Рука дапамогі для зялёнага сябра. 5 чэрвеня – Дзень аховы навакольнага асяроддзя

У экалагічным календары больш як ста краін свету 5 чэрвеня пазначана як Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя. Сёлета ён адзначаецца 48-ы раз, а 20 гадоў назад гэта дата афіцыйна ўключана ў нацыянальны каляндар Беларусі.

– Актывізаваць, прыцягнуць увагу грамадства да праблем навакольнага асяроддзя, падкрэсліць вострую неабходнасць у змяненні адносін чалавека да прыродных рэсурсаў – галоўная, але далёка не адзіная мэта Дня аховы навакольнага асяроддзя. Кожны год да гэтай даты праводзім разнастайныя мерапрыемствы, удзельнічаем у добраўпарадкаванні паркаў і сквераў, – адзначае начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іна Траяноўская.
Сёлета адной з кропак, дзе прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтай даты, стаў Рэпіхаўскі парк. У захапляльнае падарожжа па прыгожых краявідах адправіліся рабяты і педагогі Крывошынскай школы, супрацоўнікі райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Столькі ўсяго цікавага даведаліся і рабяты, і дарослыя на экскурсіі, якую правёў дырэктар летніка «Чайка» і настаўнік Крывошынскай СШ Юрый Сельмановіч, які больш за тры дзесяцігоддзі займаецца краязнаўствам.
– Гісторыя гэтага помніка прыроды мясцовага значэння пачынаецца напрыканцы XVIII стагоддзя, пасля таго, як тутэйшыя мясціны перайшлі ва ўласнасць роду Патоцкіх. На сёння ў Рэпіхаве налічваецца каля сотні розных відаў раслін: дрэвы, кусты, кветкі. Нямала сярод іх і тых, што занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, у прыватнасці, сальвінія плывучая, гарлачык белы, чарамша, першацвет веснавы. Ёсць і дрэвы-экзоты накшталт ліпы крымскай. Кожная экскурсія ў гэта цудоўнае месца багата на ўражанні. Кагосьці больш прыцягвае гісторыя, іншых – флора. Але неабыякавых не застаецца ні сярод дзяцей, ні сярод дарослых. Дарэчы, тут праводзяцца разнастайныя семінары, прыязджаюць пазнаёміцца з прыроднай прыгажосцю і з іншых раёнаў, краін, напрыклад, Швецыі, Польшчы, – расказвае Юрый Сельмановіч.
Што кожны з нас можа зрабіць, каб захаваць навакольны свет для наступных пакаленняў, каб не шкодзіць прыродзе, а, наадварот, прымнажаць яе багацці? Адказ просты: не смеціць, не шкодзіць,
не ламаць і не забруджваць, не разбураць, не парушаць правілы. Але даводзіцца канстатаваць: па-ранейшаму сустракаюцца негаспадарскія адносіны да навакольнага асяроддзя. Абыякавасць, нядбайнасць, спажывецкія адносіны да прыроды – абураюць паводзіны людзей, якія, замест таго, каб выкінуць смецце ў спецыяльныя кантэйнеры, проста выстаўляюць яго каля сваіх пад’ездаў. Ці, распаліўшы ў лесе касцёр, могуць не патушыць вогнішча.
Заклікаем усіх павярнуцца да прыроды тварам, працягнуць навакольнаму асяроддзю руку дапамогі. І, паверце, прырода шчодра аддзячыць за такія добразычлівыя адносіны: свежым паветрам, птушынымі спевамі, шчодрым ураджаем.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.