Выпрабаванне вадой. Сярод праблем, хвалюючых жыхароў Ляхавіцкага раёна, і якасць вады
Без вады ні туды і ні сюды. Гэта выслоўе ляхавічане літаральна адчулі на сабе мінулым спякотным летам. На працягу некалькіх дзён у райцэнтры адсутнічала водаправодная вада – ні ежу прыгатаваць, ні памыцца самім, ні памыць бялізну. Гэта была выключная сітуацыя, а падзея надзвычайная. Яе на кантроль узяла раённая ўлада, адбылося пазачарговае пасяджэнне раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях.
Задача стаяла адна: як мага хутчэй справіцца з воднай недастатковасцю. Як расказала начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская, Ляхавіцкі камунгас сумесна з прадпрыемствам «Баранавічыпрамбурвад» правёў абследаванне свідравін для вызначэння прычын зніжэння паступлення вады. Было прынята рашэнне прамываць дзве свідравіны, што дазволіць забяспечыць бесперабойную падачу вады. Акрамя таго, зроблена яшчэ адна свідравіна. Будзем спадзявацца, што такое выпрабаванне для ляхавічан больш не паўторыцца.
Разам з тым Марына Завадская паведаміла, што ў снежні мінулага года і сёлетнім студзені неаднойчы скаргі на адсутнасць вады
ў дамах паступалі ад жыхароў вёскі Дарава-Чыж. Як аказалася, справа ў электрычнасці, дакладней у аўтаматыцы, якая адказвае за паступленне вады ў водаправод. Камунгас праблему вырашыў.
Яшчэ адно воднае пытанне, якое надзвычай непакоіць не толькі гараджан, але і жыхароў аграгарадкоў і вёсак, – якасць. Сярод набалелых пытанняў, якія яшчэ нядаўна пастаянна ўздымалі землякі, нямала тычылася жалеза, дакладней, яго ўтрымання ў водаправоднай вадзе. Людзям надакучылі ржавыя падцёкі ў ванных, умывальніках. Спецыфічны пах і знешні выгляд таго, што цякло з кранаў, неаднойчы выклікалі і скаргі ў розныя інстанцыі.
У тым ліку і ў раёнку скардзіліся жыхары райцэнтра, Начы, Конькаў, Тальмінавічаў, Дарава, Ліпска, Падлесся, Жарабковічаў, Галаўнінцаў і іншых населеных пунктаў. Вада пастаянна правяралася на мікрабіялагічныя і хімічныя паказчыкі, і ў пераважнай большасці выпадкаў пробы не адпавядалі нормам. Мала на які аб’ект у нашым горадзе «выліта столькі вады», як на станцыю абязжалезвання гэтай самай вады.
Сітуацыя ў райцэнтры змянілася толькі пасля таго, як напрыканцы 2015 года станцыя абязжалезвання, пабудаваная па праграме «Чыстая вада», была ўведзена ў эксплуатацыю. Выніковасць яе даказана, вада з кранаў у кватэрах стала больш празрыстай, змяніліся пах і смак. Вынікі даследаванняў на санітарна-хімічныя, мікрабіялагічныя паказчыкі – дакументальнае пацвярджэнне належнай якасці вады. Па словах галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Ляхавіцкага раёна Віталія Ціханава, спыніліся скаргі ад гараджан, якія карыстаюцца водаправодам. Што-тыдзень пробы вады бяруцца і для лабараторыі, якая дзейнічае ў КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Акрамя жалеза, сучаснае абсталяванне станцыі фільтруе мутнасць і іншыя непатрэбныя ў складзе вады рэчывы, а таксама шкодныя бактэрыі і мікраарганізмы.
Яшчэ адзін праблемны водны аспект – водаправодныя сеткі, што эксплуатуюцца працяглы тэрмін. Калі па прычыне зношанасці адбываюцца аварыйныя разрывы, то зноў з крана пацячэ вада з адценнем іржы.
– Канешне, станцыі абязжалезвання ў многім здымаюць праб-
лему ржавай вады. Аднак ёсць адзін важны момант. Са станцыі абязжалезвання вада выходзіць з належным паказчыкам, але пасля таго, як пройдзе шлях да дамоў і кватэр, колькасць жалеза павялічваецца. Такая сітуацыя сведчыць: неабходна не толькі будаваць станцыі, патрабуюць замены і сеткі водазабеспячэн-
ня, – рэзюмуе Віталій Ціханаў.
Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк, на 2022 год раён мае заданне замяніць 2,1 кіламетра сетак водазабеспячэння і 0,6 кіламетра каналізацыі. Таксама выдаткаваны сродкі на будаўніцтва наступных аб’ектаў: «Сеткі вулічнай каналізацыі вуліц Сонечная, Заходняя, Кастрычніцкая, Каштанавая, завулак Сонечны, завулак Арлоўскага ў г. Ляхавічы» і «Сеткі каналізацыі ў г. Ляхавічы па вуліцах Дружная, Радужная, Спартыўная, Ручайная, завулак Дружны, завулак Радужны».
Не толькі гараджане адчуваюць водныя нязручнасці. Хапае праблем і ў сельскай мясцовасці. І тут таксама адзінае вый-
сце – станцыя абязжалезвання і замена інжынерных сетак. Калі гаварыць пра станцыі, пабудаваныя калісьці, то працавалі яны неэфектыўна, патрабавалася пераўзбраенне. І ў якасці пацвяр-
джэння сказанага – красамоўны паказчык: яшчэ гадоў восем назад нарматыў па ўтрыманні жалеза ў вадзе ў нас перавышаў сярэдне-
абласны паказчык у некалькі разоў.
– На сёння ў нашым раёне 13 станцый абязжалезвання, з якіх
12 – у сельскай мясцовасці. У мінулым годзе такія аб’екты здадзены ў Малым Гарадзішчы, Дарава-Чыж, Крывошыне. Будаўніцтвам аб’ектаў займалася ПМК-13. Сёлета такія абноўкі запланаваны ў Галаўнінцах, Каранеўшчыне і Ураджайнай. Адзначу, што ўсе работы – ад падрыхтоўкі і вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі да будаўніцтва і здачы аб’екта пад ключ з далейшым добраўпарадкаваннем тэрыторыі – вядуцца за кошт абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. У абавязковым парадку вядзём кант-
роль на новых станцыях. Пакуль скаргаў ад грамадзян на якасць вады не паступае, – расказвае Аляксей Галяк і рэзюмуе: – Да канца
2024 года ў раёне стапрацэнтна вырашыцца гэта праблема – дзе патрабуецца, будуць уведзены станцыі абязжалезвання.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.