Правілы пляжнага этыкету. Супрацоўнікі раённай арганізацыі Асвода, РАНС, а таксама карэспандэнт «ЛВ» правялі рэйд-маніторынг па афіцыйных зонах адпачынку і па так званых дзікіх пляжах
Які лепшы паратунак ад спякоты? Многія адкажуць – вада. Як толькі спякота ўступіла ў сілу, дарослыя і дзеці паспяшаліся ў абдымкі воднай прахалоды. Але вада рэчак і азёр – не толькі ідэальны варыянт знізіць градус спякоты, яна хавае ў сабе нямала небяспекі і можа стаць прычынай непрыемных наступстваў для здароўя, а то і жыцця адпачывальнікаў.
У мінулую пятніцу супрацоўнікі раённай арганізацыі Асвода, РАНС, а таксама карэспандэнт «ЛВ» правялі рэйд-маніторынг па афіцыйных зонах адпачынку і па так званых дзікіх пляжах.
Аграгарадок Дарава. Пачатак 16-й гадзіны. Нягледзячы на будны дзень, на пляжы нямала народу. Пяцёра падлеткаў прыехалі на веласіпедах з Баранавічаў, каб пакупацца ў Шчары. Гавораць, што ім тут падабаецца, вада чыстая, вакол пясок, можна і ваду пітную
з сабой не прывозіць, побач магазін. На гэтай зоне адпачынку чыста, прыбрана, акуратная кантэйнерная пляцоўка. На супрацьлеглым беразе ўладкавана пляцоўка для прыгатавання шашлыкоў, барбекю. Тэрыторыя, як і на Ведзьме ў райцэнтры, – зона адказнасці КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», выратавальны пост таксама на балансе камунгаса.
– На стэндах размяшчаем усю неабходную інфармацыю для адпачывальнікаў, у тым ліку пра правілы паводзін на вадзе і каля вады, правілы пажарнай бяспекі, – расказвае старшыня раённага савета Асвода Віктар Прыхач, які разам са старшым інжынерам РАНС Дзмітрыем Новікам праводзіць растлумачальную гутарку з падлеткамі.
Адпачывальнікі амаль у адзін голас ставяць станоўчыя адзнакі тутэйшай зоне адпачынку.
– Прыязджаем з дзецьмі сюды трэці дзень запар. Тут усё кам-
пактна і зручна. Яшчэ адна істотная акалічнасць на карысць Дарава: у Ляхавічах на пляжы вельмі шмат людзей адначасова ў
вадзе, а ў нас малыя дзеткі.
А тут – усе навідавоку, – адзначае ляхавічанка Наталля. Да слоў сяброўкі далучаецца і Вольга:
– Дзецям – раздолле: І ў вадзе паплюхацца – любяць яны такія працэдуры, і ў пясочку паляжаць. Адпачываць у мясцовай акваторыі нам падабаецца.
Пакуль едзем да наступнага воднага аб’екта, Віктар Прыхач інфармуе, што з пачатку 2022 года ў Беларусі патанулі больш за сто чалавек, толькі за мінулы тыдзень 20, а за прайшоўшыя выхадныя – 16. Лічбы і сапраўды жудасныя, улічваючы, што купальны сезон толькі-толькі пачаўся.
– Стараемся па некалькі разоў на тыдзень праводзіць такога кшталту сумесныя рэйды. Прафілактыка мае вялікае значэнне ў прадухіленні надзвычайных здарэнняў на вадзе. Не толькі размяшчаем на стэндах памяткі з канкрэтнымі парадамі, як паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі, але і інфармуем насельніцтва праз інтэрнэт-рэсурсы, на старонках «Ляхавіцкага весніка». Важную ролю адыгрываюць і непасрэдныя сустрэчы і гутаркі з адпачывальнікамі. Раздаём разнастайныя лістоўкі, буклеты, – тлумачыць Дзмітрый Новік.
Перад закрытым шлагбаўмам, за якім тэрыторыя арандаванага вадасховішча «Ляхавіцкае», прыпаркаваны аўтамабіль. Крочым па вузкай сцяжынцы: з аднаго боку – трава ў пояс, з другога – у яшчэ больш высокіх зарасніках – водная, далёка не крыштальнай чысціні, гладзь. Праз дзясяткі метраў адзін ад аднаго мосцікі для рыбакоў. А наперадзе – невялікая кампанія: мужчыны і дзеці. «Чаму тут не ўладкаваны месцы для адпачынку і купання?», «Не фатаграфуйце нас, не маеце права!», «Больш няма дзе купацца…» – незадаволенасць была ўсім. Як кажуць, нападзенне – лепшая абарона. Аднак на пытанне Віктара Прыхача, чаму купаюцца ў забароненым месцы, «шукальнікі праўды» не знайшлі нічога іншага, як адказаць, маўляў, не ведалі, што тут ёсць такая забарона. Хаця слуп з шыльдай «Купацца забараняецца» ў метры ад альтанкі. На гэты раз парушальнікі адпачынку ля вады атрымалі толькі вуснае папярэджанне. Выратавала іх тое, што ў складзе рэйдавай групы не было супрацоўнікаў міліцыі.
Інакш – адміністрацыйны пратакол за купанне ў недазволеным месцы, што прадугледжвае штраф да трох базавых велічынь. Дорага можа каштаваць такое несанкцыянаванае купанне.
– Не толькі штраф павінен палохаць. Гэта месца, якое раней было надзвычай папулярным, не з’яўляецца афіцыйнай зонай адпачынку. Тут не праводзяцца работы па ачышчэнні дна, таму верагоднасць траўмавання высокая. Зараснікі багвіння такія, што заблытацца ў іх даволі проста. Не бяруцца пробы вады – ёсць шанц падхапіць розныя інфекцыйныя хваробы. Лепш не рызыкаваць здароўем і жыццём, –
падкрэслівае Дзмітрый Новік.
Віктар Прыхач дапаўняе, што недапрацоўвае і арандатар вадасховішча. Неабходна, каб на тэрыторыі пастаянна дзяжурыў
вартаўнік, які адпраўляў бы незаконапаслухмяных адпачывальнікаў. У якасці прыкладу Віктар Прыхач прывёў арандатара воднага аб’екта ў аграгарадку Востраў, які навёў парадак на тэрыторыі, уладкаваў месцы адпачынку для рыбакоў. Дбайна нясуць службу і вартаўнікі: аматарам пакупацца ў неўстаноўленым месцы ўваход забаронены.
Гарадскі пляж запоўнены пад завязку – больш за сто чалавек адназначна. Уявіце, колькі людзей тут будзе ў выхадныя! З кожным годам зона адпачынку на Ведзьме становіцца ўсё больш прывабнай і добраўпарадкаванай. Вось і сёлета з’явіліся новыя аб’екты для больш камфортнага і, што не менш важна, бяспечнага адпачынку. Мясцовы выратавальны пост уваходзіць у склад Брэсцкай абласной структуры Асвода.
– Цяпер штодзённа з 10 да 22 гадзін на пасту дзяжурыць матрос-выратавальнік, які прайшоў неабходную падрыхтоўку, ён
пры неабходнасці акажа першую медыцынскую дапамогу. Выратавальны пост аснашчаны ўсім неабходным, – адзначае Віктар Прыхач і дадае: – Аднак і самі адпачывальнікі павінны клапаціцца пра сваю бяспеку. Галоўная праблема – нецвярозыя, якім і мора па калена, а таксама дзеці, якія знаходзяцца ў вадзе без нагляду дарослых. Нялішнім будзе нагадаць: пляж – грамадскае месца, таму распіццё спіртнога на ім забаронена заканадаўствам.
За парушэнне прадугледжаны штраф да 15 базавых велічынь.
Асобая тэма – бяспека дзяцей ля вадаёмаў. Непаўналетнія ні ў якім разе не павінны знаходзіцца ля вады і ў вадзе без дарослых. Менавіта бацькі абавязаны папярэдзіць пра небяспеку і растлумачыць наступствы. Наяўнасць на дзіцяці выратавальнай камізэлькі не падстава пакідаць яго без нагляду. Высокая хваля, неасцярожныя рухі – і маленькі чалавек можа захлынуцца. Лепш за ўсё, калі дзіця гуляе на вадзе з дарослымі, пад іх пастаянным кантролем – толькі так можна быць упэўненым у яго бяспецы, – заўважае Дзмітрый Новік.
Давайце адпачываць так, каб не зрабіць крок ад вады да бяды. Часам ён вельмі кароткі.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.