Калі смяюцца дзеці, шчаслівы ўвесь свет. Планета шчаслівага дзяцінства ў мінулую нядзелю раскватаравалася на цэнтральнай плошчы Ляхавіч

Калі смяюцца і радуюцца дзеці, тады, здаецца, весяліцца і набывае шчасце ўсё вакол. Сваёй непадробнай шчырасцю, адкрытасцю і непасрэднай даверлівасцю маленькія гарэзы могуць захапіць свет, гэта ім падуладна. Менавіта планета шчаслівага дзяцінства ў мінулую нядзелю раскватаравалася на цэнтральнай плошчы Ляхавіч. Тут прайшло свята «Галоўнае на свеце – нашы дзеці», прымеркаванае да Дня абароны дзяцей. Дарэчы, нядзеля выбрана нездарма: свята і для дзетак, і для бацькоў.

Бяспечнае лета – тэма ў актуальных, калі мы гаворым пра летнія канікулы. Паводзіны на вадзе, дома, пажарная бяспека – усё гэта ў полі зроку акцыі «Бяспечнае лета», якую правёў валанцёрскі атрад гімназіі раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа. Рабяты атрымалі размалёўкі і буклеты, такія веды будуць нялішнімі.
Запальвала энергіяй у гэты дзень дзіцячая творчасць. Харэаграфічны «Сюрпрыз» ДШМ, танцавальны мікс ад Аnanko dance school, рознагалоссем зарадзілі выканаўцы з «Квінты» (СШ № 1), дэбютавала з новай песняй заўсёдная ўдзельніца дзіцячага фэсту Лізавета Купрыш.
Як заўжды, заявілі пра сябе гурткі па інтарэсах ГДК – дзіцячы клуб «Муравейнік», узорны ансамбль народнай песні  і музыкі «Спадчына», гурток вакальных спеваў «Джэм». Прадэфіліравалі ў сваіх эканарадах і ўдзельніцы конкурсу «Міс-малютка-2022».
А яркім завяршэннем свята стаў фестываль фарбаў каля любімага фантана.
Няхай так будзе заўсёды: мірнае неба, шчаслівыя дзеці, а ад таго не менш шчаслівыя мамы і таты!
Рыта КРАСАВІЦКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.