Як святкуе моладзь у Ляхавічах

Бенефісам Ляхавіцкага аграрнага каледжа па праве можна назваць промаакцыю «Выбіраючы прафесію – выбіраем будучыню», якая стала адной з пляцовак святкавання Дня моладзі і студэнцтва на Ляхавіччыне.

З 10 да 14 гадзін каля кінатэатра «Кастрычнік» высадзіўся каледжскі дэсант. Выкладчыкі і навучэнцы прывезлі з сабой разнастайныя экспанаты, у тым ліку і жывыя: жывёлы, расліны, кармы, разнастайнае абсталяванне, а таксама вырабы, зробленыя рукамі каляджан. Было надзвычай цікава. Тым больш, карыснай інфармацыяй дзяліліся прафесійна, і відавочна было, што будучыя ветэрынары сапраўды любяць і будуць клапаціцца пра братоў нашых меншых. Як, напрыклад, навучэнкі 31 групы аддзялення ветэрынарнай медыцыны Ганна Пецюлевіч, Марыя Гадунова, Мар’яна Кавтун.


– Мне падабаецца прафесія, якую я выбрала. Наогул, яна вельмі папулярная апошнім часам. У каледжы мы не толькі атрымліваем добрыя веды, але і пацвярджаем іх практычна. Пабывалі ўжо на практыцы ў многіх гаспадарках Ляхавіцкага раёна, а таксама ў Баранавіцкім раёне, Брэсце. Раю тым, хто любіць жывёлу, паступаць у Ляхавіцкі аграрны каледж, – упэўнена Марыя Гадунова.
– З дзяцінства любіла дапамагаць коцікам, сабачкам. Калі падрасла і задумалася пра выбар будучай прафесіі, спынілася менавіта на ветэрынарнай медыцыне. Так стала навучэнкай агракаледжа. Тут не толькі выдатныя выкладчыкі, добрыя ўмовы для вучобы і адпачынку, але і знайшла шмат сяброў. Таму ўсё здорава, – далучаецца да сяброўкі Мар’яна Кавтун.
Падчас промаакцыі можна было не толькі пазнаёміцца са спецыяльнасцямі, па якіх вядзецца навучанне ў каледжы, але і атрымаць інфармацыю па вырошчванні розных раслін, доглядзе за хатнімі і свойскімі жывёламі і іншую.
– Мы заўжды гатовы прэзентаваць нашу навучальную ўстанову на любых пляцоўках. Стараемся і самі выязджаць у школы, запрашаем рабят непасрэдна ў каледж.
Мы зацікаўлены ў новых навучэнцах і гарантуем атрыманне якаснай прафесійнай адукацыі. Акрамя прафесіі, юнакі і дзяўчаты могуць
у каледжы развіваць свае творчыя здольнасці – для гэтага таксама створаны выдатныя ўмовы. Каледж чакае папаўненне, – зазначае дырэктар ЛАКа Ірына Прыступа-Юнік.
Напэўна, не лішнім было б, каб і прастаўнікі іншых прафесій, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый паўдзельнічалі
ў такой промаакцыі. Прыток маладых кадраў патрэбен у многіх калектывах.
А вечарам пачалося музычнае шоу на плошчы Леніна. Спачатку саліравалі – танцавалі, спявалі – маладыя выканаўцы з Ляхавіцкага раёна. А завяршальным акордам сёлетняга святкавання Дня моладзі і студэнцтва традыцыйна стала танцавальна-забаўляльная праграма, якая доўжылася да апоўначы.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА