Тэрыторыя яркага адпачынку. На Ляхавіччыне ў школах раёна працуюць аздараўленчыя лагеры

На Ляхавіччыне з 6 чэрвеня ў школах раёна працуюць 11 аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем плюс лагер для рабят з цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і  рэабілітацыі. У кожным свае сакрэты цікавага і запамінальнага адпачынку, свае гульнёвы і спартыўны маршруты. Карэспандэнты «ЛВ» завіталі ў гімназічнае «Сонейка», дзе тэрыторыю актыўнага жыцця ў шасці атрадах асвойваюць 90 дзяўчынак і хлопчыкаў ва ўзросце шасці – дзесяці гадоў.

На ўваходзе яркае прывітанне настройвае на хвалю цудоўнага настрою: «Заходзь, у нас можна ўсё!», і на промнях сонца пералік дазволенага: гуляць, сябраваць, сачыняць, жартаваць, марыць, думаць, памыляцца…
– «Сонейка» мае грамадзянска-патрыятычны накірунак. Стараемся жыццёва-важнае перадаць праз цікавае і пазнавальнае. Падчас гульняў, конкурсаў, экскурсій, гутарак фарміруем актыўную грамадзянскую пазіцыю, выхоўваем патрыятызм і нацыянальную самасвядомасць, садзейнічаем творчаму і фізічнаму развіццю нашых рабят. Усё ў межах праекта «Калейдаскоп адкрыццяў», – раскрывае дэталі праграмы адпачынку дырэктар аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем Наталля Лук’янчык.
Кожны дзень – асобная тэматычная гісторыя, дзе прапісаны шматлікія мерапрыемствы і сустрэчы: «Мары нараджаюцца – мары спраўджваюцца», «Дзень  музеяў», «Гукі лета», «Прыгажосць, культура, крэатыў», «Дзень малой радзімы» і іншыя. 18 дзён адлюструюцца ў 18 рознакаляровых пялёстках ці гранях калейдаскопа. Так, напрыклад, 17 чэрвеня ў плане лагера быў пазначаны як «Дзень малых алмпійскіх гульняў».
– Падчас гульні-даследавання «Кола рэкордаў» вызначалі рэкардсменаў лагера. «Хутчэй!», «Давай! Давай!» – так дзеці падтрымлівалі адзін аднаго. Ва ўрачыстай абстаноўцы ўнесены сцяг Алімпійскіх гульняў. Права запаліць алімпійскі агонь прадаставілі самаму спартыўнаму хлопчыку «Сонейка» Захару Кудзіновічу, – расказвае педагог-арганізатар лагера Людміла Сліва і спадзяецца, што спартыўны дэвіз «Хутчэй, вышэй, мацней!» стане для рабят жыццёвым арыенцірам.


Важны штрых у рэжыме дня – ранішняя зарадка, аздараўленчыя і гігіенічныя працэдуры. Здаровы лад жыцця ў спалучэнні з чысцінёй, па перакананні выхавальнікаў, – аснова дзіцячага здароўя. Асобна пра харчаванне. У меню падлічана ўтрыманне бялкоў, тлушчоў, вугляводаў і калорый у кожнай страве. У склад сняданку, абеду і падвячорка  ўваходзяць разнастайныя кашы, супы і салаты са свежай агародніны, катлеты з птушкі і рыбы, галубцы і г. д. Плюс фрукты, кандытарскія вырабы, малако, сок ці кампоты. Усё свежае, карыснае і смачнае. Згадзіцеся, дома не кожная маці зможа прыгатаваць такое збалансаванае комплекснае меню. Прычым бацькоўская даплата за 18 дзён у лагеры склала ўсяго 9 рублёў 40 капеек. Астатняе – дзяржаўныя датацыі. І яны ўнушальныя.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА  і з архіва гімназіі

Леў КЛІМЕНКА:
– У лагеры мне падабаецца! Ходзім на экскурсіі. Былі ў музеі СШ № 2, у аптэцы, дзе нам расказалі пра розныя прафесіі, у ветэрынарнай станцыі. У царкве нам дазволілі званіць у званы. Гэта цудоўна! Да нас прыязджалі кінолагі са службовай аўчаркай. Яна, быццам чалавек, разумее ўсё!
Мікіта САВІЦКІ:
– Раніцай у атрадзе нас сустракаюць нашы настаўнікі Іна Канстанцінаўна і Іна Браніславаўна. Падабаецца рабіць розныя вырабы ў гуртку «Разьба». Добра яшчэ і тое, што мы і дома, і ў нашай гімназіі – нікуды не трэба ехаць.

Кірыл ЦЁСАЎ:
– Сёння ў лагеры праходзілі малыя алімпійскія гульні. Лепшай стала Дар’я Кузняцова, і мы вельмі рады за яе, шчыра яе віншавалі. Я ў конкурсе лепш за ўсіх смяяўся. Кожны дзень адпачынку прыносіць нам нешта новае і цікавае.
Мілана МАЦЮШКА:
– У лагеры я першы раз. Тут цудоўна! Робім зарадку, удзельнічаем у розных мерапрыемствах. На наступнае лета таксама буду тут.
Кіра СТРЭЛЬНІКАВА:
– У чацвер мы ў кінатэатры глядзім фільмы. У нас цікавыя конкурсы, віктарыны. Асабліва запомніўся бенефіс «Міс Бабка Ёжка», дзе мы нарадзіліся ў прыгожыя касцюмы.