Прыгожых спраў майстры. Да пачатку ліпеня Ляхавічы ў літаральным сэнсе расцвілі – ярка, прыгожа, па-святочнаму

Амаль да кожнай кветкавай кампазіцыі, кожнага арт-аб’екта, кожнай ландшафтнай абноўкі, якія пастаянна з’яўляюцца ў нашым райцэнтры, маюць дачыненне работнікі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Гэта ў многім дзякуючы ім горад з кожным годам нібы маладзее – прыгажэе, радуе навінкамі, вабіць рознакаляровымі фарбамі і ўтульнасцю, здзіўляе крэатыўнымі знаходкамі ў аздабленні плошчаў, вуліц, паркаў і сквераў.

Колькі станоўчых водгукаў гучыць у адрас добраўпарадкаваных Ляхавічаў і ад тутэйшых жыхароў, і ад гасцей райцэнтра. Падчас нядаўняй выязной калегіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык назваў Ляхавічы прыгожым, гасцінным, чыстым горадам. І гэта высокая адзнака ляхавіцкім майстрам па навядзенні прыгажосці і парадку на вуліцах горада.
Колькі ўжо цікавых задумак на творчым рахунку майстра ўчастка добраўпарадкавання Ляхавіцкай ЖКГ Святланы Саласцеевай. І адкуль столькі ідэй ?
– Сапраўднае задавальненне прыдумваць чарговы падарунак для горада і гараджан. І з яшчэ большым інтарэсам увасабляем праект у жыццё. Самае прыемнае – калі бачыш канчатковы вынік, з розных элементаў атрымліваецца шыкоўная кампазіцыя. І калі потым чуеш, як іншыя захапляюцца нашай работай, адчуваеш радасць і гонар за зробленае, – гаворыць Святлана Саласцеева. І з роспаччу прыгадвае, што, на жаль, усё яшчэ маюць месца непрыемныя выпадкі дзікунства
і крадзяжу кветак. Няўжо людзям не сорамна за такія паводзіны?
Залатыя рукі, скарбонка ідэй, што заўгодна ператворыць у дызайнерскі шэдэўр – гэта пра рабочага зялёнага будаўніцтва камунгаса Аляксандра Капузу – майстра з залатымі
рукамі.
– Люблю свой горад, ведаю яго гісторыю. Канешне, прыемна сваімі рукамі зрабіць падарункі Ляхавічам да такога значнага юбілею – 530-годдзя. Мне падабаецца справа, якой займаюся, і рады, што і землякі задаволены такімі гарадскімі аб’ектамі, – расказвае Аляксандр Капуза.
Святлана Саласцеева адзначае, што квітнеючы горад – заслуга кожнага, хто мае дачыненне да добраўпарадкавання:
– Дагледжаныя клумбы – справа нястомных рук дзяўчат, якія шчыруюць у зялёным будаўніцтве. Работнікі розных участкаў жылкамунгаса сочаць за парадкам у парках і скверах. Паўсюдна, дзе ёсць зялёныя насаджэнні, працуюць работнікі розных участкаў. Кіраўніцтва Ляхавіцкай ЖКГ дае зялёнае святло рэалізацыі нашых праектаў. Мы разам імкнёмся ператварыць нашу маленькую радзіму ў цудоўнае і ўтульнае месца, дзе камфортна ўсім яго жыхарам і гасцям.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.