Наша Радзіма – наша любоў. Ляхавіччына адзначыла Дзень Незалежнасці Беларусі, чарговую гадавіну вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 530-гадовы юбілей роднага горада

Напачатку ліпеня Ляхавічане сустракалі суквецце святаў:
Дзень Незалежнасці Беларусі, чарговую гадавіну
вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 530-гадовы юбілей роднага горада.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Свята святаў
Трэці дзень ліпеня – вызначальны, векапомны, хвалюючы.
І сёлета ў Год гістарычнай памяці Ляхавіччына грандыёзна адзначала галоўнае свята краіны – Дзень Рэспублікі і лёсавызначальны дзень вызвалення ад фашызму. 78 гадоў аддзяляюць нас ад 3 ліпеня 1944 года, калі разбураны ваенным ліхалеццем, але няскораны Мінск сустракаў вызваліцеляў – воінаў Чырвонай Арміі. А праз некалькі дзён і ў наш раён прыйшло доўгачаканае вызваленне ад гітлераўскіх акупантаў. Як жа сімвалічна, што гэтыя святы адзначаюцца ў адзін дзень, бо незалежнасць і ёсць свабода.
А працавіты, дружалюбны, мужны беларускі народ ведае яе кошт: у Вялікай Айчыннай вайне загінуў кожны трэці жыхар нашай краіны. Пра гэта павінен ведаць і памятаць кожны з нас,бо без мінулага няма будучыні. Мы, беларусы, аб’яднаны такой памяццю. У аснове нашага Дня Незалежнасці – гістарычныя старонкі, перагорнутыя не адным пакаленнем.
Ляхавічане і госці горада сустракалі свята святаў радасна і светла, з добрым настроем, у адзіным патрыятычным памкненні – любві да сваёй малой радзімы. Над квітнеючым мірным горадам-юбілярам разліваліся песні. На плошчы Перамогі каля помніка загінулым салдатам-вызваліцелям у адзіным страі – удзячныя нашчадкі салдатаў Перамогі – сённяшнія абаронцы Айчыны, кіраўніцтва раёна,
дэлегацыі працоўных калектываў, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, школьнікі, гараджане, вяскоўцы. Менавіта на гэтым свяшчэнным месцы штогод праходзіць мітынг-ушанаванне, мітынг-рэквіем. Захавана традыцыя і сёлета.

Як жа кранаюць душу і хвалююць сэрца размераныя ўдары метранома. Святлом удзячнай памяці няхай азарацца імёны загінулых герояў. Не толькі людзі, але, здаецца, і прырода застыла ў хвіліне маўчання, аддаючы даніну павагі тым, хто загінуў за свабоду і незалежнасць Радзімы, за магчымасць нашчадкаў жыць пад мірным небам у квітнеючай краіне. Да помніка воінам-вызваліцелям ляглі вянкі і кветкі ад кіраўніцтва раёна, працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў, сённяшніх салдат. З днём Незалежнасці і 78-й гадавінай вызвалення Беларусі павіншаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч. Кіраўнік дэпутацкага корпуса падкрэсліў: незалежнасць – самая галоўная каштоўнасць Беларусі і беларусаў, а патрыятызм аб’ядноўвае ўсіх, хто беражліва ставіцца да гісторыі сваёй Радзімы, прымнажае дасягненні яе сённяшняга дня і верыць у яе дастойную будучыню.
Ад імя моладзі слова да землякоў трымаў навучэнец Ляхавіцкага аграрнага каледжа Павел Мацюшэнка, які запэўніў, што юнакі і дзяўчаты будуць не толькі беражліва шанаваць гісторыю, але і прыкладаць усе намаганні для далейшага росквіту сваёй краіны.
І на Ляхавіччыне ў гэты святочны дзень прадстаўнікі ўсіх рэлігійных канфесій далучыліся да агульнарэспубліканскай малітвы «За Беларусь», каб у нашай краіне заўжды панавалі мір і згода.
Відовішчным і запамінальным стала выступленне духавога аркестра вайсковай часці з Баранавічаў. Сапраўдным падарункам стала святочнае шэсце механізаванай калоны, дзе прадстаўлена тэхніка большасці прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый раёна – цікава і захапляльна.
Наступная пляцоўка ўрачыстасцей – плошча Леніна. Тут маштабна прайшоў канцэрт «Слаўся, зямлі нашай светлае імя!», сваё майстэрства прадэманстравалі лепшыя выканаўцы і калектывы раёна. Песні ў выкананні самадзейных артыстаў, выступленні танцораў і спартыўных клубаў доўжыліся да апоўначы. Фінальным акордам песенна-танцавальнага марафона 3 ліпеня стала танцавальная праграма для ўсіх узростаў.
На працягу нядзельнага дня гаманліва і весела было на выставе работ народнай творчасці «Цуд ствараюць рукамі», якая раскінулася ў скверы каля фантана.
І як жа патрыятычна ляхавічане далучыліся да агульнарэспубліканскай  акцыі «Спяём гімн разам». А потым мірнае неба над любімай Ляхавіччынай расквеціў рознакаляровы прыгажун-салют.

Віват, горад-юбіляр
Колькі ж цудоўных падарункаў атрымаў горад-юбіляр ад удзячных жыхароў. Прадпрыемствы, арганізацыі, установы рознай формы ўласнасці далучыліся да добраўпарадкавання: эстэтычна і творча, камфортна і кампазіцыйна, тэматычна і эксклюзіўна – што ні падарунак, то адметнасць. Вось толькі некаторыя прыклады шчырай удзячнасці гораду ад землякоў. Як жа пасуе дарожнаму кальцу на вуліцы Арлоўскага канструкцыя з юбілейнымі лічбамі – 530.

Ёсць у нашым райцэнтры цяпер і часцінка Парыжу – на вуліцы 17-га Верасня ўзвышаецца копія Эйфелевай вежы. Спыніўшыся каля мурала «Фартэцыя», які з’явіўся на сцяне пошты, нібы адпраўляешся ў падарожжа па знакамітым Ляхавіцкім замку. Каля міжраённай ільнонасенстанцыі ў традыцыйных колерах вырас металічны лён. Малая архітэктурная форма «Мяч» упрыгожвае тэрыторыю СДЮШАР, усмешлівы Снегавік завітаў у парк адпачынку па вуліцы Дзесюкевіча, акрамя таго тут адкрылася фотаатэлье – усталяваны фотазоны. Зручныя арэлі як раз да месца ў скверы каля СШ № 2. Яшчэ нямала іншых адметных знакаў увагі і пашаны Ляхавічам ад ляхавічан. І хочацца, каб як мага даўжэй яны ўпрыгожвалі наш такі малады, нягледзячы на шаноўны ўзрост, горад.
Эмоцыі зашкальвалі, апладысменты не сціхалі, цікавасць –
па ўзрастаючай. Усё гэта было на ўрачыстасцях і гала-канцэрце таленавітых калектываў мастацкай самадзейнасці Ляхавіччыны «Горад нашых продкаў. Горад нашых дзяцей». Атрымалася незабыўнае падарожжа ў мінулае, нібы на машыне часу прысутныя адправіліся ў незвычайны экскурс па найбольш памятных датах гісторыі роднага краю, дзе сустрэліся са знакамітымі землякамі-продкамі, якія славілі ляхавіцкую зямлю.
Адной з запамінальных старонак гэтай часткі праграмы святкавання юбілейнага дня нараджэння стала ўшанаванне калектываў, землякоў, якія шчыруюць дзеля таго, каб наша Ляхавіччына квітнела і прыгажэла. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Мароз павіншаваў прысутных са святам – 530-годдзем горада – і уручыў граматы райвыканкама і падзякі кіраўніка раёна прадстаўнікам розных прафесій і кіраўнікам працоўных калектываў, якія найбольш актыўна далучыліся да падрыхтоўкі юбілея. Словы пашаны і падзякі гучалі і ад старшыні раённага Савета дэпутатаў Юрыя Чаранкевіча, які таксама ўзнагародзіў лепшых з лепшых.
Прыемных момантаў было шмат. Апладысментамі сустракалі сям’ю Кісляк. Марына і Аляксандр – шчаслівыя бацькі, у іх сям’і напярэдадні Дня горада нарадзілалася другое дзіця – сынок Данііл. А вось на вясельны ручнік ступаюць залатыя юбіляры. 50 гадоў сумеснага жыцця адзначылі ляхавічане Таццяна і Мікалай Заяц. Юбілейнае пасведчанне ім уручыла начальнік аддзела загса Вольга Новік.
Суботняе святкаванне вызначылася маштабнасцю, розна-
планавасцю і мноствам пляцовак, кожны мог знайсці нешта цікавае для сябе. Каманды працоўных калектываў на гарадской зоне адпачынку на рацэ Ведзьме вызначалі самага спрытнага ў лазертагу. У Год гістарычнай памяці аўтастаронкі можна было перагарнуць на экскурсіі па музеі рэтратэхнікі (аўто, веласіпеды, матацыклы, гадзіннікі, патэфоны, магнітафоны і іншыя), экспанаты якога так ашчадна на працягу некалькіх дзясяцігоддзяў збірае наш зямляк дырэктар аўтацэнтра «Вікторыя» Віктар Шчука. Калекцыя з кожным годам становіцца ўсё больш унушальнай.
Мастак Эдуард Бурвель прызнаўся ў любві малой радзіме праз выставу карцін «Мая зямля – маё натхненне». Падарунак на біс – такім стала паказальнае выступлене даўніх сяброў Ляхавічыны – разведвальна-дэсантнай групы 38-й Брэсцкай асобнай гвардзейскай Венскай Чырванасцяжнай дэсантна-штурмавой брыгады.
Не толькі моладзь, але і землякі шаноўнага ўзросту танцавалі і падпявалі гасцям – музычным групам «Las Vegas» і «PROвокация». Вячэрні хіт суботы і выдатны падарунак гараджанам – лазернае шоу і танцавальная праграма.
У кожны са святочных дзен радавалі сваёй прадукцыяй прадпрыемствы райпо, прыватныя ўстановы грамадскага харчавання. Працавала шмат гульнявых павільёнаў, дзіцячых атракцыёнаў.

Пад знакам маладосці

Першы дзень сёлетняга ліпеня ў Ляхавічах па праву можна было назваць дзіцяча-юнацкім. Да чаго ж феерычна «запальвалі» прадстаўнікі падрастаючага пакалення. Бліжэй да вечара якіх толькі лакацый не было ў скверы каля фантана. Кіпеў эмоцыямі, дэманстраваў мноства радасных імгненняў «Горад дзяцінства». Кожны жадаючы мог паспрабаваць сябе ў ролі майстра і ўласнымі рукамі зрабіць сувенір ці стаць арт-мадэллю. Усім тонкасцям прыгожых спраў падчас майстар-класаў хлопчыкаў і дзяўчынак вучылі педагогі з цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Паралельна фізкультурна-спартыўны клуб праводзіў разнастайныя конкурсы, сярод якіх хітом стаў «Крэатыўны веласіпед». Канешне, не абышлося баз канцэрта, дзе саліравалі маладыя таленты.
Эстафету юнацтва падхапіла пляцоўка каля кінатэатра «Кастрычнік». Актывісты БРСМ арга-нізавалі адкрыты мала-дзёжны мікрафон «Мы запальваем новыя зоркі». У крэатыўнасці, творчасці роўных не было каля-джанам – яны ўмеюць адпачываць!
Калі толькі ў гарадскім Доме культуры набіра-ла абароты дыскатэка «Рытмы маладосці», супрацоўнікі Купалаўкі запрасілі землякоў у віртуальнае падарожжа па маршруце «Мой горад: невядомыя старонкі».

Спартыўна-турыстычны  квэст

Панядзелак, 4 ліпеня, стаў спартыўна-турыстычным у святоч-ным календары. Пры-хільнікі здаровага ладу жыцця, вандровак і актыў-нага адпачынку змаглі знайсці цікавы занятак. На міні-футбольным по-лі ў мікрараёне вуліцы Інтэрнацыянальнай праходзілі спаборніцтвы «Футболаманія». Жадаючыя паўдзельнічалі ў квэст-гульні «Гісторыя даўжынёй у 530 гадоў». І зноў не было неабыякавых сярод тых, хто стаў экскурсантамі ў музеі пад адкрытым небам, дзе ўстаноўлены макеты гістарычных аб’ектаў нашага краю. Напал спартыўнай барацьбы кіпеў і на стадыёне «Колас» падчас бамперболу, футбольных матчаў і турыстычнага спрынту.
Вечарам над горадам-юбілярам зноў гучала музыка. Канцэртную праграму «Мае гады – маё багацце» гучна прадставілі гледачам наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.