У «Вялікім камені» – вялікі агратыдзень. Як ляхавічане пабывалі на выставе «Белагра»
Усё самае высокае і асабліва перадавое з таго, што ўжо ёсць у сельскай гаспадарцы, а таксама перспектыўныя мадэлі тэхнікі і найноўшыя тэхналогіі на мінулым тыдні можна было ўбачыць у «Вялікім камені».
Атмасфера, фарбы і гукі «Белагра»
Тыдзень на самым пачатку лета так і называўся – Беларускі аграпрамысловы. І на ролю галоўнай яго падзеі бадай безальтэрнатыўна прэтэндуе Міжнародная спецыялізаваная выстава «Белагра». Форум мае сваіх шматлікіх адданых прыхільнікаў, асабліва топавыя брэнды-экспаненты і больш як 30-гадовую гісторыю правядзення.
У аднаго з прадстаўнікоў дробнага аграбізнесу сталічнай вобласці, з якім атрымалася пагутарыць у чарзе за «пластыкам» юшкі, свае адносіны да «Белагра»:
– Ужо на працягу не менш як 15-ці гадоў на пачатак чэрвеня не планую ніякіх тэрміновых спраў, цвёрда абяцаю сабе ў адзін з выставачных дзён пабываць на «Белагра». Як правіла, без лёгкіх пакупак не абыходзіцца, але ж еду выключна за атмасферай. Яна тут асабліва адмысловая – словам не выказаць, можна толькі адчуць.
Што да гісторыі, то за гады свайго існавання знакавы аграфорум змяніў не адно месца дыслакацыі, пакуль у мінулым годзе не прапісаўся ў выставачным цэнтры Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень». Дзе на ўсе лады ў атмасферы высокай мажорнасці прагучаў-праляцеў і сёлета.
Шлях на форум быў «гарачым» і стаў магчымы, дзякуючы ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», працаўнікі якога, як высветлілася, трымаюць «Белагра» ў полі свайго зроку і дзеянняў.
Тэхніка на мяжы фантастыкі
Першае, што звяртае на сябе ўвагу ў «Вялікім камені», – гэта вельмі і вельмі масіўны камень-назва.
– Не менш за паўсотні тон будзе, – ацаніў вагавыя кандыцыі інсталяцыі адзін з ільнозавадчан. А першым адкрыццём, «франтмэнам» сёлетняй агравыставы выстаўляе сябе трактар-беспілотнік «Беларус». Калі не браць да ўвагі «лічбавую» расфарбоўку і адсутнасць кабіны – трактар як трактар.
– Асноўнае схавана за капотам. Трактар «Беларус-А3523і» – першая ў сваім родзе айчынная беспілотная машына. Кажаце, кабіны няма? А каму яна ў гэтым варыянце патрэбна? Трактар прызначаны для выканання сфарміраваных аператарам заданняў, якія могуць перадавацца на адлегласці праз сотавую сувязь. Аснашчаны гібрыднай сілавой устаноўкай магутнасцю 350 конскіх сіл, электрамеханічнай трансмісіяй, GPS-навігацыяй і сістэмай дакладнага земляробства, – паведаміў адзін са спецыялістаў, што
прадстаўлялі на «Белагра» выставачны стэнд-блок Мінскага трактарнага завода. Акрамя беспілотніка, на форум МТЗ прыехаў і са шматлікімі іншымі мадэлямі і мадыфікацыямі сваёй тэхнікі. Прычым як з ужо дастаткова даўно, добра і далёка вядомай у тым ліку за межамі краіны, так і з параўнальна новымі яе ўзорамі.
Некалькі ўбаку ад сучаснай тэхнікі грандаў айчыннага машынабудавання – таго ж трактарнага, Мінскіх аўтамабільнага і завода «Амкадор», «Гомсельмаша» – быў размешчаны «парк» калі не рарытэтнай, то дакладна старой аўтатрактарнай тэхнікі. Аўтамабіль-паўтаратонка, некалькі колавых вытворчасці розных заводаў СССР трактароў, гусенічны Т-74 і іншыя. На кантрасце з бліскучай на ўсе бакі сучаснасцю ўзоры старой тэхнікі выглядалі, магчыма, не надта
выгадна, аднак класічна-грунтоўна, з’яўляліся аб’ектамі павышанай глядацкай увагі.
Дакрануцца да гісторыі праз, напрыклад, рулявую баранку
трактара на яшчэ тых, спрэс жалезных колах не ўпускалі магчымасці і дарослыя, і ў суправаджэнні апошніх юныя наведвальнікі выставы. Іх, дарэчы, у той дзень было не так ужо і мала ў «Вялікім камені».
Многія з экспанентаў форума інтарэс публікі да сваёй выставачнай прасторы стымулявалі дадаткова. Напрыклад, давалі слова самадзейным і прафесійным артыстам. Аляксандр Саладуха сваім бадзёрым выступленнем сабраў, «прымусіў» падтанцоўваць, у такт апладыраваць і, па-магчымасці, падпяваць немалое кола сваіх прыхільнікаў з ліку наведвальнікаў выставы.
Некалькі прынцыповых навінак выставілі на паказ «Гомсельмаш», «Амкадор», Мінскае прадпрыемства «Белкамунмаш» прэзентавала, у прыватнасці, грузавы электрамабіль, аўтаномнасць ходу якога перавышае дзве сотні кіламетраў.
Рыбацкая вёска
Экспазіцыя пад такой назвай даўно і трывала зацвердзілася на выставачных лакацыях аграфорумаў «Белагра». Як і ў гэтым годзе, яна нязменна выклікае жывую цікавасць вельмі многіх наведвальнікаў. Яе арганізатарам выступае дзяржаўнае аб’яднанне «Белвадгас», а праходзіць яна з павышанай глядацкай цікаўнасцю. Сёлета, як, зрэшты, і заўсёды, прадпрыемствы аб’яднання прыязджалі на наш міжнародны сельскагаспадарчы форум з – вобразна – поўнымі садкамі рыбы самых розных відаў і памераў. Чаго і ў якім выглядзе тут толькі не было – пачынаючы ад банальных карпаў і ўсё яшчэ для нас дастаткова экзатычных, высакародных, ледзь ці не на метр даўжынёй асятровых экзэмпляраў. Ужо ўзгаданая ў матэрыяле рыбная юшка па тры рублі за паўлітровую пластыкавую ёмістасць з’яўлялася для наведвальнікаў выставы, магчыма, самым «салодкім» пачастункам.
Ляхавіцкі твар выставы-форума
Наш твар на «Белагра-2022» утрымліваў у асноўным жарабковіцкія рысы. Аднайменнае адкрытае акцыянернае таварыства прымае ўдзел у выставачных мерапрыемствах далёка не ўпершыню і, як сведчыць практыка, з нязменным поспехам і аншлагавай глядацкай цікавасцю. Сёлета не выключэнне. Гаспадарка ў асобе авечкагадоўчай фермы «Канюхі» выставіла на форуме двух бараноў, парод прэкас і мерыналандшаф. Ляхавіцкую частку выставы ў «Вялікім камені» суправаджалі начальнік фермы «Канюхі» Таццяна Чапля і заатэхнік-селекцыянер Анжэла Таранда.
– Трэба было ўчора прыехаць, калі адбывалася «вывадка». Мы паказалі сваіх гадаванцаў, расказалі пра адметнасці прадстаўленых тут парод жывёлы: чым адрозніваюцца, найбольш характэрныя рысы паводзін, умовы ўтрымання, рацыён кармлення. Было нямала пытанняў: ці прадаюцца і колькі каштуюць, праз які час ягняты становяцца дарослымі жывёламі, наколькі авечкагадоўля з’яўляецца выгадным прадпрыемствам? Некаторыя з наведвальнікаў спрабавалі падкарміць нашых баранчыкаў. Напрыклад, морквай, – дапаўняючы адна другую расказалі спецыялісты.
Увогуле ж выстава з’яўляецца іменна тым месцам, дзе паказваюць і глядзяць, звяртаюцца з пытаннямі і атрымліваюць на іх адказы, выступаюць з прапановамі, прымаюць або не прымаюць іх.
У адзін з дзён на выставе працавала і дэгустацыйная пляцоўка ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод».
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.