На абароне закону і нашых правоў. Напярэдадні святочнай даты пракурор раёна адказаў на пытанні карэспандэнта «ЛВ»
Не адно дзесяцігоддзе работнікі пракуратуры стаяць на варце законнасці і правапарадку ў нашым грамадстве, абараняюць свабоды і правы грамадзян суверэннай Беларусі – прафесійна, добрасумленна, справядліва выконваюць свой абавязак. Сёлета органам пракуратуры краіны спаўняецца сто гадоў. Узрост унушальны – векавы юбілей. 26 чэрвеня, калі традыцыйна адзначаецца Дзень работнікаў пракуратуры, будзе святкавацца і юбілейны дзень нараджэння. Разам з калегамі стогадовы юбілей сустракаюць і работнікі пракуратуры Ляхавіцкага раёна.
Напярэдадні святочнай даты пракурор раёна Сяргей Дзяжко адказаў на пытанні карэспандэнта «ЛВ».
– Сяргей Мікалаевіч, пачнём з асновы. Пракуратура – гэта…
– Пракуратура па сваёй сутнасці, калі гаварыць афіцыйнай мовай, – цэнтралізаваная сістэма органаў. Яе асноўны абавязак – кантроль над выкананнем заканадаўства. Работнікі пракуратуры забяспечваюць адзінства і вяршэнства закону, ажыццяўляюць абарону правоў і свабод чалавека, інтарэсаў грамадства. Пракурорскі нагляд распаўсюджваецца на ўсіх грамадзян дзяржавы без абмежаванняў, на арганізацыі, у тым ліку тыя, што займаюцца аператыўна-вышуковай работай: міліцыя, Следчы камітэт і іншыя. Наша асноўная мэта – супрацьдзеянне злачыннасці і карупцыі, забеспячэнне непазбежнасці пакарання за злачынныя дзеянні.
– Якія асноўныя накірункі пракурорскай дзейнасці?
– Нагляд за выкананнем заканадаўства быў і застаецца прыярытэтам у рабоце органаў пракуратуры. Правяраем выкананне патрабаванняў антыкарупцыйнага і працоўнага заканадаўства, заканадаўства, накіраванага на захаванасць уласнасці. Прысутнічаюць у рабоце і іншыя аспекты.
Адзначу, што ў пракуратуры дастаткова паўнамоцтваў і спосабаў, каб не толькі выпраўляліся выяўленыя парушэнні, але і не дапускаліся ў далейшым. Маю на ўвазе істотную прафілактычную работу. У гэтым накірунку цесна ўзаема-дзейнічаем з органамі мясцовай улады, інфармуем іх пра выяўленыя факты і ўвогуле пра сітуацыю ў раёне.
Пры неабходнасці прымаюцца меры пракурорскага рэагавання. Сёлета больш за 50 асоб прыцягнуты да матэрыяльнай, дысцыплінарнай і адміністрацыйнай адказнасці за недапрацоўкі ў рабоце, парушэнне патрабаванняў закону. На пастаяннай аснове праводзяцца пасяджэнні каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй. Іх асноўная задача – выпрацоўка ўзгодненых дзеянняў па папярэджанні, выяўленні і раскрыцці злачынстваў. Прычым рашэнні прымаюцца сумесныя, з улікам меркаванняў прадстаўнікоў выканаўчай улады, праваахоўных органаў. У чэрвені гэтага года на каардынацыйнай нарадзе разгледжана пытанне эфектыўнасці работы суб’ектаў прафілактыкі па папярэджанні ўчынення злачынстваў грамадзянамі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.
Ляхавіччына – аграрны раён. Таму істотная ўвага надаецца выкананню заканадаўства ў аграпрамысловым комплексе. Асаблівы акцэнт на папярэджанне падзяжу жывёлы. Пракуратурай праводзяцца мэтавыя праверкі ў сферы ажыццяўлення закупак, пры забеспячэнні належных умоў утрымання жывёлы, выканання ветэрынарных і санітарных нормаў утрымання. У 2022 годзе ў сувязі з выяўленымі фактамі ўтойвання падзяжу буйной рагатай жывёлы ўзбуджана восем крымінальных спраў у адносінах службовых асоб сельгаспрадпрыемстваў раёна. Прычым адна са спраў узбу-
джана пракуратурай пры непасрэдным выяўленні факта супрацьпраўнай дзейнасці.
Шырока выкарыстоўваем і такую форму абароны інтарэсаў дзяржавы, прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці, грамадзян, як зварот з іскавымі заявамі ў суд. З пачатку бягучага года пракурорам у суд накіравана дзесяць такога кшталту заяў на агульную суму больш за 27 тысяч рублёў. Напрыклад, па прычыне атрымання траўмаў крымінальнага характару пацярпеламу ў бальніцы была аказана медыцынская дапамога на суму больш за 1700 рублёў. У інтарэсах установы аховы здароўя пракуратурай уся гэта сума спагнана з грамадзяніна, які нанёс пацярпеламу цялесныя пашкоджанні.
– Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года актывізаваліся разнастайныя дэструктыўныя сілы, якія сваёй асноўнай мэтай ставілі дэстабілізацыю сітуацыі ў краіне. Вядома, што такія факты рэгістраваліся і ў нашым раёне…
– Сапраўды, такія дзеянні мелі месца.Тычыліся яны распаўсюджвання непраўдзівай і зневажальнай інфармацыі ў адносінах да Прэзідэнта Беларусі, супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Усім фактам дадзена прававая ацэнка, вінаватыя прыцягваліся да крымінальнай адказнасці. І сёлета такога кшталту крымінальныя справы разглядаліся судом Ляхавіцкага раёна.
Некаторыя грамадзяне псавалі маёмасць арганізацый, у тым ліку і ў грамадскіх месцах. Жыхар Ляхавіцкага раёна ў жніўні 2021 года нанёс рознакаляровымі фарбамі надпісы і малюнкі на апоры ліній электраперадачы, сцены адміністрацыйных будынкаў, драўляныя крыжы, устаноўленыя мясцовымі жыхарамі. За ўчыненне хуліганства грамадзянін асуджаны да абмежавання волі і накіраваны ў папраўчую ўстанову.
Пракуратурай сумесна з праваахоўнымі органамі прымаюцца меры, накіраваныя на выяўленне фактаў распаўсюджвання экстрэмісцкай інфармацыі. Працягваецца і работа па выяўленні асоб,
якія распаўсюджвалі ці распаўсюджваюць у інтэрнэт-прасторы зневажальныя каментарыі, для далейшага прыцягнення іх да адказнасці перад законам.
– З мінулага года Генеральная пракуратура краіны расследуе крымінальную справу, накіраваную на ўстанаўленне фактаў генацыду беларускага народа. Раскажыце пра эпізоды, што расследуюцца пракуратурай Ляхавіцкага раёна.
– І праз 77 гадоў пасля Вялікай Перамогі адкрываецца нямала раней невядомых старонак страшных ваенных і пасляваенных часоў. Канешне, непасрэдных сведкаў падзей саракавых гадоў мінулага стагоддзя і на Ляхавіччыне засталося зусім мала. Аднак ёсць людзі, якія перадаюць расказы сваіх родных, блізкіх, якія бачылі ці чулі пра зверствы фашыстаў, паліцаяў. Менавіта па выніках аналізу ўспамінаў такіх грамадзян на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна знойдзены раней невядомыя масавыя пахаванні забітых мірных жыхароў. Падчас праведзеных сёлета раскопак знойдзены касцявыя астанкі дарослых і дзяцей, а таксама кулі, гільзы, дзіцячыя цацкі, рэшткі абутку, адзення. Па даных, якія сёння маем, можна сцвярджаць, што
там закапана больш чым 50 чалавек.
Нам, сённяшнім пакаленням, важна ведаць і захоўваць памяць пра тыя страшныя падзеі, каб ніколі не паўтарылася вайна. Па ініцыятыве пракуратуры, у межах сумеснай работы з райвыканкамам, аддзеламі па адукацыі, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ў музеі працоўнай і баявой славы СШ № 2 адкрыта экспазіцыя, прысвечаная генацыду. Наведаць яе можа кожны жадаючы.
– У пракуратуры Беларусі – стогадовы юбілей. Сяргей Мікалаевіч, што пажадаеце калегам напярэдадні знамянальнай даты?
– Пракуратура Ляхавіцкага раёна – невялікі, але зладжаны калектыў. Нягледзячы на размеркаванне паўнамоцтваў у залежнасці ад нагляднай дзейнасці, пастаўленыя мэты дасягаюцца сумеснымі намаганнямі. Час патрабуе і ад нас пошуку новых падыходаў да выканання пастаўленых задач, аператыўнасці ў прыняцці рашэнняў. Выконваць закон – абавязак кожнага.
І пракуратура заўжды гэта напамінае.
Жадаю ўсім сваім калегам моцнага здароўя, пазітыву, энергіі, бадзёрасці, упэўненасці ў сабе, дабрабыту, новых прафесійных дасягненняў на карысць Радзімы.
Гутарыла Галіна КАНЬКО.