На палях становіцца горача. У Ляхавіцкім раёне стартавала збожжаўборачная кампанія

З сярэдзіны гэтага тыдня камбайны, аўтамабілі, іншая спецыялізаваная тэхніка сельгаспрадпрыемстваў трымае курс на налітыя важкім коласам палі. У Ляхавіцкім раёне стартавала збожжаўборачная кампанія.

Камбайнеры ААТ «Шлях новы» Васілій Шадура і Іван Верас працуюць на ўборцы азімага ячменю.

На жніве-2022 аграрыям нашага раёна неабходна сабраць ураджай амаль з 20000 гектараў, з якіх 15500 гектараў – збожжавыя і зернебабовыя культуры, 4294 гектары – рапс (пераважная большасць плошчаў – 4094 гектары – азімы). Найбольшыя збожжаўборачныя плошчы ў ААТ «Жарабковічы» – 4626 гектараў. А першай культурай на сёлетнім жніве стала сурэпіца: ЗАТ «Белпрампрыбор» убраў 8 гектараў, ААТ «Нача» – 10 гектараў. Па стане на  8 ліпеня, ААТ «Шлях новы» убраў азімы ячмень на плошчы 25 гектараў пры сярэдняй ураджайнасці 49,6 цэнтнера на круг.
– Сельгасарганізацыі раёна поўнасцю падрыхтаваліся да жніва. Праведзены належны агра-тэхналагічны комплекс работ у кожнай гаспадарцы дазваляе прагназаваць добры ўраджай. Калі ўсё пойдзе па плане, і надвор’е істотна не нашкодзіць, то сёлета павінны атрымаць лепшы вынік, чым летась. Для гэтага ёсць тэхніка, кадравы складнік, забяспечанасць гаруча-змазачнымі матэрыяламі, падрыхтаваны і брыгады для хуткага рамонту тэхнікі, удакладнены іншыя арганізацыйныя мерапрыемствы. Асаблівая ўвага – на захаванне тэхнікі бяспекі і пытанні аховы працы, – адзначае галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Ігар Яварчук.
Асноўная задача – якасна і максімальна хутка ўбраць вырашачаны ўраджай і тым спрацаваць на харчовую бяспеку краіны. Менавіта гэтага патрабуе ад сельгасвытворцаў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.