Мара для ўсёй сям’і. У Ляхавічах прыгожа і ўрачыста прайшоў раённы выпускны баль
Няхай усё пра што мараць нашы выпускнікі і іх бацькі, абавязкова спраўдзіцца. Галоўнае, не спыняцца на шляху да сваёй мэты
Да чаго ж цудоўны атрымаўся раман… У адзінаццаці главах школьнага жыцця так гарманічна спалучыліся драма і камедыя, здараліся і нават маленькія трагедыі накшталт незапланаванай кантрольнай ці атрыманай двойкі. І вось наступіў доўгачаканы і такі хвалюючы фінал школьнай гісторыі. У ёй засталіся першы і апошні званкі, эпапея з кантрольнымі, дыктантамі і экзаменамі, карагод амаль штотыднёвых пазакласных мерапрыемстваў. А колькі кіламетраў пераадолена на стадыёнах, пратаптана сцяжынак на турыстычных прасторах, зроблена добрых спраў.
І вось дзяцінства і юнацтва запрасілі дарослае жыццё на спаткан-
не – раённы выпускны баль «Не паўтараецца такое ніколі». Стыльныя прыгажуні і галантныя кавалеры – выпускнікі з усіх школ Ляхавіччыны спяшаюцца ў расквечаны летнімі фарбамі горад на плошчу Леніна, дзе традыцыйна праходзіць выпускны баль. У мінулую пятніцу наш 530-гадовы райцэнтр нібы памаладзеў ад такой колькасці маладых, прыгожых і таленавітых – тых, у чыіх руках будучыня раёна, вобласці, краіны. Падтрымаць рабят у такі важны час прыйшлі іх бацькі і настаўнікі, родныя і сябры, землякі.
Прагучалі традыцыйныя пазыўныя. І пачалося вялікае дзейства – баль, на якім усе яго ўдзельнікі разам лісток за лістком перагарнулі школьны каляндар. З прывітальным словам да выпускнікоў, настаўнікаў, бацькоў, кіраўніцтва школ звярнуўся кіраўнік справамі райвыканкама Уладзімір Стыкуць, які нагадаў, што ў Беларусі створаны ўсе ўмовы для развіцця творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу моладзі.
Шчырасць і пяшчота, радасць з адценнем журбы гучалі ў выступленні начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Святланы Якубоўскай.
Асаблівы, узрушана-ганаровы момант: залатыя медалі намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран і начальнік аддзела па адукацыі Святлана Якубоўская ўручылі 13 выпускнікам: пяці – з гімназіі, чатыром – з СШ № 2, двум – з СШ № 1, па адным з Тухавіцкай і Навасёлкаўскай СШ. Акрамя медалістаў, апладысменты гучалі і ў адрас іх бацькоў, якія атрымалі падзякі ад раённай улады за выхаванне дзяцей. Самым актыўным, творчым, спартыўным юнакам і дзяўчатам з усіх школ раёна ўручаны сувеніры.
Над горадам гучыць клятва выпускнікоў. І на змену ўрачыстасці незабыўны развітальны вальс. Плошча напоўнілася музыкай і грацыёзнымі рухамі – вальсуюць выпускнікі.
Хтосьці жадаў сабе поспехаў на тэсціраванні, некаторыя – узаемнага кахання, іншыя – паступіць туды, куды планавалася. Ды ці мала мар у маладосці? А каб яны абавязкова спраўдзіліся, рабяты адпусцілі ў неба паветраныя шары.
Урачыстыя і запамінальныя акорды з віншаваннямі і пажаданні прагучалі ў кожнай школе Ляхавіччыны. Няхай вам шчасціць у жыцці, дарагія выпускнікі!
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Максім РАХМАНЕЦ, выпускнік СШ № 2, дыпламант ХХХІІІ Рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ, уладальнік прэміі Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, залаты медаліст:
– Не вельмі хочацца развітвацца са школай, з ёй столькі звязана. Тут я знайшоў сваіх сяброў, спадзяюся, яны назаўжды. Тут у мяне з’явіўся любімы прадмет – матэматыка, які выкладала любімая настаўніца Ніна Сяргееўна Туціна. Тут я палюбіў спорт і доўга займаўся дзюдо ў СДЮШАР. Але і будучыня абяцае быць цікавай. Выбраў прафесію маркетолага, спадзяюся, што ўсё ў мяне атрымаецца. Усім выпускнікам жадаю поспехаў.
Яўгеній БЕГЕЛЬ, настаўнік фізікі, інфарматыкі Навасёлкаўскай СШ:
– У якасці класнага кіраўніка гэта ў мяне другі выпуск у Навасёлкаўскай школе.
Ганаруся кожным са сваіх сённяшніх шасці выпускнікоў – чатырох юнакоў і дзвюх дзяўчат. Сярод іх і залатая медалістка Карына Галавін. Разам мы прайшлі цікавыя і запамінальныя сцяжынкі школьнага жыцця. Жадаю рабятам,
каб ўсе іх мары абавязкова збыліся. Мы, настаўнікі верым у вас!
Святлана БАРОДКА, ляхавічанка:
– Сын – выпускнік гімназіі. Усё вельмі хвалююча, бо адпраўляем свайго малодшага ў дарослае жыццё. Спадзяёмся, што яно будзе паспяховым для нашых дзяцей. Удзячна настаўнікам гімназіі за тое, што далі добрыя веды, падтрымлівалі сувязь з бацькамі, вучылі рабят сябраваць, клапаціцца пра іншых. Наперадзе – тэсціраванне, паступленне і знаёмства з дарослым
жыццём. Поспехаў вам, рабяты. Ведайце, мы, бацькі, заўсёды побач.