вучобе, хтосьці ў прафесіі. На гэта, у тым ліку, працуе і профільная адукацыя. У школах раёна створаны класы спартыўнага, педагагічнага, аграрнага, ваенна-патрыятычнага профілю. Цесная сувязь з мясцовай СДЮШАР таксама выдатна ўплывае на будучую прафесію, паколькі выбар рабят у такім выпадку асэнсаваны.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота аўтара і Сяргея ВАРАНОВІЧА.