Цікавая заводская прапанова. Адзін з флагманаў раённай вытворчасці ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» аб’яўляе кадравы набор
Адзін з флагманаў раённай вытворчасці ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» аб’яўляе кадравы набор. Таму ўвага ўсім, хто жадае працаўладкавацца на стабільнае паспяховае прадпрыемства, мець магчымасць зарабіць нядрэнную зарплату, быць упэўненым у заўтрашнім дні і атрымліваць іншыя бонусы!
Дарэчы, новы рабочы набор зусім не азначае, што прадпрыемства мае праблемы з адтокам кадраў. Усё куды аптымістычней. Кансерваваная заводская прадукцыя карыстаецца ажыятажным попытам: як толькі сыходзіць з канвеера, адразу, часцяком мінуючы складскія памяшканні, адпраўляецца да спажыўцоў і пакупнікоў – па Беларусі і за межы нашай краіны. Вось што значыць спалучэнне якасці, смаку, даступнага кошту!
Зараз Ляхавіцкі кансервавы працуе ў дзве змены і ледзьве паспявае перапрацоўваць агародніну, садавіну і іншую сыравіну. І гэта толькі пачатак агароднінна-фруктовага сезона, падчас якога вітамінная сыравіна ператвараецца ў найсмачнейшыя сокі, соусы, салаты, павідла, варэнне.
– Сезон толькі пачаўся, а сыравіны – і той, што вырошчваем у сваёй падсобнай гаспадарцы, і той, што закупляем, – вельмі многа. Тым не менш, завод не ў стане забяспечыць усе заяўкі нашых заказчыкаў. Таму адчувальная неабходнасць адкрыцця яшчэ адной змены. Тым самым мы на 20–30 працэнтаў павялічым колькасць выпускаемай прадукцыі. Магутнасцей у нас хапае, дзейнічаюць тры цэхі. Уся справа ў недахопе рабочых рук. Таму прынята рашэнне пашыраць кадравы складнік, – расказвае дырэктар ААТ «Ля-хавіцкі кансервавы завод» Аляксандр Вашчук.
Якія вакансіі прапаноўвае прадпрыемства?
Самыя разнастайныя. Вось асноўныя: галоўны тэхнолаг, інжынер-хімік, дзесяць нарыхтоўшчыкаў харчовай сыравіны і матэрыялаў, чатыры ўкладчыкі-ўпакоўшчыкі, па два майстры цэху, апаратчыкі стэрылізацыі кансерваў, машыністы закатачнай машыны, вадзіцелі пагрузчыка, варшчыкі, укладчыкі-заліўшчыкі прадуктаў кансер-
вавання, слесар-рамонтнік, слесар-электрык, аператар цэнтралізаванай мыйкі, афарміцель гатовай прадукцыі і іншыя.
Для таго, каб трапіць у кадравы рэзерв, дастаткова папярэдне, пачынаючы з першага жніўня гэтага года, запісацца ў якасці прэтэндэнтаў на тую ці іншую вакансію. Зрабіць гэта можна як па тэлефонах 8-044-770-36-79 (дырэктар), 8-044-770-36-86 ці 6-01-38 (аддзел кадраў) або пры непасрэдным звароце ў аддзел кадраў завода (адміністрацыйны будынак па адрасе: г. Ляхавічы, вуліца Дзесюкевіча, 8).
Напэўна, кожны, хто знаходзіцца ў пошуку працы ці жадае памяняць прафесію, у першую чаргу цікавіцца заработнай платай. Сярэдняя зарплата па заводзе цяпер складае амаль 1200 рублёў. І гэта яшчэ далёка не ўсё ў матэрыяльна-стымулюючым плане.
– У нас нямала сацыяльных гарантый, якія прадугледжаны калектыўным дагаворам. Вось толькі некаторыя прэферэнцыі: штогод кожны работнік атрымлівае матэрыяльную дапамогу да водпуску, за кошт наймальніка аплачваецца дадатковы водпуск у памеры да сямі каляндарных дзён за ненарміраваны рабочы дзень, выдзяляецца адзін аплачваемы дзень для праходжання медыцынскай камісіі, плюс – абавязковая медыцынская страхоўка для кожнага работніка, – адзначае юрыс-консульт прадпрыемства Аліна Мацкевіч.
Яшчэ адзін важны акцэнт – істотная ўвага надаецца пытанням аховы працы. Умовы, створаныя для завадчан на прадпрыемстве, выдатныя. Работнікі забяспечваюцца спецадзеннем, ёсць пакой для адпачынку. Калі ўзнікне неабходнасць, прадугледжваецца дастаўка на работу транспартам завода. У асноўным працаваць, у тым ліку, і навабранцы-завадчане, будуць у дзве змены, і толькі пры вострай неабходнасці, напрыклад, пры вялікім наплыве сыравіны, якую неабходна неадкладна перапрацаваць, прадугледжана трохзменка.
Зацікавіліся інфармацыяй? Жадаеце паспрабаваць сябе ў новай прафесіі і мець дачыненне да папулярнага ляхавіцкага брэнда? Тады паспяшайцеся трапіць у дружны зладжаны калектыў
ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод».
Галіна КАНЬКО.