Трэцяму ўзросту – адкрыты старт. «Гарохавая дача» ў Русінавічах Ляхавіцкага раёна адкрыла сезон

«Гарохавая дача» ў Русінавічах адкрыла сезон. На гэты раз наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН у лета стартавалі спартыўнай праграмай «Трэцяму ўзросту – актыўнае даўгалецце» (у межах рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі Рэспублікі Беларусь «Актыўнае даўгалецце-2030»). На свята з’ехаліся каманды з Ляхавічаў («Аптымісты»), Ганцавічаў («Брыганціна»), Баранавічаў («Дынаміт»), Івацэвічаў («Оба-на») і Баранавіцкага раёна («Банда»). Атрымалася вельмі энергічна, здорава і здарова!

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Традыцыя адкрываць лета на сацыяльнай дачы ў Русінавічах (яе празвалі «Гарохавай») з сябрамі з іншых раёнаў пачалася яшчэ ў 2019 годзе.
Кавід дачны графік карэкціраваў, але сёлета сышліся і надвор’е, і жаданне,і магчымасці. Сустрэчу зрабілі спартыўна-творчай.
У фізкультурна-аздараўленчым комплексе «Русінавіцкі» панавала атмасфера спаборніцтва ў шчыра-цёплай танальнасці.
Каманды вітала намеснік дырэктара ТЦСАН Вольга Богдан, якая ад душы пажадала ўдачы і перамогі, падзякавала за той зарад бадзёрасці і аптымізму, якім яны зараджаюць. Гледзячы, як каманды ў адметных касцюмах энергічна рыхтуюцца да іспытаў, ніяк немагчыма было назваць іх удзельнікаў пажылымі – столькі ў іх запалу і пазітыву. Дартс, шашкі, тэніс, эстафета з разнастайнымі заданнямі –
ва ўсіх людзі шаноўнага ўзросту вызначаліся спрытам, жвавасцю і ўменнямі. Была і работа над сабой, спартыўная рызыка і феерверк эмоцый ад перамогі. А як яны крэатыўна прэзентавалі візітку сваіх каманд.
У выніку першае месца заваявала каманда ТЦСАН Баранавіцкага раёна, «серабро» ў нашых землякоў – «Аптымістаў», замкнула тройку пераможцаў івацэвіцкая каманда «Оба-на». Дыпломамі і сувенірамі былі ўзнагароджа-ны лепшыя ў асобных намінацыях.
Па добрай традыцыі, каб падзея засталася ў памяці, падарункі дорыць раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» і раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа.
Пасля спартыўнай размінкі быў «Адкрыты мікрафон» на «Гарохавай дачы». Гучалі песні, вершы, былі танцы і жартаўлівыя сцэнкі – усё тое, што стварае добры настрой.
Музычнае суправаджэнне ад калектыву Русінавіцкага СДК – Людмілы Сідорскай і Андрэя Цямчыка – прыгожа аформіла старт сезона і задало яркі тон лета. Гідам па спартыўных іспытах была інструктар-метадыст Русінавіцкага ФАКа Людміла Тарлюк.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА  і з архіва ТЦСАН.

Аліна Колтун, кіраўнік гуртка ТЦСАН Івацэвіцкага раёна:
– Заўсёды з радасцю прымаем удзел у такіх цудоўных мерапрыемствах. Мінулы раз нам вельмі спадабаліся і гасцінны прыём, і атма-
сфера свята, і магчымасць сябе паказаць.

Анжэла Салаўёва, кіраўнік гуртка ТЦСАН г. Баранавічы:
– Удзельнікі нашай каманды актыўныя, ініцыятыўныя, вельмі элегантныя і танцавальныя. З радасцю адказваюць на запрашэнні паўдзельнічаць у разнастайных мерапрыемствах. Цудоўна, што маецца магчымасць сустракацца з калегамі з іншых раёнаў.

Святлана ЯРАШ, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН Ляхавіцкага раёна:
– Як прадоўжыць маладосць, ведаюць нашы дарагія наведвальнікі аддзялення. Яны ўмеюць усё! З радасцю бяруцца за любую справу, і вынік атрымліваецца самы лепшы. Гэта сустрэча – таму яшчэ адно пацвярджэнне.

Ларыса ЦЭВАН, кіраўнік гуртка ТЦСАН Баранавіцкага раёна:
– Зноў рады пабываць на ляхавіцкай зямлі. Рыхтаваліся да спартыўных заданняў, рэпеціравалі і творчыя нумары. Будзем рады прыемна здзівіць нашымі ўменнямі.

Галіна КАХАВЕЦ, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Ганцавіцкага
ТЦСАН:
– З нецярпеннем чакалі новай сустрэчы. Мінулы раз нам
вельмі спадабаліся гасцяванні на «Гарохавай дачы». Такія мерапрыемствы – цудоўны летні падарунак. А яшчэ магчымасць завесці новыя знаёмствы, зарадзіцца энергіяй і пазітывам.