18 з паловай гадоў. І вечнасць. Сёння спаўняецца 25 гадоў з дня гібелі нашага земляка Сяргея Свянтэцкага. Пасмяротна ён узнагароджаны ордэнам «За асабістую мужнасць»


Баранавічы. Палескі вакзал. 13 ліпеня 1997 года. Дачнікі спяшаюцца на цягнік, дыспетчар аб’яўляе час адпраўлення. Звычайная мітусня летняга дня на чыгунцы.
Пасажырам спецвагона ніхто не жадаў шчаслівага шляху і не махаў услед. На пероне гэты вагон не прыцягваў увагу. Толькі дасведчаныя ведалі, што ў ім перавозяць асуджаных, якіх да месца адбывання пакарання канваіруюць салдаты тэрміновай службы ўнутраных войскаў вайсковай часці 7404. Сярод ваеннаслужчых тады, 25 гадоў назад, знаходзіўся і наш зямляк – жыхар вёскі Крывошын Сяргей Свянтэцкі. Гэта быў яго апошні дзень у якасці стажора.


Цана бяспекі – жыццё
Звычайны ліпеньскі дзень узарвала бяда: асуджаныя вырваліся з-пад варты і з нажамі, заточкамі ў руках накінуліся на каравул. На шляху пяці бандытаў стаў і 18-гадовы Сяргей Свянтэцкі. Спроба групавога захопу вагнястрэльнай зброі і ўцёку была спынена. На жаль, цаной жыцця ўраджэнца Ляхавіччыны. Немагчыма ўявіць наступствы, калі б нелюдзі авалодалі зброяй канваіраў.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ваеннаслужачы ўнутраных войскаў Сяргей Свянтэцкі за адвагу і асабістую мужнасць пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам «За асабістую мужнасць» –
першым з унутраных войскаў.
Дзяржаўную ўзнагароду бацькам за сына падчас урачыстай цырымоніі ўручыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.




На крылах юнацтва
– Мой сынок… Самы добры і жыццярадасны, хуткі і спраўны, разважлівы і справядлівы. Зараз разумею, як ён спяшаўся жыць. Ён не хадзіў – бегаў, быў усюды. Наперад і наперад. Іграў на гітары, займаўся дзюдо і ездзіў на спаборніцтвы, дапамагаў па гаспадарцы і вызначаўся ў школе. Піліў і сек дровы. Нават стрыгчы ўмеў, і за гэта яму не аднойчы дзякавалі шакаладкамі. Не паспеў толькі пажыць, парадавацца жыццю і пабачыць свет. Вясной закончыў школу, а зімой пайшоў служыць, – успамінае маці героя Ала Свянтэцкая.
Сяргей лічыў, расказвае Ала Іванаўна, што кожны мужчына павінен адслужыць у арміі. Радаваўся, што будзе выконваць канстутыцыйны абавязак ва ўнутраных войсках. Марыў паступіць у Акадэмію МУС і пасля працаваць у міліцыі. І дзякуючы службе пачаў набліжаць сваё жаданне.
Забралі юнака ў армію перад Новым годам. Маці доўга чакала пісьма ад свайго абаронца, пастаянна бегала правяраць паштовую скрыню. Яе маршрут ад дома да брамкі не спыняў нават моцны мароз. Калі прыйшла доўгачаканая вестка, радаваліся і чакалі наступнай. А на прысязе бацькі любаваліся сваім сынам, такім дарослым, падцягнутым і сур’ёзным. Аднойчы Сяргей патэлефаванаў родным і паведаміў, што яго адпраўляюць пасля вучэбкі на выбар у Гомель ці Баранавічы. Канешне, спыніўся на Баранавічах – бліжэй да дому. І ў першых днях чэрвеня ўжо быў на месцы.
– З мужам адразу адправіліся ў ваенную часць на сустрэчу з сыночкам. Сярожку тады давалі звальненне і можна было пабываць дома. Не захацеў – падабалася служба, – цяжка ўздыхае Ала Свянтэцкая.
У пісьмах салдацік пісаў, што ў яго усё добра і ў парадку. Прасіў, каб бацькі не хваляваліся за яго.
Бяда…
Тэлефонны званок з воінскай часці раздаўся нечакана. У трубцы коратка паведамілі: «Ваш сын Сяргей Свянтэцкі знаходзіцца ў рэанімацыі. Прыязджайце…».
А перад гэтым ластаўка заляцела на веранду. Кружыла і кружыла…
– Пра дрэннае не думалі. Чамусьці першая думка была, што апендыцыт запаліўся, ці што іншае. Памыліліся… Быў без прытомнасці. Пасля ранення мой сынок пражыў усяго некалькі дзён, – кожнае слова даецца маці з болем.
Не надоўга сына перажыў бацька Рычард – не вытрымала сэрца.
Чвэрць стагоддзя без сына
Мінула чвэрць стагоддзя. Кажуць, боль прытупляецца… Не, ён усё таксама раз’ядае душу. Не было ні дня, ні ночы, каб Ала Свянтэцкая ні думала пра сына, якім бы ён мог стаць. Не сынок ёй дарыў кветкі, а яна сыну. Кожны дзень нараджэння на магілу сына кладзе вялікі
букет. Сяргей нарадзіўся ў адметны дзень – 7 лістапада. У раддоме ў Баранавічах пажартавалі, што на свет з’явіўся рэвалюцыянер.
Ала Іванаўна, сын Эдзік з сям’ёй жывуць на вуліцы, названай
імем сына, брата, дзядзькі – Сяргея Свянтэцкага. Так землякі ўшанавалі памяць аднавяскоўца.
На будынку мясцовай школы – мемарыяльная дошка, асобны раздзел прысвечаны гераічнаму выпускніку ў музеі ўстановы адукацыі.
Памяць жыве!
Ала Свянтэцкая не закрываецца ад людзей. Шчыра адгукаецца на запрашэнні пабываць на раённых мерапрыемствах у памяць яе мужнага сына.
Патрыятычны маладзёжны аўтапрабег «Героі нашага часу», які прайшоў на Ляхавіччыне ў лютым, прысвяцілі Сяргею Свянтэцкаму
і Году гістарычнай памяці. Аўтакалона з дзяржаўнымі сцягамі ехала па маршруце Ляхавічы – Баранавічы – вайсковая часць 7404.
Памяці нашага мужнага земляка СДЮШАР штогод арганізуе адкрыты турнір па дзюдо, удзел у якім прымаюць спартсмены з розных рэгіёнаў краіны. Традыцыйнае раённае свята ваеннай і патрыятычнай песні «Памяць» таксама ў гонар подзвігу Сяргея Свянтэцкага.
Штогод Міністэрства ўнутраных спраў у Дзень міліцыі запрашае маці на ўрачыстасць у сталіцу. Там абавязкова ўспамінаюць подзвіг Сяргея Свянтэцкага. У храме-помніку ў гонар Усіх святых увекавечана памяць міліцыянераў, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку ў мірны час. Сярод іх і наш гераічны зямляк.
Да дзесяцігоддзя трагічнай даты ў 2007 годзе тэлекампаніі «ОНТ» і «Інтэкс» знялі дакументальныя фільмы пра Сяргея Свянтэцкага і тыя падзеі, якія адбыліся на чыгуначнай станцыі ў Баранавічах: «Уцёкі са спецвагона» і «Ніхто акрамя нас».
Чвэрць стагоддзя ў вайсковай часці 7404, дзе служыў Сяргей Свянтэцкі, беражліва захоўваюць памяць пра свайго загінулага таварыша.
– Імя Сяргея Свянтэцкага назаўсёды занесена ў спісы асабовага складу часці. Мінула 25 гадоў з таго дня, як загінуў салдат нашай воінскай часці. Смуткуем і схіляем голавы перад яго мужнасцю і храбрасцю. Ганарымся подзвігам: цаной свайго жыцця Сяргей Рычардавіч выканаў воінскі абавязак перад Айчынай, аддаў жыццё за нашу бяспеку. У нашай воінскай часці ніколі не забывалі Героя – у тутэйшым музеі яму прысвечаны асобны стэнд.
У 2010 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака з барэльефам героя. І ўжо больш за дзесяцігоддзе, па традыцыі, тут адбываецца цырымонія ўручэння зброі новаму папаўненню салдат, прымаюць школьнікаў у піянеры, у рады БРСМ і г. д. Пра подзвіг салдата тэрміновай службы ведаюць не толькі ў нашай часці.
У музей унутраных войскаў воінскай часці 5448, што дыслакуецца ў Мінску, былі перададзены некаторыя рэчы нашага мужнага салдата, – адзначае намеснік камандзіра вайсковай часці 7404 падпалкоўнік Дзмітрый Батура.
Што дапамагло маці выжыць у тыя страшныя дні? Старэйшы сын Эдзік з сям’ёй, унучкі, нераўнадушша людзей і клопат саслужыўцаў. Яны, дарэчы, адгукаюцца на любую просьбу Алы Свянтэцкай, і яна ім за гэта вельмі ўдзячна.
…Ала Свянтэцкая любіць кветкі – гэта яе хобі і прадушына жыцця, лякарства ад усіх хвароб. Яе дом у Крывошыне патанае ў рознакаляровых ружах, лілеях і іншай прыгажосці. Завіхаецца ў агародзе, дзе больш за сотню каліваў памідораў, растуць ура-
джайныя агуркі, салодкія кавуны і іншая агародніна. Усё маецца
ў гаспадыні. Няма толькі магчымасці абняць сына Сяргея…
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА , аўтара і з архіва сям’і Свянтэцкіх.