Развіталіся на мінорна-мажорнай танальнасці. Выпускны марафон працягвае дзіцячая школа мастацтваў Ляхавіч

Выпускны марафон працягвае дзіцячая школа мастацтваў Ляхавіч. На мінулым тыдні апошнім акордам у мінорна-мажорнай танальнасці прагучаў развітальны званок для самых творчых і таленавітых юных зорачак Ляхавіччыны.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Поўная зала ГДК не шкадавала авацый і пажаданняў, калі на сцэну паднімаліся цяпер ўжо выпускнікі ДШМ. Хваляваліся ўсе: і дзеці, і педагогі, і іх бацькі, і сябры. У гэтым годзе 49 хлопчыкаў і дзяўчынак атрымалі пасведчанні аб заканчэнні мясцовай школы мастацтваў. У святочнай атмасферы іх уручыла дырэктар установы культуры Марыя Лутавінава навучэнцам харэаграфічнага, мастацкага, фартэпіяннага, струннага, духавога, баянна-акардэоннага аддзяленняў.
І, канешне, заслужаныя ўзна-гароды-падзякі тым, хто на працягу года актыўнічаў у жыцці ДШМ, прымаў удзел у канцэртнай дзейнасці, вучыўся на выдатна.
Марыя Лутавінава павіншавала змену юных зорачак і падзякавала за гэты насычаны падзеямі год:
– Я ўпэўнена, што гэты час падарыў вам многа цікавага, заняткі ў нашай школе раскрылі ваш патэнцыял, упрыгожылі душу, падарылі знаёмствы, натхнілі на новае і невядомае. Няхай сённяшні выпускны вечар назаўсёды застанецца ў вашым творчым жыццёвым дзённіку. Жывіце неразрыўна са светам мастацтва: марце, натхняйцеся і любіце жыццё.
Канешне, святочны канцэрт выпускнікоў атрымаўся па-сапраўднаму максімумам творчасці. Былі цёплыя словы бацькоў і мора кветак педагогам, што крочылі побач.
Прыемна, калі нашы дзеткі працягваюць удасканальваць свае веды і развіваць здольнасці ў прафесіянальным плане. Напрык-лад, выпускнік баянна-акардэоннага аддзялення Арсеній Рымша, які здаў выпускны экзамен на дзясятку, рыхтуецца да паступлення ў Баранавіцкі дзяржаўны музычны каледж.
А тым часам у ДШМ працуе прыёмная камісія. Час спланаваць сваё паступленне. Камісія працуе па адрасе: вуліца Камсамольская, 8.
Тут прапісалася творчасць, дазвольце сваім дзеткам пазнаёміцца са светам мастацтва бліжэй.

Маргарыта
КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.