У маладзёжным фармаце. Тыдзень моладзі і студэнцтва праходзіць з 20 па 26 чэрвеня
«Moladz.by: памятаем традыцыі, жывём сучаснасцю, імкнёмся ў будучыню!» – пад такім слоганам сёлета з 20 па 26 чэрвеня праходзіць тыдзень моладзі і студэнцтва. Гэта новы фармат святкавання Дня моладзі і студэнцтва.
На Ляхавіччыне тыдзень моладзі і студэнцтва стартаваў 21 чэрвеня з сесіі Маладзёжнага парламента другога склікання пры раённым Савеце дэпутатаў.
У абноўленым складзе Маладзёжны парламент выбраў свайго старшыню. Ім стала аграном па насенняводстве ААТ «Нача» Алена Сцяблова.
У гэты ж дзень прайшла рэспубліканская маладзёжная прэс-канферэнцыя, працягам якой стане серыя адкрытых дыялогаў «З моладдзю на роўных». Кожны дзень тэматычны. Напрыклад, дэвіз дня 21 чэрвеня – «Моладзь За навуку». Цэнтральным мерапрыемствам стала правядзенне рэспубліканскага квіза «Навука ў сучасным свеце». У Ляхавіцкім агракаледжы былі арганізаваны інтэрактыўныя пляцоўкі ў межах навукова-даследчых прац выкладчыкаў.
22 чэрвеня – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа – пройдзе пад дэвізам «Моладзь памятае!». На Ляхавіччыне на Кургане Славы арганізавана гісторыка-патрыятычная акцыя, у якой прымуць удзел школьнікі раёна. Каляджане ўшануюць памяць загінулых на мітынгу-рэквіеме і наведаюць месцы расстрэлу і пахавання яўрэяў на вуліцах Заходняй і Арлоўскага ў Ляхавічах, а таксама на станцыі Рэйтанава. Цэнтральным мерапрыемствам дня стане Усебеларуская хвіліна маўчання, якая пачнецца ў 12 гадзін. Да яе далучацца і дэлегацыі прадпрыемстваў і арганізацый нашага раёна, якія на Кургане вечнай Славы прымуць удзел у мітынгу-рэквіеме «Яны паміралі за Радзіму». У 15.30 у кінатэатры «Кастрычнік» пакажуць фільм «Крылы над Берлінам».
«Моладзь За спорт» – дэвіз дня 23 чэрвеня. На стадыёне «Колас» у райцэнтры можна будзе паспаборнічаць у спартыўным свяце «Стартуюць усе!». Выхаванцы дзіцячага спартыўна-аздараўленчага лагера «Каласок» СДЮШАР далучаюцца да маладзёжнага здаровага ладу жыцця спартыўнымі эстафетамі і малымі алімпійскімі гульнямі.
Моладзь умее працаваць. І гэта пацвердзіць працоўная акцыя «За справу!». Сярод яе ўдзельнікаў дзесяць выхавальнікаў лагера «Чайка» – члены студэнцкага педатрада імя Хмырова. Дарэчы, 17 чэрвеня навучэнцы Ляхавіцкага агракаледжа – байцы студэнцкага сельгасатрада – пабывалі на абласным урачыстым адкрыцці трэцяга працоўнага семестра (на здымку), якое адбылося з удзелам намес-
ніка старшыні аблвыканкама Генадзія Барысюка на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой».
25 чэрвеня прысвячаецца міласэрнасці. Сумесна са спецыялістамі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама валанцёрскі атрад каляджан дапаможа ветэранам і пажылым землякам на прысядзібных участках.
Фінішуе тыдзень ярка і адметна. У Ляхавічах на пляцоўцы кінатэатра «Кастрычнік» адбудзецца прома-акцыя «Выбіраючы прафесію, выбіраем будучыню». А ў Мядзведзічах каля касцёла Святых Пятра і Паўла прапішацца пленэр «Моладзь За творчасць», у якім прымуць удзел навучэнцы Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў і заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь – дзіцяча-юнацкая студыя выяўленчага мастацтва «Апалон».
Наталля ПЕРАПЕЧКА.