Тэст на прафесіяналізм. Што абмяркоўвалі на ліпеньскім пасяджэнні райвыканкама?
Зрухі ёсць аднак трэба прыкласці яшчэ шмат намаганняў, каб паправіць сітуацыю. Хто вінаваты ў недапрацоўках, і як не дапускаць пралікаў у далейшым. Каму трэба неадкладна правесці работу над памылкамі, а каму – павялічыць кола кантрольных мерапрыемстваў. На гэтым, а таксама на ўзмацненні дысцыпліны кожнага на сваім працоўным месцы і ўдасканаленні работы па зваротах грамадзян, недапушчальнасці валакіты ў гэтым аспекце акцэнтаваў увагу старшыня райвыканкама Мікалай Мароз на ліпеньскім пасяджэнні райвыканкама падчас разгляду пытання «Аб рабоце КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2021–2025 гады ў Ляхавіцкім раёне і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва».
Спрыяльнае асяроддзе і камфортнае жыллё
Начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Марына Завадская расказала пра рэалізацыю ў раёне дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе», якая мае шэсць падпраграм.
«Даступнасць паслуг» – адна з іх. За пяць месяцаў гэтага года ў адзіны абласны кантакт-цэнтр ад жыхароў Ляхавіччыны паступіла 470 прэтэнзій на аказанныя ЖКП, што на 132 звароты менш, чым за аналагічны мінулагодні перыяд. Тэмп росту аб’ёмаў аказання бытавых паслуг склаў 7,87 працэнта пры заданні 5 працэнтаў.
Асноўная задача падпраграмы «Добраўпарадкаванне» – павышэнне ўзроўню добраўпарадкаванасці райцэнтра, аграгарадкоў і вёсак. Сюды ўключаны капітальны рамонт і рэканструкцыя дваровых тэрыторый. Па словах дакладчыка, у бягучым годзе на падтрыманне і аднаўленне санітарнага і тэхнічнага стану прыдамавых тэрыторый шматкватэрных дамоў камунгасу выдаткавана 65 тысяч рублёў, ужо выканана работ на 23,8 тысячы рублёў.
Змяншэнне страт цеплавой энергіі ўласнай вытворчасці з 9,8 працэнта ў 2021 годзе да 9 працэнтаў у 2025 годзе – мэтавыя паказчыкі падпраграмы «Эфектыўнае цеплазабеспячэнне». Завершаны работы па будаўніцтве цепласетак у аграгарадку Навасёлкі, вядуцца будаўніча-мантажныя работы па аб’екце «рэканструкцыя ўчасткаў цеплавых сетак па вуліцах Дзесюкевіча, Мінскай, Першамайскай, 17 Верасня, Южакова ў Ляхавічах», заканчэнне работ запланавана на трэці квартал гэтага года.
Адзін з асноўных паказчыкаў рэалізацыі падпраграмы «Рамонт жылля» – капітальны рамонт жыллёвага фонду. Сёлета завершаны капрамонт дома № 7 па вуліцы Заводскай у Тухавічах, дома № 7 па гарадской вуліцы Чкалава. Вядуцца будаўніча-мантажныя работы ў межах капрамонту жылога дома № 6а па вуліцы Южакова ў райцэнтры.
Спажыўцы павінны атрымліваць пітную ваду належнай якасці, забяс-
печанасць насельніцтва цэнтралізаванымі вода- і каналізацыйнымі сістэмамі – важныя задачы падпраграмы «Чыстая вада». Сёлета на будаўніча-мантажныя работы сетак каналізацыі па вуліцах райцэнтра Дружнай, Радужнай, Спартыўнай, Ручэйнай, завулках Дружным і Радужным выдаткавана 434 тысячы рублёў, асвоена пакуль 109 тысяч рублёў. Распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва станцыі абязжалезвання ў вёсцы Галаўнінцы, акрамя таго, вядзецца распрацоўка ПКД на будаўніцтва станцый абязжалезвання ва Ураджайнай і Каранеўшчыне.
Адзін з мэтавых паказчыкаў падпраграмы «Мэта 99» – збор не менш за
1,5 тысячы тон другасных матэрыяльных рэсурсаў. Ляхавіцкая ЖКГ – адзін з двух раённых аператараў па зборы другаснай сыравіны. Дакладчык назвала наступныя лічбы: макулатуры нарыхтавана 23 працэнты ад паўгадавога задання, адходаў шкла – 27 працэнтаў, бытавой тэхнікі – 30 працэнтаў, зношаных шын – 62 працэнты, пластыку – 31,5 працэнта, адпрацаванага масла – 13 працэнтаў.
Кіраўнік раёна пацікавіўся, якую адзнаку заслугоўвае Ляхавіцкая ЖКГ за рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы. Марына Завадская ацаніла работу па кожнай з шасці падпраграм і сярэдні бал атрымаўся 3,7 па пяцібальнай сістэме. Як бачна, нават да моцнай чацвёркі яшчэ працаваць і працаваць. Прычым, тычыцца гэта, як падкрэсліў Мікалай Мароз, амаль кожнага падраздзялення камунгаса, а прыклад варта браць з работнікаў участка добраўпарадкавання, якія добрымі справамі вядомы не толькі ў Ляхавіцкім раёне, але і на Брэстчыне.
Сярод станоўчых момантаў у рабоце Ляхавіцкай ЖКГ дырэктар прадпрыемства Андрэй Чайкоўскі назваў той факт, што з 12 паказчыкаў Дзяржпраграмы выконваюцца 11 (за выключэннем збору другасных матэрыяльныых рэсурсаў). Кіраўнік камунгаса запэўніў, што ў кожным падраздзяленні будзе праведзена работа над памылкамі, каб працаваць больш вынікова і выпраўляць сітуацыю да лепшага.
Старшыня райвыканкама адной з асноўных праблем у рабоце жылкамунгаса назваў нізкую выканаўчую дысцыпліну, тычыцца гэта і кіраўніцтва падраздзяленняў, неэфектыўную работу планава-эканамічннай і бухгалтарскай службаў. Для выпраўлення становішча перш за ўсё варта ўзмацніць кантроль як з боку дырэкцыі Ляхавіцкай ЖКГ, так і курыруючых гэту службу аддзелаў райвыканкама.
Катэгарычным быў і намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк, які падкрэсліў, што за кожную падпраграму ў адказе перш за ўсё кіраўнік падраздзялення.
Старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч акцэнтаваў увагу камунальнай службы на павышэнні якасці выконваемых работ, патрабаваў больш істотнай актыўнасці падчас удзелу ў тэндэрах на правядзенне рамонтна-будаўнічых работ.
Звароты – індыкатар работыз насельніцтвам
Як адзначыў кіраўнік справамі райвыканкама Уладзімір Стыкуць, па-ранейшаму сацыяльна значныя пытанні, за вырашэннем якіх землякі звяртаюцца ў райвыканкам, тычацца менавіта жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Сёлета ў першым паўгоддзі зарэгістравана 55 тэматычных зваротаў (летась 66) – 45 працэнтаў ад агульнай колькасці. Што з’яўляецца чарговым пацвярджэннем, наколькі істотны жыллёва-камунальны аспект для жыхароў нашага раёна. Кіраўнік справамі райвыканкама нагадаў, што звароты патрабуюць вырашэння ў максімальна кароткія тэрміны, і ад таго, наколькі хутка яны разглядаюцца і якасна вырашаюцца, залежыць не толькі ўзровень камфорту грамадзян, але і адносіны насельніцтва да ўлады. Адзначана тэндэнцыя на змяншэнне заявак і пісьмовых прэтэнзій на неаказанне паслуг – з 1113 у мінулым годзе да 717 сёлета. Разам з тым, па-ранейшаму высокі працэнт выканання заявак з парушэннем тэрмінаў. Напрыклад, з 573 прэтэнзій, якія паступілі за студзень – чэрвень гэтага года 219 выкананы з парушэннямі тэрмінаў. Уладзімір Стыкуць паведаміў: падчас праведзенага маніторынгу і аналізу разгляду зваротаў устаноўлена, што не заўжды службовымі асобамі прадпрыемства прымаюцца меры для поўнага, усебаковага і аб’ектыўнага іх вырашэння. Акрамя таго, непрыняцце своечасовых і належных мер па ўхіленні ўзнікшых праблем, з якімі грамадзяне першапачаткова звяртаюцца ў камунгас, прыводзіць да іх зваротаў у вышэйшыя інстанцыі. Так, сёлета 10 чэрвеня ў райвыканкам пісьмова звярнулася ляхавічанка са скаргай на недапрацоўкі, якія засталіся пасля правядзення капітальнага рамонту дома № 21 па вуліцы Чкалава. Папярэдне заяўніца неаднойчы звярталася і ў жылкамунгас, і ў ПМК-13, але безвынікова. Толькі пасля звароту ў райвыканкам работнікі камунгаса і ПМК-13 пачалі праводзіць работу над памылкамі.
Яшчэ адзін прыклад невыканання сваіх абавязкаў і нерэагаванне на звароты жыхароў раёна. У студзені 2022 года на сходзе грамадзян у Тальмінавічах уздымалася пытанне аднаўлення і добраўпарадкавання тэрыторый вуліц пасля пракладкі водаправода. Адпаведнае даручэнне адрасавана кіраўніку Ляхавіцкай ЖКГ Андрэю Чайкоўскаму. 30 сакавіка камунгас інфармаваў, што дарожнае пакрыццё ў аграгарадку па вуліцы Леніна, дзе праводзіліся работы па пракладцы водаправода, адноўлена. Аднак, напрыканцы мая ад аграгараджан у райвыканкам паступіла абгрунтаваная электронная скарга, у якой просьба – у рэшце рэшт аднавіць асфальтавае пакрыццё, бо падчас дажджоў па вуліцах немагчыма ні прайсці, ні праехаць. Пытанне знаходзіцца на кантролі райвыкакама
да 29 ліпеня. Усяго на такім кантролі цяпер 29 зваротаў жыхароў раёна па пытаннях, звязаных з дзейнасцю ЖКГ. Кіраўнік справамі райвыканкама паведаміў, што за неналежную якасць выканаўчай дысцыпліны, валакіту, неаднаразовае зацягванне тэрмінаў пры разглядзе зваротаў грамадзян да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты пяць службовых асоб камунгаса. Таксама ўказвалася дырэктару Ляхавіцкай ЖКГ на неналежны разгляд праблем, што ўздымаюцца насельніцтвам.
Падводзячы вынікі пасяджэння, Мікалай Мароз сказаў, што работа ЖКГ будзе і далей трымацца на пастаянным кантролі раённай улады.
Галіна КАНЬКО.